Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Макар адмаўляецца ад крапавага бэрэту, вэтэраны спэцназу абвінавачваюць яго ў «дыскрэдытацыі ўлады і спэцпадразьдзяленьняў»


Ігар Макар, былы спэцназавец падразьдзяленьня «Алмаз»
Ігар Макар, былы спэцназавец падразьдзяленьня «Алмаз»

Былы намесьнік камандзіра баявой групы спэцпадразьдзяленьня «Алмаз» МУС Беларусі Ігар Макар адмаўляецца ад крапавага бэрэта.

Пра гэта ён расказаў тэлеканалу «Настоящее время».

Крапавы бэрэт — найвышэйшая форма адрозьненьня спэцназаўцаў былога СССР — выдаецца за баявыя заслугі або выкананьне атэстацыйных заданьняў. Раней вэтэраны спэцназу на чале з «бацькам крапавага бэрэта» Сяргеем Лысюком назвалі Макара «прайдзісьветам» — гэта значыць чалавекам, які атрымліваў гэты знак адрозненьня, ня маючы права яго насіць.

Ігар Макар лічыць, што гэта было зроблена з палітычных прычынаў — за крытыку на адрас Аляксандра Лукашэнкі, а таксама за ўдзел у грамадзянскай ініцыятыве «Беларускі народны трыбунал», якая дапамагае апазыцыйна настроеным сілавікам.

Ігар Макар атрымаў крапавы бэрэт незадоўга да звальненьня зь Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ў 2003 годзе. Затым ён працаваў у камандзе апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. З 2006 году жыве ў Літве ў статусе палітычнага ўцекача.

З канца 2020 году Макар публікуе зьлітыя аўдыёзапісы з кампраматам на кіраўнікоў сілавых органаў Беларусі. Так, на адным з запісаў кіраўнік КДБ Беларусі ў 2008–2012 гадах Вадзім Зайцаў абмяркоўвае сэрыю палітычных забойстваў. Адной зь мішэняў Зайцаў называе журналіста Паўла Шарамета, якога забілі ў 2016 годзе, праз чатыры гады пасьля размовы ў кабінэце кіраўніка КДБ. Сапраўднасьць аўдыёзапісу пацьвердзіла незалежная экспэртыза.

Сайт вэтэранаў спэцназу «Крапавы бэрэт» вядзе так званы «рэестар прайдзісьветаў», якія, на іх погляд, незаслужана носяць гэты знак адрозьненьня. 1 лютага там зьявілася старонка пра Макара, якога абвінавацілі ў «падрыўной дзейнасьці па дыскрэдытацыі законна абранай у краіне ўлады і падразьдзяленьняў спэцыяльнага прызначэньня».

Першым вэрсію пра тое, што Макар ня мае права насіць бэрэт, агучыў беларускі праўладны блогер Аляксей Голікаў. Ён запрасіў у свой стрым на ютубе двух чалавек у масках — меркавана, былых калегаў Макара, — якія абвінавацілі таго ў фанабэрыстасьці і здрадзе.

Голікаў таксама апублікаваў на сваім канале зварот Сяргея Лысюка, прэзыдэнта «Братэрства крапавых бэрэтаў „Віцязь“», якога спэцназаўцы называюць «крапавым Бацькам»: у 1988 годзе ён распрацаваў правілы выпрабаваньняў на атрыманьне бэрэта.


У сваім звароце вэтэран спэцназу адзначыў «складаную абстаноўку» ў Беларусі, падчас якой «калегі з „Алмаза“, АМАПу і СОБРа прымалі ўсе меры для захаваньня грамадзкага парадку». Ён таксама заявіў, што калегі з «Алмаза» зьвярнуліся да яго з просьбай разьмясьціць інфармацыю аб тым, што Макар ня мае права на нашэньне крапавага бэрэта. Лысюк падкрэсьліў, што ніколі не ўручаў Макару гэты знак адрозьненьня.

«Настоящее время» зьвязалася з Лысюком праз тэлефон. «Па-першае, рашэньне на права нашэньня крапавага бэрэта вызначае падразьдзяленьне, у якім ён служыў, — сказаў вэтэран. — Там ёсьць Рада крапавых бэрэтаў. Я, у сваю чаргу, казаў, што я не ўручаў яму крапавы бэрэт. А пра тое, чаму ён ня мае права на нашэньне бэрэта, вам сказана канкрэтна вэтэранамі падразьдзяленьня „Алмаз“».

Лысюк адмовіўся адказваць на дадатковыя пытаньні і кінуў слухаўку.

Па словах Макара, Лысюк сапраўды не ўручаў яму бэрэт: гэта зрабіў Раман Ашурок — намесьнік камандзіра «Алмаза», а Лысюк пры гэтым прысутнічаў.

Макар дадаў, што на пачатку 2000-х гадоў Лысюк уручыў яму ключы ад «Жыгулёў» як пераможцу спаборніцтваў па пераадоленьні паласы перашкод у Маскве.

У доказ таго, што крапавы бэрэт ён насіў па праву, Ігар Макар прадставіў «Настоящему времени» фота бэрэта з шаўронам «Алмаза», а таксама фота пасьведчаньня аб праве на нашэньне крапавага бэрэта № 001483 ад 29 студзеня 2003 году.

На пасьведчаньні стаяць подпісы камандзіра «Алмаза» Аляксандра Чуханава і Сяргея Лысюка.

Макар кажа, што атрымаў бэрэт за баявыя заслугі: выйграваў спаборніцтвы па рукапашным баі, стральбе і пераадоленьні паласы перашкодаў, а намесьнікам кіраўніка баявой групы стаў у 23 гады. Звычайна гэтую пасаду атрымліваюць пасьля трыццаці.

У сваім лісьце да Лысюка Макар піша, што адмаўляецца ад бэрэта, які «перастаў быць для яго сымбалем гонару, доблесьці і справядлівасьці, а стаў сымбалем прыгнёту і зьдзеку над народам».

Копія ліста даступная па спасылцы.

Поўная вэрсія матэрыялу тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG