Адкрыцьцё XXXII Алімпійскіх гульняў пройдзе 23 ліпеня на Нацыянальным стадыёне Токіё. Усяго ў камандзе Беларусі 109 прадстаўнікоў у 20 відах спорту. Гэта найменшае прадстаўніцтва за ўсю гісторыю выступаў сувэрэннай Беларусі на Алімпіядах. 5 гадоў таму ў Рыё-дэ-Жанэйра выступалі 120 беларускіх алімпійцаў, а ў Пэкін-2008 паехалі 180 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алімпійскія дысыдэнты. Як будуць ужывацца між сабой у Токіё беларускія спартоўцы-антаганістыВыкананьне кваліфікацыйных нормаў адбывалася на фоне жорсткага падзелу паводле грамадзянскіх перакананьняў. Рознасьць поглядаў акрэсьлілася найперш у подпісах пад лістамі, якія сталі рэакцыяй на прэзыдэнцкую кампанію.
Першы — ад Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў з асуджэньнем гвалту сілавікоў, патрабаваньнямі сумленных выбараў і адстаўкі Лукашэнкі (яго падпісалі больш за 2100 чалавек). Другі — ад Міністэрства спорту з ухваленьнем палітыкі дзейнага кіраўніцтва, подпісы зьбіралі зь неабмежаваным выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу (прыкладна 5000).
Блізу паўсотні чальцоў зборнай тым самым прадэманстравалі, на чыім яны баку (астатнія паспрабавалі застацца «па-за палітыкай»). Такім чынам, за Лукашэнку і ягоную палітыку непрыманьня іншадумства — пад 40 алімпійцаў, за дэмакратычныя перамены — каля дзясятка. Некаторыя зь ліку апошніх пад ціскам чыноўнікаў подпісы адклікалі, іншых сьпешна выключылі са складу камандаў у відах спорту ці замянілі на ляяльных кандыдатаў.
«Ёсьць ліцэнзіі, да якіх трэба ўзважана падыходзіць. Не паедуць гэтыя людзі на Алімпіяду», — так яшчэ да агучваньня канчатковага складу аб’яднанай зборнай схарактарызаваў шэраг ліцэнзаваных алімпійцаў віцэ-прэзыдэнт НАК, шэф беларускай місіі ў Токіё Дзьмітры Даўгалёнак.
Хто з атлетаў пратэсту едзе ў Токіё
Вольга Мазуронак (маратон)
У канцы мінулага году Фонд спартовай салідарнасьці падтрымаў уганараваную лёгкаатлетку, чэмпіёнку Эўропы ў маратонскім бегу Вольгу Мазуронак (агулам дапамога рэпрэсаваным атлетам, паводле выканаўчага дырэктара Аляксандра Апейкіна, перавысіла 130 тысяч эўра).
Яна таксама стала ахвярай уласнай пазыцыі, якую наверсе палічылі «здрадай». Прыгразілі пазбавіць месца ў нацыянальнай камандзе, зьнялі прэзыдэнцкую стыпэндыю, адкамандзіравалі зь Мінспорту ў Мінабароны, а ўрэшце звольнілі і адтуль. «Кантрольным стрэлам» стала пазбаўленьне міжсэзоннага збору. У Турэччыну маратонка паехала за сродкі, сабраныя неабыякавымі людзьмі.
«Пасьля таго, як я падпісала ліст, на падрыхтоўку не далі ні рубля! Атэставалі ў закрытым рэжыме, нават без майго ўдзелу. Маё прозьвішча выкрасьліў асабіста міністар спорту Сяргей Кавальчук — пакрыўдзіўся, што назвала яго некампэтэнтным. Параілі ісьці на прыём і загладзіць сытуацыю. Як? Ён пазбавіў мяне прэзыдэнцкай стыпэндыі, якую я зарабіла катаржнай працай. Гэта нармальна?» — цытуе атлетку Фонд спартовай салідарнасьці.
