Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У тое, што адбываецца, часам немагчыма нават паверыць». Падпісант адкрытага ліста спартоўцаў Аляксандар Куль


Аляксандар Куль
Аляксандар Куль

Больш за 200 спартоўцаў, трэнэраў і працаўнікоў галіны апублікавалі ліст з патрабаваньнем паўторных выбараў прэзыдэнта ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі, а таксама адстаўкі дзейнага складу Цэнтравыбаркаму з прыцягненьнем фальсыфікатараў да адказнасьці.

Сярод іншых патрабаваньняў: вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных, выявіць і пакараць вінаватых у зьбіцьці і катаваньнях. У выпадку ціску, пагроз звальненьнем або парушэньня правоў прадстаўнікоў спорту, якія падпісаліся пад лістом, усе яны будуць дзейнічаць салідарна, аж да адмовы выступаць за зборную краіны або браць удзел у міжнародных і нацыянальных форумах.

Падпісант адкрытага звароту, экс-баскетбаліст Аляксандар Куль
Падпісант адкрытага звароту, экс-баскетбаліст Аляксандар Куль

Падпісалі зварот чэмпіёны і прызэры Алімпійскіх гульняў, пераможцы і мэдалісты чэмпіянатаў сьвету і Эўропы: Ганна Гуськова, Андрэй Краўчанка, Аляксандра Герасіменя, Дзьмітры Асанаў, Марына Арзамасава, Эльвіра Герман, Вольга Мазуронак, Аляксандра Раманоўская ды іншыя зоркі беларускага спорту.

«Драматычныя падзеі падштурхнулі выступіць адзіным фронтам»

У ліку падпісантаў — адзін з найбольш вядомых беларускіх баскетбалістаў, у мінулым гулец нацыянальнай зборнай, чэмпіён Эўропы ў складзе моладзевай каманды Аляксандар Куль. Побач зь ім і ягоная жонка, майстар спорту ў валейболе Алена Куль (Міклашэвіч).

Сваю грамадзянскую пазыцыю Аляксандар акрэсьліваў і раней. Адзін з рэдкіх спартоўцаў, які размаўляе на беларускай мове, ганаровы госьць курсаў «Мова нанова», прыхільнік нацыянальнай сымболікі. Спрычыніўся да зьяўленьня пазнавальнага брэнду «Цмокі» і маштабнай беларусізацыі мужчынскага і жаночага клюбаў пад гэтай назвай.

— Аляксандар, у згаданым сьпісе нямала баскетбалістаў — Алена Леўчанка, Кацярына Сныціна ды іншыя. Ня бачна Ягора Мешчаракова, але ён сваю пазыцыю акрэсьліў раней, быў на Маршы Свабоды 16 жніўня. Пры тым, што кіраўнік фэдэрацыі Максім Рыжанкоў досыць жорстка змагаецца зь іншадумствам...

— Я б не акцэнтаваўся толькі на баскетбалістах, выказалася ўся спартовая грамадзкасьць. Колькасьць падпісантаў увесь час расьце. Ініцыятары вырашылі не рабіць сьпіс канчатковым — штодня будуць дадавацца новыя прозьвішчы. Ад першапачатковых 100 ужо болей за 200, і гэта ня фініш. Таму не выдзяляў бы калегаў як касту, якая актыўней за іншых выказвае сваю пазыцыю.

Зь лёгкаатлеткай Алінай Талай і тэлекамэнтатарам Дзьмітрыем Герчыкавым на курсах «Мова нанова»
Зь лёгкаатлеткай Алінай Талай і тэлекамэнтатарам Дзьмітрыем Герчыкавым на курсах «Мова нанова»

Калі мне прапанавалі далучыцца, першапачаткова была ідэя яднаньня ўсіх спартоўцаў. Бо дагэтуль камунікацыі адбываліся збольшага ў межах свайго віду, фэдэрацыі ці напрамкаў — лёгкая атлетыка, гульнявыя дысцыпліны і г.д. А гэтым разам драматычныя падзеі ў краіне падштурхнулі выступіць адзіным фронтам. І гэта дае падставы гаварыць пра нас як супольнасьць, якая агучвае агульныя мэты і патрабаваньні.

«Любы арыштаваны ці зьбіты — цяпер адзін з нас»

— Як мяняецца настрой? Больш аптымізму ці ўсё ж пэсымізму? Выглядае, што ўлада да кампрамісаў ня схільная, шматлікія заявы, звароты ды пэтыцыі фактычна ігнаруюцца, любыя захады апанэнтаў трактуюцца ледзь не як спроба дзяржаўнага перавароту.

