З палкоўнікам юстыцыі, сьледчым у асабліва важных справах аднаго зь міжраённых аддзелаў Сьледчага камітэту не працягнулі кантракту. Як ён лічыць, з прычыны «нядобранадзейнасьці». Пасьля амаль 25 гадоў у праваахоўнай сыстэме апынуўся на раздарожжы.
У гутарцы са Свабодай Іван Агееў (прозьвішча зьмененае на яго просьбу, каб не нашкодзіць новым працадаўцам) расказаў, як асвойвае прафэсію «забесьпячэнца» ў фэрмэрскай гаспадарцы.
Падпісанты за альтэрнатыўных кандыдатаў — у чорных сьпісах
Івану Агееву крыху за 40, усё дарослае жыцьцё прысьвяціў прафэсіі сьледчага. Скончыў сьледча-экспэртны факультэт Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, потым была магістратура і вяртаньне на малую радзіму. За прамінулыя чвэрць стагодзьдзя атрымаў нямала пахвальных адзнак і дзяржаўных узнагародаў. «Выкананьне закону і захаваньне афіцэрскага гонару», — так крыху патасна характарызуе ён уласную пазыцыю.
У канцы мінулага году дасьведчаны спэцыяліст апынуўся перад фактам аднабаковага спыненьня кантракту з боку працадаўцы, Сьледчага камітэту. З пачатку 2021-га ў ягоных паслугах патрэбы больш ня мелі. Высьветлілася, што аналягічныя разьліковыя лісткі атрымалі і іншыя калегі зь вялікім стажам дзейнасьці. Гэта была рэакцыя ня толькі на адмову штампаваць «палітычныя» справы за леташнія акцыі пратэсту, а і на агучваньне ўласнай пазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выгналі на пляц трэніравацца са шчытамі». Гісторыя памежніка, звольненага пасьля 15 гадоў службы«Іншай падставы проста ня бачу, — кажа суразмоўца. — Ніякіх правінаў з майго боку не было. Я ня браў хабару, не парушаў закону; адзначаны дзяржаўнай узнагародай „За бездакорную службу“, граматамі і падзякамі. І калі да чалавека няма пытаньняў і пры гэтым аднабакова прымаецца такое рашэньне, усё становіцца відавочным. Тым больш, як езьдзіў у абласное ўпраўленьне афармляць дакумэнты на звальненьне, аказалася, што не працягнулі кантракт досыць вялікай колькасьці людзей, якіх я даўно ведаў як прафэсійных, граматных спэцыялістаў».
Супрацоўніца аддзелу кадраў абласнога ўпраўленьня Сьледчага камітэту ў размове з Іванам Агеевым панаракала: ніхто нічога не тлумачыць, проста кажуць рыхтаваць дакумэнты для спыненьня кантрактаў у раённыя аддзелы. А ўжо там начальнікі абвяшчаюць пэрсанальна, каму рыхтавацца да звальненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пазбавіў званьня былога афіцэра КДБПадставай да зачысткі, хутчэй за ўсё, сталі падзеі леташняй прэзыдэнцкай кампаніі, калі многія сілавікі адважыліся аддаць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Сам ён падпісаўся за Віктара Бабарыку, Валера Цапкалу, Сьвятлану Ціханоўскую і Андрэя Дзьмітрыева. Выглядае, што акурат «неляяльныя» і трапілі ў ведамасныя «чорныя сьпісы».
«У канцы мінулага году была праверка з абласнога ўпраўленьня. Я хлопцаў ведаю, даўно разам працуем. Дык казалі, што амаль штодня на стол кіраўніку кладуць сьпісы з прозьвішчамі, насупраць якіх пазначана: нядобранадзейны. Гэта не ініцыятыва Сьледчага камітэту, а „сумежных структураў“, найперш КДБ і МУС. Падчас разгрому выбарчых штабоў спэцслужбы канфіскавалі падпісныя лісты, у якіх засьвяціліся і сілавікі. Яны аўтаматычна сталі для сыстэмы „ворагамі“. Так, я падтрымаў чатырох незалежных прэтэндэнтаў. Бо нават каб хацеў падпісацца за Лукашэнку, у нас ніякіх пікетаў за яго не было. Мне што, дзеля гэтага ў Менск ехаць?»