У дуэце маратонцаў, якія будуць прадстаўляць Беларусь, склалася ўнікальная сытуацыя. Другая ўдзельніца забегаў на звышдоўгія дыстанцыі Ніна Савіна — падпісантка праўладнага ліста, яе матэрыяльная і фінансавая падрыхтоўка была забясьпечаная ў поўным аб’ёме. Неўзабаве будзе відаць, як розныя ўмовы паўплывалі на ступень гатовасьці ідэйных апанэнтак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Томас Бах пераабраны кіраўніком МАК яшчэ на 4 гады. Як мяняліся іх адносіны з ЛукашэнкамДар’я Барысевіч (бег на сярэднія дыстанцыі)
У лёгкаатлеткі Дар’і Барысевіч імянная ліцэнзія на Алімпійскія гульні. Але за «крамольны» подпіс адну з найлепшых стаерак краіны, прызэрку чэмпіянату сьвету мэтанакіравана шальмавалі, выехаць на замежныя зборы ўдалося толькі дзякуючы незалежнай падтрымцы.
Летась яна заваявала алімпійскую ліцэнзію на этапе Брыльянтавай лігі, але пасьля ліста, падпісанага разам з мужам-хадаком Дзьмітрыем Дзюбіным, пачаўся прэсінг. У выніку Дзьмітры ад подпісу адмовіўся, а Дар’я засталася пры сваіх перакананьнях. У канцы лістапада скончыўся яе кантракт у Памежным камітэце, аўтаматычна яна страціла і месца ў нацыянальнай камандзе. Але з улікам несумненных заслуг усё рэабілітавалі. Прынамсі на час Алімпіяды.
«Хоць я спартовец-інструктар органаў памежнай службы, мой непасрэдны абавязак — трэніравацца і выступаць на спаборніцтвах, што ўсе мінулыя гады і адбывалася. Але адзін подпіс перакрэсьліў усё. Пры гэтым, як мне здаецца, ціск на спартоўцаў, наадварот, яшчэ больш матываваў ісьці далей, змагацца да канца. Як вядома, любое дзеяньне спараджае супрацьдзеяньне. Да таго ж я люблю даводзіць любое сваё пачынаньне да канца», — адзначала Дар’я Барысевіч.
Яе муж Дзьмітры Дзюбін дзякуючы апэратыўнаму «пакаяньню» сур’ёзных санкцый пазьбег і таксама выпраўляецца ў Токіё.
Эльвіра Герман (бег з бар’ерамі)
Уладальніца кантынэнтальных і сусьветных тытулаў спачатку ў моладзевых катэгорыях, а цяпер і сярод дарослых, Эльвіра Герман зарэзэрвавала сабе месца сярод удзельнікаў Алімпійскіх гульняў год таму. І тым самым падпсавала пэрспэктывы другой вядомай бар’ерыстцы Аліне Талай, якой месца ў выніковым сьпісе НАК не знайшлося (быццам праз траўму).
Адрозна ад Аліны Талай, якая дагэтуль захоўвае маўчаньне адносна падзей у краіне, Эльвіру Герман фальсыфікацыя выбараў ды жорсткасьць сілавікоў абурылі.
«Я ганаруся тым, што на працягу апошніх гадоў маю магчымасьць прадстаўляць беларускі народ на міжнароднай арэне. Але ў мяне разрываецца сэрца ад таго, што я чытаю і чую ад затрыманых, ад тых, хто сядзеў на Акрэсьціна і ў Жодзіне. Мне страшна за людзей; страшна за спартоўцаў, якія траплялі ў рукі сілавікоў. Я патрабую спыніць гвалт і сумленна палічыць галасы кожнага! Разам мы — сіла!», — напісала Эльвіра Герман у дні жнівеньскага супрацьстаяньня.
Лёгкаатлетка аказалася ў першай абойме тых, хто падпісаў ліст супраць беззаконьня. А калі пачаўся шантаж з боку функцыянэраў, заявіла, што гатовая выступаць за іншую краіну, калі ад яе будуць патрабаваць памяняць пазыцыю. Толькі тады дзяўчыну пакінулі ў спакоі. Тым больш на Токіё-2020 яна фігуруе як «мэдалёвае спадзяваньне» Мінспорту.
Дзьмітры Асанаў (бокс)
Кваліфікацыю на Алімпійскія гульні ў катэгорыі да 63 кг Дзьмітры Асанаў прысьвяціў Аляксандру Івуліну — арыштаванаму на 30 сутак журналісту парталу «Трыбуна» і форварду футбольнага клюбу «Крумкачы» (топавы баец быў госьцем папулярнага івулінскага YouTube-каналу «ЧестнОК»).
