Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскія дысыдэнты. Як будуць ужывацца між сабой у Токіё беларускія спартоўцы-антаганісты


Адна з найлепшых маратонак сьвету Вольга Мазуронак заваявала алімпійскую ліцэнзію і падпісала ліст спартоўцаў супраць гвалту і за новыя выбары. Ці ўключаць яе ў склад алімпійскай каманды Беларусі?
Адна з найлепшых маратонак сьвету Вольга Мазуронак заваявала алімпійскую ліцэнзію і падпісала ліст спартоўцаў супраць гвалту і за новыя выбары. Ці ўключаць яе ў склад алімпійскай каманды Беларусі?

23 ліпеня на Нацыянальным стадыёне Токіё адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё XXXII Алімпійскіх гульняў. Беларусь рызыкуе паслаць на Гульні найменшую ў сувэрэннай гісторыі каманду, да таго ж падзеленую ідэалягічна.

Экскурс Свабоды ў Алімпіяду, перанесеную на год

На 70-тысячнай арэне ў Токіё за цырымоніяй будуць назіраць ня болей за 20 тысяч гледачоў — перадусім японскія аматары спорту і тэхнічны пэрсанал. Праз антыковідныя захады іншаземцаў на трыбуны не дапусьцяць.

Згодна з графікам Міжнароднага алімпійскага камітэту, спаборніцтвы павінны былі адбыцца яшчэ летась, аднак праз складаную эпідэміялягічную сытуацыю спартовы форум адтэрмінавалі на год. Сьледам за асноўнымі стартамі, якія завершацца 8 жніўня, распачнецца Паралімпіяда — яна стартуе 24 жніўня і фінішуе 5 верасьня.

Алімпійскі стадыён у Токіё
Алімпійскі стадыён у Токіё

Каранавірусны форс-мажор падвысіў агульныя выдаткі на падрыхтоўку інфраструктуры амаль да 17 мільярдаў даляраў, хоць адпачатку сума плянавалася ўтрая меншая, а папярэднія Гульні-2016 у Рыё-дэ-Жанэйра наогул абышліся арганізатарам у сьціплыя 3,5 мільярда. Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, толькі траціна японцаў ухваляе «пір падчас чумы», а апанэнты ўраду да апошняга заклікаюць адмяніць «рызыкоўную імпрэзу».

Лукашэнкі-ізгоі: «забаненыя» босы алімпійскага камітэту

Шлях Беларусі на Алімпіяду суправаджаўся гучнымі скандаламі. Летась у сьнежні Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) ужыў санкцыйныя захады супраць кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэту на чале зь яго кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам. Падставай сталі факты дыскрымінацыі шэрагу атлетаў паводле іх грамадзянскай пазыцыі.

Аляксандар Лукашэнка і Віктар Лукашэнка (справа) на Алімпійскім сходзе, 26 лютага 2021
Аляксандар Лукашэнка і Віктар Лукашэнка (справа) на Алімпійскім сходзе, 26 лютага 2021

Неўзабаве пасьля мінулагодніх прэзыдэнцкіх выбараў і наступных акцый пратэсту зьявіўся адкрыты ліст спартоўцаў з асуджэньнем фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня і беспадстаўнага гвалту сілавікоў — на гэты момант пад сьпісам патрабаваньняў больш за 2000 падпісантаў.

Неадкладна пачалася «зачыстка». Да незадаволеных прыяжджалі прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму, пагрозамі і шантажом патрабавалі адклікаць подпісы. Калі гэта не дапамагло, у ход пайшлі скасаваньні кантрактаў, спыненьне фінансаваньня, звальненьні.

У адказ на рэпрэсіі МАК адхіліў 12 чальцоў выканкаму НАК Беларусі, уключна з Аляксандрам і Віктарам Лукашэнкамі, ад усіх дзеяў пад эгідай арганізацыі, а таксама спыніў любыя перамовы зь беларускім бокам наконт будучых спаборніцтваў і паставіў на паўзу фінансаваньне НАК.

З улікам вонкавай блякады ў канцы лютага ў Нацыянальным алімпійскім камітэце ўпершыню за 24 гады зьмяніўся прэзыдэнт.

Скліканы сход замест Аляксандра Лукашэнкі выбраў ягонага старэйшага сына Віктара, колішняга памочніка бацькі ў пытаньнях бясьпекі. Аднак МАК не зразумеў такой ратацыі і не прызнаў Лукашэнку-малодшага легітымным кіраўніком, забараніўшы яму наведваць Алімпійскія гульні ды іншыя знакавыя спаборніцтвы. Гэта адзіная ў сваім родзе забарона — больш ніводзін нацыянальны камітэт у сьвеце такога «праклёну» на сабе не нясе.

Даўгалёнак-«місіянэр»: вазіць «турыстаў» няма неабходнасьці

Шэфам беларускай місіі на Алімпіядзе-2020 прызначаны Дзьмітры Даўгалёнак — у мінулым вясьляр, алімпійскі чэмпіён і чэмпіён сьвету. У гэтай ролі ён замяніў першага намесьніка міністра спорту і турызму Вячаслава Дурнова. Апошняга міжнародныя інстытуты разам зь іншымі кіраўнікамі ведамства падазраюць у дыскрымінацыі атлетаў, чые палітычныя погляды не даспадобы ўладам.

Пры гэтым і Дзьмітры Даўгалёнак наўпрост даў зразумець, што ня ўсе ўладальнікі алімпійскіх ліцэнзій змогуць пакаваць валізкі на Токіё. Праўда, не ўдакладніў, зь якіх прычынаў — палітычнай ангажаванасьці ці мэдалёвых пэрспэктываў. На яго думку, цалкам дастаткова, калі беларуская прысутнасьць будзе вагацца ў межах «баявой сотні», а вазіць «турыстаў» няма ніякай патрэбы. Дарэчы, сёлета «ўзнагароднага плянаваньня» няма, віды на п’едэстал стрыманыя.

Аднак калі раптам высьветліцца, што «сэгрэгацыя» ўсё ж грунтуецца на адсутнасьці ляяльнасьці да ўладаў, дык НАК Беларусі чакаюць больш жорсткія захады — адлучэньне ад алімпійскага руху. Гэта будзе азначаць, што беларускія атлеты ня змогуць выступаць на Алімпіядзе нацыянальнай камандай пад афіцыйным сьцягам Беларусі. Прыкладна тое, што цяпер мае зборная Расеі — праўда, у тым выпадку кара наступіла за ўдзел дзяржавы ў пакрываньні сыстэмы допінгу ў спорце на ўсіх узроўнях. Зрэшты, з улікам абмежаванага часу гэта наўрад ці адбудзецца.

Яшчэ адносна пашчасьціла, што не давядзецца ламаць галаву над цяжкавырашальнай лягістычнай праблемай. Хоць у выніку авіяцыйных санкцый Японія таксама забараніла беларускім самалётам лятаць над сваёй тэрыторыяй, гэта не замінае дэлегацыі краіны-ізгоя даляцець іншымі кампаніямі. На Захад трапіць было б нашмат цяжэй.

Пакуль не агучваліся прызавыя за перамогу ці пападаньне на п’едэстал. У ранейшых цыклях тры першыя месцы ацэньваліся наступным чынам: 150 тысяч, 75 тысяч і 50 тысяч даляраў у эквіваленце.

Самсонаў-вэтэран: апошні шанец для алімпійцаў 40+

23 чэрвеня, за месяц да стартаў у Токіё, Нацыянальны алімпійскі камітэт адсправаздачыўся, што кваліфікацыйныя патрабаваньні для ўдзелу ў Гульнях выканалі 96 беларусаў у 21 відзе спорту (сьпіс ТУТ). Пры гэтым адбор у асобных дысцыплінах яшчэ працягваецца — ёсьць шанцы ў пляжным валейболе, скачках у ваду, лёгкай атлетыцы. Канчатковую колькасьць ліцэнзій агучаць 30 чэрвеня. Дагэтуль найменшая колькасьць атлетаў прадстаўляла Беларусі на летняй Алімпіядзе 2016 году — 120.

Сярод сёлетніх ліцэнзіянтаў найбольшае прадстаўніцтва забясьпечваюць лёгкаатлеты — 21 удзельнік. Затым ідуць весьляры акадэмічныя і на байдарках і каноэ (агулам 17), дужаньнікі ў розных стылях (11), плыўцы (9), гімнастыка мастацкая і спартыўная (разам 9) і далей з убываньнем.