Няма мэты разабрацца, калі ставіцца адна задача — пасадзіць
Іван Агееў адзначае, што некаторыя калегі сыходзяць, нават нягледзячы на тое, што ў такім выпадку давядзецца вярнуць «пад’ёмныя» з працэнтамі — прыкладна 1000 рублёў за кожны год падпісанага кантракту, у тым ліку 13% ПДВ. Расказвае, што нядаўна звольніўся супрацоўнік, якога выклікалі ў «сумежныя органы», патрабавалі завесьці справу супраць аўтара бяскрыўднага допісу ў сацсетках. Той спыніў ціск радыкальна: «Не хачу жыць з заплямленым сумленьнем». І сышоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першая крымінальная справа супраць сілавіка стане канцом усёй сыстэмы». Палкоўнік юстыцыі пра настроі ў «органах»«Сьледчым, якіх сёньня кідаюць на палітычныя замовы, няпроста, — абараняе ён калегаў. — Прынамсі мне было б цяжка найперш з пазыцыі сумленьня. Гледзячы на тое, як разглядаюцца адміністрацыйныя і крымінальныя справы, разумееш усю ступень дэградацыі прававой сыстэмы. Па сутнасьці, ніхто ні ў чым не разьбіраецца. Забытая „прэзумпцыя невінаватасьці“ і пастанова Вярхоўнага суду „Аб прыгаворы суду“, што вырак ня можа быць заснаваны на здагадках; нарматыўныя дакумэнты, якія гавораць аб аб’ектыўным вядзеньні і разглядзе спраў. Нездарма Фэміда паказваецца з шалямі і завязанымі вачыма».
Суразмоўца кажа, што цяпер нават задаволены, што яму «дапамаглі» пакінуць службу. Бо сьледчы — гэта чалавек, якому апрыёры не дазволена парушаць закон. У іншым выпадку чым ён адрозьніваецца ад злачынца?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазбаўленьне званьня правяло мяжу паміж мной і Карпянковым», — Мікалай КазлоўДля яго невытлумачальна, як сёньня адну і тую ж норму закону ўмудраюцца павярнуць у розныя бакі. Напрыклад, стварыць у ізалятарах невыносныя ўмовы для палітычных затрыманых, не чапаючы астатніх. Ня кажучы пра часьцяком абсурдныя абвінавачваньні — ад «няправільнага» колеру шкарпэтак да «пратэставай» пасьцілы. У кіраўніцтва краіны шмат што пастаўлена на кон, але відавочны перагіб у рашэньнях і дзеяньнях зь іхнага боку, і гэта жахліва, канстатуе Іван Агееў.
«Цяжка камэнтаваць, бо я ведаю, як павінна быць... Абурэньне людзей заканамернае, я салідарны. Калі паводле Канстытуцыі мы пагаджаемся, што Беларусь — прававая дзяржава, то закон мусіць выконвацца ўсімі, ад школьніка да прэзыдэнта. Што маем насамрэч — пытаньне да тых, хто дазваляе беззаконьне. Цяпер у „трэндзе“ крымінальныя артыкулы: 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), 356 (здрада дзяржаве), 366 (гвалт у адносінах да службовай асобы). І ў той жа час забытыя іншыя: 190 (парушэньне раўнапраўя грамадзян), 192 (парушэньне заканадаўства аб выбарах), 197 (перасьлед грамадзян за крытыку), 204 (адмова ў даваньні інфармацыі) і г. д».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ставяцца як да паршывых сабак». Курсант прынцыпова сышоў з Акадэміі МУС і расказаў, што там адбываеццаЁн прыводзіць прыклад аднагрупніка па Акадэміі МУС. 27 сакавіка, калі Менск узялі ў аблогу на выпадак сьвяткаваньня Дня Волі, той ішоў да машыны і натрапіў на групу «ябацек» — стаялі пад дзяржаўнай сымболікай, шумелі. Пачаў здымаць на тэлефон. Спыніўся танаваны бус, выскачылі «калегі». Затрымалі, асудзілі на 15 сутак.
Па выхадзе дзяліўся ўражаньнямі і пра катаваньні на Акрэсьціна і ў Жодзіне, і пра сам суд. Як чалавек зь юрыдычнай адукацыяй, не маўчаў, задаваў пытаньні. Зь ціхарамі-«сьведкамі» зразумела, «інтэлект адпачывае», канстатаваў сябра. Але паводзіны судзьдзі — асобная размова. Усе аргумэнты праігнаравала, хадайніцтвы адхіліла. Няма мэты разабрацца, калі задача — пасадзіць.