— Настрой зьмяняецца, хутчэй, хвалямі. Гэта нармальная чалавечая псыхалёгія. Немагчыма ўвесь час эмацыйна ісьці толькі ўверх ці падаць уніз, прабіваючы дно. Усё адбываецца прылівамі. Так і цяперашняя сытуацыя. У пэўны час відавочны пад’ём, але любая ўзьнёсласьць завяршаецца спадам. Ну, і я таксама: не абавязкова ў рэзанансе з усімі, проста перажываю ўсе тыя ж пачуцьці, што і іншыя.

Калі напраўду, такія адчуваньні, што жывеш у нейкім Залюстроўі, як тая Аліса. Бо ў тое, што адбываецца, часам немагчыма нават паверыць. Калі знаходзісься ў цэнтры падзей ці чуеш ад людзей, якіх ведаеш пэрсанальна, маеш пацьверджаныя факты, а ня тое, што нехта недзе чуў ці перапосьціў і невядома, праўда ці не. Бо нават беларусы, якія назіраюць за ўсім за мяжой, бачаць падзеі крыху інакш — так, як гэта паказана ў інтэрнэце. На месцы ступень перажываньня, успрыманьня, усьведамленьня маштабу супрацьстаяньня ўсё ж іншая.

— Хтосьці зь сяброў, знаёмых аказаўся ў ліку затрыманых, зьбітых? «Пад раздачу», калі цытаваць кіраўніка МУС Караева, траплялі і вядомыя спартоўцы — напрыклад, футбаліст нацыянальнай зборнай Антон Сарока, які атрымаў адміністрацыйны арышт.

— На шчасьце, у маім атачэньні няма нікога, хто апынуўся ў тых жудасных калатнечах. Зрэшты, любы арыштаваны, зьбіты — цяпер ён адзін з нас. Калі людзі бяруць шлюб, то прыносяць клятву, што будуць разам і ў радасьці, і ў бядзе. Канечне, і адно, і другое можа ці разваліць гэты саюз, ці зрабіць яго яшчэ мацнейшым.

Тое ж самае можна сказаць і пра грамадзтва. Людзі павінны быць разам і ў радасьці, і ў бядзе — асабліва ў такой, якую беларусы перажылі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў і пасьля. Наступны крок будзе залежаць ад усіх нас. Або трагедыя зьяднае, або падзеліць па розныя бакі барыкадаў. Прынамсі, пакуль што цяжка прадказаць, чым усё скончыцца.

«Трэба сабрацца зь сіламі і прайсьці праз выпрабаваньні»

— Што думаеце наконт сакральнай лічбы ў 80% на карысьць Лукашэнкі, якую ён, верагодна, праз уласнае самалюбства ніяк ня можа скарэктаваць? Сілавое супрацьстаяньне на фоне электаральнай актыўнасьці ў немалой ступені выкліканае якраз чаканьнем іншых вынікаў.

— Не магу нічога сказаць, бо ня меў ніякага дачыненьня ні да выбарчых камісій, ні да назіраньня. Наколькі намалявана ці не, можна будзе ўбачыць альбо пры пераліку галасоў, альбо падчас новых выбараў. Але тое, што сёньня адбываецца на вуліцах, гаворыць само за сябе. Прынамсі, дае падставы, каб засумнявацца ў афіцыйных выніках.

Цяпер многія задаюцца пытаньнем: а што далей? Як будзе — можна разважаць гадзінамі, і наўрад ці хто дакладна спрагназуе ход падзей. Можна прагназаваць адно, а на самой справе будзе ня так, як прадказваюць нават найлепшыя аналітыкі. Лёзунгі — гэта ўсё адно толькі лёзунгі. Яны нясуць зразумелую функцыю — нейкім чынам уплываць на людзей, стымуляваць іх да дзеяньня. Таму трэба сабрацца зь сіламі — фізычнымі і маральнымі — і прайсьці праз выпрабаваньні. Тады грамадзтва само зможа разабрацца, якія задачы вырашаць, каго караць за злачынствы.

— Ведаю, што з жонкай Аленай вы былі сярод удзельнікаў нядзельнага Маршу Свабоды. Якія ўражаньні?