У гэтым пераліку даволі шмат тытулаваных спартоўцаў. У адпаведнасьці з рэйтынгам імянныя ліцэнзіі атрымалі тэнісісткі Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка. Адзіным прадстаўніком у настольным тэнісе ад Беларусі будзе «вэтэран» пінг-понгу Ўладзімер Самсонаў. Для 45-гадовага майстра малой ракеткі гэта ўжо сёмая Алімпіяда ў кар’еры, найлепшага выніку ён дабіўся на папярэдніх гульнях у Рыё-дэ-Жанэйра, дзе заняў чацьвёртае месца.

Іван Ціхан на Алімпіядзе ў Рыё ў 2016 годзе
Іван Ціхан на Алімпіядзе ў Рыё ў 2016 годзе

Кідальнік молата Іван Ціхан таксама стане адным з самых узроставых спартоўцаў сёлетняй Алімпіяды — назаўтра пасьля цырымоніі адкрыцьця яму споўніцца 45. Пасьля інцыдэнту з калегам Вадзімам Дзевятоўскім, які атрымаў нэрвовы зрыў у выніку спробы самагубства старэйшага брата, менавіта Ціхан замяніў яго на пасадзе кіраўніка Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі.

У гэты ж шэраг можна аднесьці і 42-гадовую прадстаўніцу паруснага спорту Тацяну Драздоўскую — яна малодшая сястра кіраўніка Офіса па правах людзей з інваліднасьцю Сяргея Драздоўскага, які цяпер пад хатнім арыштам.

Алімпіяда ў Токіё завершыцца 8 жніўня — акурат напярэдадні гадавіны падзеяў, якія зьмянілі гісторыю Беларусі. Як і ўсё грамадзтва, спартоўцы падзяліліся на прыхільнікаў пераменаў і апалягетаў рэжыму. Узьнікае лягічнае пытаньне: як яны будуць ужывацца ня толькі ў адной алімпійскай вёсцы, а ў адным пакоі?

Кудзеліч-мінус: каму на карысьць палітычны антураж

Сярод першых падпісантаў ліста Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў быў Дзьмітры Асанаў. Тая пазыцыя не дала яму правесьці паядынак на прафэсійным рынгу, каб разьлічваць на працяг кар’еры ў гэтым кірунку — не далі дазволу Міністэрства спорту і Фэдэрацыя боксу. Тым ня меней, днямі ён заваяваў адну з трох алімпійскіх ліцэнзій для каманды баксёраў.

А вось Яўген Цуркін, муж «датычнай да тэрарызму» алімпійскай прызэркі Аляксандры Герасімені, паставіў свой подпіс пад лістом у ліку апошніх, сёлета ў чэрвені. На дзіва, пакуль што значыцца ў складзе нацыянальнай каманды.

Асудзілі фальшывыя выбары і гвалт маратонка Вольга Мазуронак і бар’ерыстка Эліна Герман. Да апошняга не было пэўнасьці адносна іх фінансаваньня, але ў пратаколе з квітком да Токіё яны ўсё ж значацца. Як і стаерка Дарʼя Барысевіч. Яшчэ летась яна заваявала ліцэнзію, але пасьля ліста, падпісанага разам з мужам-хадаком Дзьмітрыем Дзюбіным, пачаўся прэсінг. У выніку мужчына ад подпісу адмовіўся, такім чынам заслупаваўшы месца ў камандзе, а спартоўка на шантаж не павялася. Пакуль што яна сярод кандыдатаў на паездку, але пытаньне, ці застанецца ў выніковым варыянце.

Пад ціскам розных ведамстваў адклікала свой подпіс лёгкаатлетка Марыя Арзамасава, але праз допінгавыя абмежаваньні сёлетняя Алімпіяда ёй была закрытая. А вось адзін з самых уганараваных дзесяціборцаў, алімпійскі прызэр Андрэй Краўчанка сам звольніўся са службы ў КДБ, адседзеў 10 сутак за «несанкцыянаваную акцыю» і, не паддаўшыся на шантаж чыноўнікаў, завяршыў кар’еру. Адрозна ад бягуньні Сьвятланы Кудзеліч, якую са складу зборнай катэгарычна выкрасьлілі, фактычна выкінуўшы за борт. Насуперак абставінам, яна пачала рыхтавацца да Алімпіяды-2024.

Усьлед за патрабаваньнямі спартоўцаў да ўладаў Міністэрства спорту і турызму ініцыявала свой ідэалягічны контраліст, пад якім прымушала падпісвацца прыхільнікаў дзейнага рэжыму. Зрэшты, многія рабілі гэта добраахвотна і сваёй пазыцыі не хавалі.