Бадай, самага пэрспэктыўнага баксэра ў лёгкай вагавай катэгорыі неаднаразова нахвальваў Аляксандар Лукашэнка, асабіста ўручаў яму пасьведчаньне заслужанага майстра спорту. Аднак усё зьмянілася пасьля леташніх пратэстаў, калі той апынуўся ў ліку «спартовых экстрэмістаў» — імя баксэра стаіць другім пасьля дзесяціборца Андрэя Краўчанкі пад адкрытым лістом з патрабаваньнямі да ўлады.
«Я ў добрай форме, вельмі хацеў дэбютаваць сярод прафэсіяналаў. Пакуль не атрымаецца — Мінспорту і Фэдэрацыя боксу не далі дабро на мой удзел у турніры. За пасты, дзе я казаў пра сытуацыю ў краіне, паступалі папрокі зьверху. Пры гэтым прад’яўлялі не прама мне, а майму бацьку-трэнэру. Я ня супраць выказаць сваю думку і паслухаць вашу. Але чыноўнікі зноў уключылі ідэалягічныя рычагі і вырашылі па-свойму», — казаў Дзьмітры.
Мінулым летам Дзьмітрыя Асанава прызналі пераможцам конкурсу «Найлепшы ў боксе», які ладзіць Міжнародная асацыяцыя боксу. Беларус стаў першым у катэгорыі «Эліта».
Яўген Цуркін (плаваньне)
Прозьвішча плыўца Яўгена Цуркіна — чэмпіёна Эўропы, прызэра чэмпіянату сьвету, удзельніка Алімпійскіх гульняў 2012 і 2016 гадоў — зьявілася пад лістом спартоўцаў за свабодныя выбары ў ліку апошніх. Зрабіў ён гэта толькі на пачатку чэрвеня. Прычына — боязь за сямʼю.
Ягоная жонка — двухразовая віцэ-чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў у плаваньні, кіраўніца Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Герасіменя. Летась з прычыны прэсінгу з малой дачкой зьехала ў Літву. А сёлета ў красавіку Сьледчы камітэт абвясьціў яе ў вышук разам з заснавальнікам гандбольнага клюбу «Віцязь» Аляксандрам Апейкіным. Іх абвінавачваюць «у закліках да ўчыненьня дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі з выкарыстаньнем інтэрнэту і СМІ» (ч. 3 арт. 361 КК).
«Я спрабаваў ахаваць жонку, мінімізаваць магчымыя наступствы, — тлумачыў спартовец. — Яна дзяўчына са сваёй думкай, за гэта ня мілуюць ва ўладзе. Прасіў ня лезьці на ражон, хоць разумеў, што выступае за правільныя рэчы. Падкрэсьлю: перажываў не за сваю карʼеру, а за Сашу... Калі шчыра, не жадаў бы сваёй сямʼі жыць у краіне, дзе страшна выйсьці на вуліцу, бо нейкія цьмяныя асобы могуць схапіць і зьвезьці ў невядомым кірунку. А вось Беларусь будучыні — справа іншая».
Паводле Яўгена Цуркіна, падчас падпісаньня кантракту яму даслалі дадатковае пагадненьне, дзе адзін з пунктаў забараняў выказвацца ў СМІ без узгадненьня з працадаўцам. Плывец адказаў, што гэта парушае 33-ы артыкул Канстытуцыі, і адмовіўся ставіць подпіс. Няма гарантыі, што пасьля вяртаньня з Токіё ягоны спартовы лёс воляй начальства ня зьменіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі абвясьцілі ў вышук кіраўнікоў Фонду спартовай салідарнасьці Герасіменю і АпейкінаКарына Казлоўская (стральба з луку)
Спартоўка-інструктарка нацыянальнай каманды ў стральбе з луку Карына Казлоўская — адна з самых маладых падпісантак ліста супраць дзеяньняў беларускіх уладаў. Ёй усяго 20 гадоў, а яна ўжо працяглы час у складзе алімпійскай каманды беларускіх лучніц.