Дасье на апальных сьледчых — па ланцужку дзяржаўнай вэртыкалі
Пераход да цывільнага жыцьця быў супярэчлівым, расказвае экс-сьледчы. З аднаго боку, цешыў ужо забыты стан звычайнага грамадзяніна. З другога, ціснулі фінансавыя абавязкі — пры адсутнасьці стабільнага заробку два нявыплачаныя крэдыты сталі істотнай нагрузкай на сямейны бюджэт.
Жонка ў сфэры адукацыі атрымлівае каля 700 рублёў (і гэта на паўтары стаўкі), таму зь першых дзён новага году засяродзіўся на пошуку працы, закінуў рэзюмэ на сайты працаўладкаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першае інтэрвію афіцэра ГУБАЗіКа, які перадаваў інфармацыю ByPol: «Рух супраціву ў органах ёсьць»«Адгукнулася дзяржаўная арганізацыя, шукалі чалавека зь юрыдычнай адукацыяй. „Кадравы апарат у Менску, у нас філія“. Правялі гутарку, задаволіла і адукацыя, і досьвед. Кантора буйная, давялося зьезьдзіць на дадатковую размову ў абласны цэнтар. Сказалі, што добры спэцыяліст, засталіся фармальнасьці ў Менску. І праўда, затэлефанаваў чалавек са службы бясьпекі прадпрыемства, пагаварылі: стаўлю рэзалюцыю і аддаю кіраўніку. Быў пачатак лютага. Мінуў тыдзень, другі, трэці — цішыня. Пачаў абзвон. Мясцовы начальнік кажа: вазьму, як толькі дадуць адмашку. У вобласьці перакідваюць на сталіцу. Там маўчаць. А мне прынцыпова ведаць — „так“ ці „не“. Бо сяджу, іншых варыянтаў не разглядаю».
Нарэшце праз зацягнутую паўзу адрэагавала прадстаўніца адміністрацыі. Маўляў, усплылі непрагназаваныя пытаньні — не адмаўляем, але вымушаныя паглядзець на іншых кандыдатаў (як потым высьветліў Іван Агееў, ягоная заяўка была адзіная). А ўрэшце кіраўнік мясцовай філіі прагаварыўся: пасьля дадатковых кансультацый настойліва парэкамэндавалі ад паслуг «нядобранадзейнага» кандыдата адмовіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра сьледчага Юшкевіча, якога затрымалі ў справе аб тэрарызьмеЦьвяроза ацаніўшы сытуацыю (многія заяўкі засталіся без адказу з прычыны «крытычнага» ўзросту 40+), Іван Агееў рызыкнуў кардынальна памяняць сфэру дзейнасьці. Зьвярнуўся да сужэнцаў-фэрмэраў, якім яшчэ сьледчым дапамагаў вывесьці на чыстую ваду злодзеяў зь іх гаспадаркі.
«Паехаў проста паразмаўляць. Я цудоўна разумеў, што ня той спэцыяліст, якога яны адарвуць з рукамі і нагамі, каб вывеў гаспадарку на 100-працэнтны ўзровень, — сьмяецца ён. — Натуральна, фэрмэр пацікавіўся, чаго раптам расстаўся з камітэтам. Я пачаў мяцца, ён дапамог: „З ідэйных разыходжаньняў? Тады я проста вымушаны цябе ўзяць на працу“. Вось тады накрыў рэальны страх. Што буду рабіць, ці не падвяду людзей? Ні на трактар, ні на камбайн ня сядзеш, веды ў аграноміі фактычна нулявыя. І тут прыйшла яго жонка: „Не перажывай, знойдзем занятак“. Ад такой упэўненасьці нават сам паверыў, што буду на нешта здатны».