Той жа Іван Ціхан, хоць і нешматслоўны па натуры, актыўна агітаваў за Лукашэнку ў перадвыбарную кампанію, а затым суправаджаў яго падчас візыту ў Горадню, дзе тады яшчэ кіраўнік НАК прасіў малатабойца «ня здраджваць, як іншыя» (меўся на ўвазе Вадзім Дзевятоўскі, які на эмоцыях напісаў у сацсетках, што Лукашэнка — не ягоны прэзыдэнт).

Скакун у вышыню Максім Недасекаў — сталы ўдзельнік прапагандысцкіх імпрэзаў, адзін з гасьцей верасьнёўскай «таемнай інаўгурацыі». Зрэшты, у часе дыскусіі з пратэставай баскетбалісткай Аленай Леўчанкай так і ня здолеў уцямна патлумачыць прыроду свайго шчырага захапленьня Лукашэнкам.

Аналягічную пазыцыю дэманструе лёгкаатлетка Анастасія Мірончык-Іванова — апалягетку цяперашняй палітычнай лініі запрашаюць на ўсе праўладныя прыёмы, дзе гаваркая прадстаўніца скачковай дысцыпліны пяе дытырамбы «стабільнасьці». Пакуль яе няма ў сьпісе ўдзельнікаў Алімпіяды, але яна разьлічвае заскочыць у апошні вагон у апошнія дні — па выніках чэмпіянату Беларусі.

Па-сапраўднаму камандную падтрымку рэжыму выказвае зборная весьляроў на чале са сваім трэнэрам Уладзімерам Шантаровічам. Ён сам, а таксама ягоныя цяперашнія былыя выхаванцы — Аляксандар і Андрэй Багдановічы, Маргарыта Махнева, Марына Літвінчук ды іншыя — прыкладаюць апанэнтаў, не саромеючыся ў выказваньнях. Пры гэтым самы ўганараваны беларускі вясьляр Уладзімер Парфяновіч — пасьлядоўны крытык цяперашніх уладаў.

Подпісам, на словах ці нават уласнай прысутнасьцю, падтрымалі дзейныя ўлады многія спартоўцы — ад алімпійскага чэмпіёна ў скачках на батуце Ўладзіслава Ганчарова да прадстаўніцы жаночага дужаньня Васілісы Марзалюк. Напрыклад, тэнісістку Арыну Сабаленку заўважылі сярод гасьцей навагодняй вечарыны ў Лукашэнкі, не хавае яна свайго стаўленьня да «пратэстуноў» і ў сваіх сацсетках.

Апейкін-плюс: магчымасьць выступаць пад нэўтральным сьцягам

Раней выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасьці і адзін зь фігурантаў складзенага ў КДБ сьпісу «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці», Аляксандар Апейкін казаў, што блізу дзясятка спартоўцаў, якія падпалі пад рэпрэсіі і дыскрымінацыю за свае перакананьні, працягваюць рыхтавацца да Алімпіяды ў Токіё.

Аляксандар Апейкін
Аляксандар Апейкін

Па яго словах, Міжнародны алімпійскі камітэт гатовы разгледзець магчымасьць іх допуску да Гульняў па-за заяўкай Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Калі пройдуць кваліфікацыю, у гэтых атлетаў будзе магчымасьць выступаць пад нэўтральным сьцягам.

Нічога падобнага ў спартовай гісторыі краіны яшчэ не было — ня лічачы вымушанага выступу амаль 30 гадоў таму пад сьцягам СНД на пачатку фармаваньня ўласнай дзяржаўнасьці.

На фоне скандалу са сьцягамі на травеньскім чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Латвіі, калі адміністрацыя Рыгі публічна замяніла афіцыйнае чырвона-зялёнае палотнішча на бел-чырвона-белае, чарговая гучная гісторыя вакол дзяржаўнай сымболікі была б балючым ударам і для колішняга, і для цяперашняга кіраўніцтва НАК Беларусі.

Таксама гучалі заклікі пазбавіць Беларускую тэлевізію, якая цяпер у фарватэры дзяржаўнай прапаганды, права трансьляцыі алімпійскіх спаборніцтваў. Аднак пэўнасьці ў гэтым пытаньні няма — прынамсі, заблякаваць карцінку з футбольнага чэмпіянату Эўропы, як прасілі міжнародныя інстытуты, не хапіла ці то рэсурсаў, ці то часу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG