Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, які знаходзіцца ў Літве зь візытам і сустрэўся ў аўторак з былой кандыдаткай у прэзыдэнты Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай, спадзяецца на тое, што дзякуючы ўключэньню ў працэс АБСЭ ўдасца завязаць дыялёг паміж уладамі Беларусі і апазыцыяй, паведамляе ТАСС.
Пра гэта Макрон заявіў журналістам пасьля сустрэчы.
«Я вельмі паважаю і цаню яе (Ціханоўскую — Р.С.) адданасьць. Мы, эўрапейцы, зробім усё магчымае, каб дапамагчы, скарыстаемся пасярэдніцтвам Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, каб дамагчыся прагрэсу. Мы будзем дзейнічаць», — сказаў ён.
«У нас была вельмі добрая дыскусія, аднак цяпер мы павінны быць
прагматычнымі і падтрымаць беларускіх людзей. Мы зробім магчымае,
паверце», — заявіў, паволе Інтэрфаксу, прэзыдэнт Францыі.
Сьвятлана Ціханоўская, як перадае AFP, заявіла пасьля сустрэчы, што атрымала ад Эманюэля Макрона прапанову выступіць перад парлямэнтам Францыі і прыняла яе.