Спартовы шлях дзяўчыны толькі пачынаецца, але мае вялікія пэрспэктывы. Пазалетась яна прадстаўляла Беларусь на ІІ Эўрапейскіх гульнях у Менску, заваяваўшы срэбны мэдаль у складзе жаночай каманды. У той жа год на Сусьветных вайсковых гульнях у кітайскім Ухані выйграла залатую ўзнагароду.
Пры гэтым яна не зацыкліваецца выключна на спорце, цьвяроза ацэньваючы сытуацыю ў краіне. Акрамя згаданага ліста спартоўцаў, Карына Казлоўская разам з плыўчыхай Аляксандрай Герасіменяй, штурхальніцай ядра Надзеяй Астапчук і шматборцам Андрэем Краўчанкам падпісала Мэмарандум у абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі .
Яе прозьвішча значыцца на паездку ў Токіё. Вытрымаўшы прэсінг чыноўнікаў, у пэўным сэнсе загартавала сябе перад выпрабаваньнем першай у жыцьці Алімпіядай.
Марыя Жодзік (скачкі ў вышыню)
Ужо пасьля агучваньня папярэдняга сьпісу кандыдатаў на паездку здолела адабрацца на Алімпіяду па выніках чэмпіянату Беларусі выхаванка Баранавіцкай школы алімпійскага рэзэрву № 2, скакуха ў вышыню Марыя Жодзік.
Пасьля таго, як НАК зацьвердзіў яе ў складзе дэлегацыі звыш першапачатковага ліміту, у многіх аматараў лёгкай атлетыкі зьявілася яшчэ адна нагода сачыць за спаборніцтвамі — 22-гадовая Марыя Жодзік стала яшчэ адной прадстаўніцай Беларусі з подпісам за сумленныя выбары ў актыве.
Спробы націснуць на маладую спартоўку плёну не далі і цяпер ідэйным антаганістам давядзецца адзін да аднаго прыстасоўвацца.
Адметна, што капітанам нацыянальнай зборнай Беларусі абраны кідальнік молата і старшыня Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан. На наступны дзень пасьля цырымоні адкрыцьця летніх Гульняў-2020 яму споўніцца 45 гадоў. Ён зацяты апалягет рэжыму, быў сярод нешматлікіх сьведкаў тайнай інаўгурацыі Лукашэнкі.
А цяпер пра тых, каго дыскваліфікавалі, нягледзячы на заваяваныя алімпійскія ліцэнзіі, наяўныя краінавыя квоты ды высокія пэрсанальныя вынікі па ходу сэзону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства спорту прапанавала абавязаць атлетаў мець на спаборніцтвах толькі дзяржаўныя сымбаліХто з атлетаў пратэсту ня едзе ў Токіё
Мікалай Стадуб (барацьба грэка-рымскага стылю)
Найбольш закручаны сюжэт у справе Мікалая Стадуба. Алімпійскую ліцэнзію той здабыў яшчэ ў 2019 годзе, трапіўшы ў пяцёрку на чэмпіянаце сьвету ў катэгорыі да 87 кг. Аднак настаў драматычны 2020-ы, атлет не застаўся абыякавым і асудзіў гвалт сілавікоў. У выніку яму ў 10 разоў урэзалі алімпійскую стыпэндыю і прыгразілі дыскваліфікацыяй.
«Адразу ж папярэдзілі: мая пазыцыя можа паўплываць на далейшую кар’еру. Маўляў, калі не адклічу подпіс, апынуся па-за зборнай. Безумоўна, адпаведна спартовым заслугам я не павінен застацца без стыпэндыі, але на гэта пачуў толькі адно: „Супакойся і маўчы. Тады будзем размаўляць“. Аднак, нават калі праз грамадзянскую пазыцыю паўсталі фінансавыя праблемы, сваёй думкі я не памяняю», — казаў Мікалай Стадуб у інтэрвію спартоваму парталу «Трыбуна».
Ад Беларусі ў Токіё едзе вялікая група дужаньнікаў розных стыляў — мужчын і жанчын. І толькі адзін не ўпісаўся ідэалягічна — Мікалай Стадуб. Яго замянілі «правільным падпісантам»: восьмым стаў Кірыл Маскевіч.
Як і ён, праўладны ліст таксама падпісалі Алі Шабанаў, Магамэдхабіб Кадымагамэдаў, Ірына Курачкіна і адна з натхняльніц праўладнага звароту Васіліса Марзалюк. А яшчэ трое «нэўтральных»: Ванэса Каладзінская, Аляксандар Гуштын, Дзяніс Храмянкоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фінансавыя і рэпутацыйныя страты істотныя». Былы чыноўнік Мінспорту Беларусі пра санкцыі МАКВольга Сафронава (конны спорт)
Нягледзячы на тры гарантаваныя месцы, беларускі конны спорт у Японіі прадставяць толькі трохборцы — Аляксандар Зелянко і Аляксандар Фамінаў. Жаночай выездкі ня будзе з тэхнічных прычын — «зарэзаную квоту» чыноўнікі тлумачаць менавіта так.
Для майстрыні выездкі Вольгі Сафронавай вырашальнай аказалася грамадзянская пазыцыя. Летась у жніўні спартоўка стала чэмпіёнкай Беларусі, а неўзабаве падпісала ліст за свабодныя выбары. Сьледам прыляцела пагроза адлічыць са зборнай, хоць у апошні момант кантракт усё ж працягнулі — наезьніца ўтрымлівае каня сваім коштам, чым моцна спрыяе бюджэту Мінспорту.
«Для мяне былі важныя пункты, якія тычыліся гвалту і пакараньня вінаватых. Сёньня нельга быць па-за палітыкай, проста ня маем права заставацца ўбаку. Як прайсьці міма тых жа рэпрэсіі? Таму я падпісала зварот. Не выпадае ставіць на адну шалю працу і тое, што адбываецца. Мы павінны зьмяніць жыцьцё калі не для сябе, дык хоць бы дзеля сваіх дзяцей, унукаў, пакінуць ім добры сьлед у гісторыі», — тлумачыла сваё рашэньне коньніца.
Выпадкова ці не, але незадоўга да Алімпіяды праблемы ўзьніклі і ў Сандра дэ Амура, каня Вольгі Сафронавай. У Беларусі ён не прайшоў кантроль вэтэрынарнай камісіі, а без дазволу ляцець на спаборніцтвы нельга. Была магчымасьць абсьледавацца за мяжой, аднак вынікі праверкі прыйшлі занадта позна, каб запускаць альтэрнатыўны варыянт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страціў 11 кг, губляў прытомнасьць: алімпіец Краўчанка скончыў галадоўку на знак салідарнасьці з палітвязьняміАндрэй Краўчанка (лёгкаатлетычнае дзесяцібор’е)
Алімпійскі прызэр Андрэй Краўчанка — першы падпісант ліста свабодных спартоўцаў. Да таго 15 гадоў служыў у структуры КДБ, меў званьне маёра. Пасьля жнівеньскіх падзей напісаў рапарт на звальненьне, страціўшы адначасова заробак, выслугу і месца ў нацыянальнай камандзе.
Пры гэтым ён не заяўляў пра завяршэньне карʼеры: працягваў трэніравацца, а Фонд спартыўнай салідарнасьці спрыяў дабрачынным зборам сродкаў. Аднак праз блякаду з боку Мінспорту дзесяціборац ня змог удзельнічаць у адборачных турнірах да Алімпійскіх гульняў.
«Маё прасьвятленьне здарылася яшчэ да выбараў. Калі пачаліся масавыя фальсыфікацыі, з вокнаў выскоквалі зь бюлетэнямі; калі пачалі хапаць Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага. Я зразумеў: гэта самы сапраўдны падман людзей, таму маўчаць ня буду. Для сябе бачыў два варыянты: або адстойваеш сваю пазыцыю, або, як некаторыя калегі, сядзіш і чакаеш, куды вецер падзьме. Апошні варыянт не для мяне», — казаў тытуляваны атлет.
Летась 8 лістапада Андрэя Краўчанку затрымалі разам з кікбаксэрам, удзельнікам Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў Іванам Ганіным. І хоць у той дзень яны ня ўдзельнічалі ў маршы, абодвух асудзілі на 10 сутак арышту за «несанкцыянаванае мерапрыемства», а пасьля зьдзекваліся ў Жодзінскім ізалятары.