— Так, натуральна. На самой справе адчуваньне вялікага сьвята. Радасна, што выйшла так шмат аднадумцаў, не засталося абыякавых. Дагэтуль нават на самых вялікіх спаборніцтвах усясьветнага маштабу ня бачыў адначасова столькі людзей, гэта сапраўды ўражвала. Думаю, не ў аднаго мяне такія думкі. Кожны, хто пабачыў, забудзецца ня хутка. Прынамсі, паказалі ўсяму сьвету, колькі ў Беларусі прыхільнікаў пераменаў.

А што да зьмены настрою пасьля такога эмацыйнага выкіду, то раю пачытаць допіс у сацсетках Андрэя Курэйчыка (драматург, сцэнарыст. — РС). Падаецца, ён вельмі адэкватна ацаніў сытуацыю. Яшчэ тыдзень-два таму было вялікім гераізмам вывесіць на бальконе нацыянальны сьцяг і зьбірацца больш як утрох. А цяпер народ сам адмяніў паняцьці «несанкцыянаваны мітынг», «забароненая сымболіка», піетэт перад чыноўнікамі ды многае іншае. Адно гэта дарагога варта...

«Хто сапраўды прагне пераменаў, той свайго дамагаецца»

— У спорце, як і ва ўладнай вэртыкалі, склалася сытуацыя, што кіраўнікі галіновага міністэрства, фэдэрацый па відах, мякка кажучы, не ў захапленьні ад тых, хто сваімі заявамі і ўчынкамі ня ўпісваецца ў ідэалягічную лінію. Не асьцерагаецеся, што подпіс пад адкрытым лістом пацягне наступствы?

— Ведаеце, насамрэч аніякіх фантастычных заяваў я не раблю. Як і іншыя нармальныя людзі — за мір ва ўсім сьвеце і за ўсеагульную справядлівасьць (сьмяецца). Вось і ўсё. Канечне, хацелася б сказаць — няхай пераможа мацнейшы, як гэта часта кажуць датычна спорту. Зноў жа, з умовай, што гульня сумленная. На жаль, у выпадку нашых выбараў наконт гэтага можна паспрачацца. Тым ня меней, усё ў руках людзей. Хто сапраўды хоча пераменаў, той свайго дамагаецца.

Пачатак спартовага шляху, 1990 год
Пачатак спартовага шляху, 1990 год

Сёлета Аляксандар Куль адзначыў 45-годзьдзе. Сапраўдны беларускі волат — 213 сантымэтраў ростам. Родам ён зь вёскі Бароўка Верхнядзьвінскага раёну Віцебшчыны. Дзякуючы парамэтрам з 12 гадоў пачаў займацца баскетболам: спачатку ў Віцебскай школе-інтэрнаце спартыўнага профілю, а затым у Рэспубліканскай вучэльні алімпійскага рэзэрву ў Менску. Выступаў за юнацкую зборную СССР (U-16) і юніёрскую СНД (U-18).

У 1992–1994 гуляў за клюб РТІ ў чэмпіянаце Міжнароднай прафэсійнай баскетбольнай лігі, якая аб’ядноўвала каманды былога СССР, а таксама за клюб РТІ-2 у чэмпіянаце Беларусі. Адзін зь лідэраў моладзевай зборнай (U-22), якая выйграла чэмпіянат Эўропы-1994.

Беларускія чэмпіёны моладзевага першынства Эўропы
Беларускія чэмпіёны моладзевага першынства Эўропы

У 1994 годзе зьехаў у ЗША, выступаў за каманду ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона. Праз чатыры гады вярнуўся ў Эўропу, гуляў за клюбы Турэччыны, Польшчы, Грэцыі, Кіпру. Прызэр чэмпіянатаў Грэцыі і Польшчы, уладальнік Кубка Кіпру. Быў гульцом зборнай у 1993–1994 і 1998–2008 гадах. Паводле апытаньня газэты «Прессбол», найлепшы баскетбаліст Беларусі 1999 году.

У 2007–2011 выступаў за «Мінск-2006», неаднаразова выйграваў чэмпіянат і Кубак Беларусі. Пасьля заканчэньня гульнявой кар’еры застаўся працаваць дырэктарам цэнтру эканамічнага разьвіцьця і спартыўнага маркетынгу, стаў ініцыятарам перайменаваньня клюбу ў «Цмокі».

Шматдзетная сям’я Куль
Шматдзетная сям’я Куль

Жонка Алена — былая валейбалістка. Яны гадуюць трох дзяцей: дочкі Дар’я-Ганна і Амелія-Марыя, сын Мацьвей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG