Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, у афіцыйнай праграме візыту Ціханоўскай заплянаваныя яе сустрэчы з прэзыдэнтам Канстытуцыйнай рады Ляранам Фабіюсам, мэрам Парыжу і кандыдаткай у прэзыдэнты Францыі Ан Ідальго, старшынём Сэнату Жэрарам Ляршэ, старшынём камітэту замежных спраў Нацыянальнага сходу і старшынём Эўрапейскай дэмакратычнай партыі Франсуа Байру.
Ціханоўская мае абмеркаваць з палітыкамі арганізацыю канфэрэнцыі высокага ўзроўню датычна рашэньня крызісу ў Беларусі, а таксама ўдзелу дэмакратычных сіл Беларусі ў саміце Ўсходняга партнэрства, дапамогу грамадзянскай супольнасьці і міжнароднае расьсьледаваньне супраць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці.
«Пасьля сустрэч з Ангелай Мэркель, Джо Байдэнам і Барысам Джонсанам, Сьвятлана Ціханоўская прыбывае ў Парыж у гэтую сераду з двухдзённым візытам. Крыху больш за год маці сям’і, якая была вымушаная выехаць зь Беларусі пасьля таго, як кінула выклік Аляксандру Лукашэнку на выбарах, яна стала вядомай постацьцю на міжнароднай арэне. Са сталіцы Літвы, дзе знаходзіцца яе штаб-кватэра, яна ўвасабляе супраціў вусатаму дыктатару, які ўтрымлівае былую савецкую рэспубліку жалезнай рукою. Але, нягледзячы на шматлікіх прыхільнікаў, якіх яна змагла сабраць звонку, трэба прызнаць, што балянс сілаў зусім не на карысьць грамадзянскай супольнасьці, аслабленай рэпрэсіямі», — піша напярэдадні візыту Ціханоўскай францускае выданьне Le Figaro.
Францыя з 1 студзеня 2022 году будзе старшыняваць у Эўразьвязе.
- У верасьні 2020 г. Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў Вільні з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Асноўнай тэмай размовы была магчымасьць арганізацыі перамоваў на тэму правядзеньня новых выбараў прэзыдэнта Беларусі і магчымага пасярэдніцтва іншых краінаў, у тым ліку Францыі.