У канцы красавіка Андрэй Краўчанка абвясьціў галадоўку салідарнасьці са зьняволеным кансультантам Радыё Свабода Ігарам Лосікам ды іншымі палітвязьнямі.
Дзьмітры Шэршань (дзюдо)
Удзельнік Алімпіяды-2016, прызэр чэмпіянатаў Эўропы Дзьмітры Шэршань трапіў пад прэс разам са сваім сябрам Аляксандрам Вахавяком — толькі за тое, што акрэсьлілі грамадзянскую пазыцыю, падпісаўшы ліст свабодных спартоўцаў. Сьледам іх партрэты зьніклі з «Залі славы» на сайце Беларускай фэдэрацыі барацьбы.
Дзьмітрыя Шэршаня пазбавілі месца ў зборнай, адкамандзіравалі на службу ў памежныя войскі, адкуль ён сышоў летась у кастрычніку. Атлет працягнуў самастойна рыхтавацца да адборачных турніраў. Зрэшты, праз каранавірус і адмену шэрагу спаборніцтваў ня здолеў трапіць на чэмпіянат сьвету і, як вынік, не набраў неабходную колькасьць рэйтынгавых ачкоў.
«Я супастаўляў тое, што мог мець, не падпісаўшы ліст, з тым, што страціў, узважваў плюсы і мінусы. Так, у матэрыяльным пляне стала цяжэй. Але самае галоўнае, што я ў ладах са сваім сумленьнем. Цяпер трэба ступіць на скрыжаваньне, зразумець, як утрымліваць сямʼю, чым займацца. З зоны камфорту выйшаў, але, як той казаў, адны дзьверы зачыніліся, затое адчыніліся іншыя. Рукі-ногі ёсьць, працу знайду», — перакананы ён.
Калі старшы лейтэнант памежных войскаў пакідаў камітэт, яму выставілі кампэнсацыю за неадпрацаваны кантракт, які незадоўга да таго якраз перападпісаў на пяць гадоў, — амаль 8 тысяч рублёў. Акрамя таго, ён страціў магчымасьць атрымаць ільготную кватэру.
Ягоны сябра і аднадумца Аляксандар Вахавяк у Токіё таксама не паедзе. Затое ня так даўно яны разам сустракалі пасьля 15-дзённай адседкі галоўнага трэнэра гандбольнага клюбу «Віцязь» і актывіста ініцыятывы SOS_BY Канстанціна Якаўлева.
Сьвятлана Кудзеліч (стаерскі бег)
Лёгкаатлетка Сьвятлана Кудзеліч брала ўдзел у Алімпіядах 2012 і 2016 гадоў, маючы ўсе шанцы адабрацца ў зборную і сёлета. Аднак пасьля рэакцыі на пасьлявыбарныя падзеі яе выключылі са сьпісачнага складу каманды і звольнілі з працы, пакінуўшы без крыніцы даходаў і, як вынік, магчымасьці рыхтавацца да стартаў.
Да леташняга верасьня яна працавала ў Міністэрстве надзвычайных сытуацый на пасадзе інспэктара прафэсійнай падрыхтоўкі. Падчас пратэстаў падпісала адкрыты ліст з асуджэньнем гвалту і патрабаваньнем новых прэзыдэнцкіх выбараў. Пад рэпрэсіі рэжыму трапіў і муж бягухі, яе трэнэр Ігар Жаваранак, якому таксама не працягнулі кантракт.
«Быць закладнікам і баяцца, як раней у СССР, мець нейкую думку і абмяркоўваць яго на кухні, — я гэта не выбіраю. Разумела, якія будуць наступствы, у мяне было шмат шанцаў забраць свой подпіс. Але на гэта не пайшла. Я за краіну бегла і з траўмамі, і нават зь пераломамі ног. І вось атрымала „падзяку“. Мінспорту не патрэбныя рэкардсмэны і прафэсіяналы. Ім патрэбныя рабы», — казала Сьвятлана Кудзеліч у інтэрвію Свабодзе.