Ад расьсьледаваньня крымінальных спраў — да «забесьпячэнца»
У сакавіку быў ягоны першы працоўны дзень у вялікай фэрмэрскай гаспадарцы. І вось ужо больш за два месяцы былы сьледчы, палкоўнік юстыцыі Іван Агееў на службовай «Ніве» дапамагае падтрымліваць бесьперапынны рытм людзей і тэхнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Макар адмаўляецца ад крапавага бэрэту, вэтэраны спэцназу абвінавачваюць яго ў «дыскрэдытацыі ўлады і спэцпадразьдзяленьняў»«За савецкім часам падобную функцыю выконваў „забесьпячэнец“, — усьміхаецца міжвольны фэрмэр. — А як у цяперашніх умовах, то дапамагаю інжынэру, які забясьпечвае ўвесь тэхнічны працэс. Паціху ўцягваюся ў асаблівасьці працы. Замаўляю запчасткі на тэхніку, паліва, аліву. Пайшла пасяўная, трэба даставіць людзям харчаваньне — я на адно поле, інжынэр на другое. Тое ж з саляркай. Гаспадарка вялікая, некалькі тысяч гектараў, таму шмат разьездаў. Паступова адаптуюся. Натуральна, першы час было нязвыкла, усё ж абсалютна іншая сфэра дзейнасьці. Але за два месяцы прыцёрся, мне падабаецца».
Магчыма, атрымаецца разьвіць і невялікі ўласны бізнэс. Які менавіта, суразмоўца пакінуў у сакрэце. Прынамсі, прапанаваў фэрмэру супрацу: ягоныя інвэстыцыі ў падтрымку перадавых тэхналёгій. І знайшоў разуменьне. Акурат цяпер рыхтуецца пляцоўка для рэалізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня варта чакаць, што сілавікі «пяройдуць на бок народу» альбо «будуць адстрэльвацца да апошняга патрона», — Паротнікаў«Першы месяц быў выпрабавальны тэрмін — я прызвычайваўся да новага статусу, да мяне прыглядаліся. Пра тое, што нібыта ня лішні ўжо чалавек, зразумеў, калі гаспадар сказаў: „Ну што, трэба падымаць заробак?“ Хоць у адной размове яны потым прызналіся, што ня надта верылі, што я затрымаюся. Аказалася, што ўсё наадварот: я не гатовы нікуды сыходзіць, нават на большыя грошы. З аднаго боку, ёсьць стымул дапамагчы людзям, якія вось ужо 30 гадоў шчыруюць, паказваючы эфэктыўнасьць прыватнай формы гаспадараньня. А з другога, хочацца паспрабаваць сябе ва ўласным бізнэсе. Спадзяюся, урэшце складзецца».
Радыкальна мяняць прафэсію даводзіцца і іншым апальным сьледчым, кажа Іван Агееў. Калі, са слоў калег, у абласным упраўленьні звольненым дапамаглі ўладкавацца, знайсьці працу, дык рэгіянальныя аказаліся самі па сабе. Нехта ідзе па юрыдычнай лініі, маладзейшыя спрабуюць засвоіць ІТ-тэхналёгіі, а хтосьці давучваецца на катэгорыі С, D, E, каб стаць дальнабойнікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад танкіста да намесьніка міністра. Гісторыя кар'еры Мікалая Карпянкова«Людзі маральна гатовыя: раней ці пазьней давядзецца сысьці, — адзначае ён. — Фактычна звольніць няма за што. Таму чакаюць, калі скончыцца кантракт і выштурхнуць. Напрыклад, у майго калегі па аддзеле дамова заканчваецца ў чэрвені. Яму начальства ўжо параіла падумаць пра будучыню, прывёўшы ў прыклад мяне. А некаторыя часу „Х“ і не чакаюць. Мне адзін сьледчы расказваў: пасьля таго, як дзесяць разоў параілі схадзіць да пракурора, каб не напартачыць у палітычнай справе, ён выказаў усё, што пра гэта думае. Бо працэсуальна незалежную адзінку прымушаюць стаць залежнай, а гэта само па сабе злачынства».
Як падсумоўвае Іван Агееў, нават у страшным сьне ня мог уявіць, што ягоная кар’ера завершыцца такім чынам, а 20 гадоў служэньня законнасьці ўвянчае ананімны надпіс «нядобранадзейны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё рабіў так, як напісана ў Выбарчым кодэксе». Размова са звольненым дырэктарам школы, дзе на ўчастку перамагла Ціханоўская«Паўстае пытаньне — для каго „нядобранадзейны“? Для грамадзян, якім дапамог падчас расьсьледаваньня больш як паўтары тысячы спраў? Ці для дзяржавы, калі рабіў захады для пакрыцьця злачынцамі шкоды на сотні тысяч рублёў?» — задаецца ён рытарычным пытаньнем.
Але такому павароту лёсу, асабліва ў сёньняшніх умовах, проста ўдзячны. Самастойна зрабіць такі крок было б складана...