З індывідуальнай падрыхтоўкай лёгкаатлетцы паспрыяў Фонд спартовай салідарнасьці — дзякуючы збору сродкаў паўгода правяла ў міжнародным кэмпе ў Кеніі. Аднак праз пандэмію шэраг адборачных турніраў скасавалі, мара трапіць у Токіё пад нэўтральным сьцягам не рэалізавалася. Зрэшты, спартоўка не капітулявала і рыхтуецца да Алімпіяды-2024.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абсалютная крывадушнасьць — жыць у краіне і нічога не зрабіць для перамен», — чэмпіёнка сьвету і Эўропы Марына АрзамасаваМарына Арзамасава (бег на сярэднія дыстанцыі)
Прыклад бягухі Марыны Арзамасавай паказвае, чым заканчваецца спроба «пераабуцца на хаду» пад ціскам начальства. Чэмпіёнка сьвету ў бегу на 800 мэтраў летась у жніўні падпісала ліст супраць гвалту і фальсыфікацый. Тое, што адбылося ў краіне, стала для яе «пунктам невяртаньня». Але, як аказалася, не канчатковым.
«Гэта адказны крок, зразумела, якія могуць быць наступствы, — прызнавалася яна Свабодзе. — Хоць і абсурд, што ў ХХІ стагодзьдзі нельга выказаць сваю думку. Зрэшты, да ўсяго гатовая — ад звальненьня да выключэньня са зборнай. Няважна, бо абсалютная крывадушнасьць жыць у краіне, праслаўляць яе і нічога не зрабіць для перамен. Ніякая праца ня вартая маўчаньня. Гэта самападман, хлусіш толькі сабе. Унутры ўсё бурліць, кіпіць, а ня можаш сказаць — хіба дома на кухні. Годзе!».
Неўзабаве адбылася сустрэча лёгкаатлетаў з намесьнікам міністра спорту і турызму Аляксандрам Баравулем. Пасьля гэтага Марына Арзамасава заявіла, што перастае публічна камэнтаваць тое, што адбываецца ў краіне. А пазьней адклікала свой подпіс з-пад ліста спартоўцаў. Патлумачыла, што «стамілася нэрвавацца, баяцца і перажываць».
Зрэшты, пакаяньне ні да чога не прывяло: 19 лістапада 2020 году яна пазбавілася працы ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі. Як вынік, прыпыніла прафэсійную карʼеру — у тым ліку праз ранейшыя абвінавачаньні ва ўжываньні допінгу.
Аляксандар і Віктар Лукашэнкі
Летась у сьнежні Міжнародны алімпійскі камітэт на чале з прэзыдэнтам арганізацыі Томасам Бахам увёў санкцыі супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Падставай — дыскрымінацыя атлетаў паводле іх грамадзянскай пазыцыі.
12 чальцоў выканкаму НАК, уключна з Аляксандрам і Віктарам Лукашэнкамі, адхіленыя ад усіх дзеяў пад эгідай арганізацыі, перамовы зь беларускім бокам наконт будучых спаборніцтваў згарнулі, да таго ж перапынілі фінансаваньне НАК. Лукашэнка-старэйшы прыгразіў, што падасьць у суд на «банду Баха», аднак да рэалізацыі так і не дайшло.
У канцы лютага ў Нацыянальным алімпійскім камітэце ўпершыню за 24 гады зьмяніўся прэзыдэнт: месца Аляксандра Лукашэнкі заняў ягоны старэйшы сын Віктар. Аднак МАК не зразумеў такой ракіроўкі і не прызнаў Лукашэнку-малодшага легітымным кіраўніком, забараніўшы яму наведваць Алімпійскія гульні ды іншыя значныя спаборніцтвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт не прызнаў Віктара Лукашэнку старшынём НАК БеларусіАдкрыцьцё XXXII Алімпійскіх гульняў пройдзе 23 ліпеня на Нацыянальным стадыёне Токіё. Згодна з графікам Міжнароднага алімпійскага камітэту, спаборніцтвы мусілі адбыцца яшчэ летась, аднак праз эпідэмічную сытуацыю форум адтэрмінавалі на год. Сьледам за асноўнымі стартамі, якія завершацца 8 жніўня, распачнецца Паралімпіяда: стартуе 24 жніўня і фінішуе 5 верасьня.