18-гадовы Аляксандар сьвядома пакінуў другі курс Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Расчараваўся ў сыстэме, якая зьдзекуецца зь людзей, замест таго каб іх абараняць.
У гутарцы са Свабодай малады чалавек расказаў, якую няўстойку выставіла яму альма-матэр, хто з калегаў-«акадэмікаў» біў пратэстоўцаў і як распазнаць розных сілавікоў па рыштунку.
«Старшыня камісіі ратаваў сфальсыфікаваныя бюлетэні»
Ён паступіў на факультэт міліцыі Акадэміі МУС, бо зьбіраўся служыць у праваахоўных структурах. Першы курс прайшоў даволі спакойна. Крыж на далейшых плянах паставіў драматычны жнівень 2020-га.
«На першым курсе на ахову парадку нас не прыцягвалі, усё абмяжоўвалася „падсадкай“ на трыбунах: хакей, Эўрапейскія гульні, канцэрты, іншыя дзяржаўныя імпрэзы, — успамінае ён. — А ўжо калі перавяліся на 2 курс, якраз стартавала выбарчая кампанія, паслалі на ахову ўчасткаў. 9 жніўня а 4-й раніцы прачнуліся, памыліся, паелі — дарэчы, больш за суткі не кармілі, некаторыя вярнуліся толькі на наступны дзень апоўдні».
Частку курсантаў у палявым рыштунку накіравалі ў распараджэньне раённых упраўленьняў. Аляксандра ж разьмеркавалі ў школу Кастрычніцкага раёну, дзе месьціліся адразу два выбарчыя ўчасткі. Форма адзеньня парадная — паўваўняны мундзір, белая кашуля. Але пра атмасфэру сьвята гаворкі не было: курсантам адразу далі зразумець, зь якой яны тут місіяй.
«Старшыня камісіі ня стаў нешта прыдумляць, адвёў нас і сказаў: „Хлопцы, мы ня можам нікому паказаць паперы, дадзеныя cфальсыфікаваныя...“ Ніхто гэтага нават ня ўтойваў. Зрэшты, нам яшчэ на пачатку дня давялі: Лукашэнка выйграе. То бок я ўжо раніцай ведаў, якія будуць вынікі... Зачапіла таксама тое, што ў патрулі і на ахову адпраўлялі 17-гадовых. Як можна да такой справы прыцягваць непаўналетніх?» — зьдзіўляецца ён.
Пасьля закрыцьця ўчасткаў «ахоўнікі» пераехалі разам зь бюлетэнямі ў адміністрацыю таго ж Кастрычніцкага раёну. Падвозілі ўмацаваньне зь іншых участкаў, сядзелі, дзяліліся, у каго што здарылася цягам дня.
«Зайшоў намесьнік начальніка РУУС: маўляў, будзе перадысьлякацыя ў цэнтар, не хапае людзей, — працягвае суразмоўца. — Настрой сапсаваўся. Інтэрнэту ўжо не было, але падгружаўся Tut.by, бачылі кадры разгонаў. У выніку да стэлы адправілі 2–3 курсы. Мы праседзелі ў аддзяленьні да 4-й раніцы, пакуль не сказалі, што вяртаемся на факультэт. Выйшлі на вуліцу, чакалі аўтобус. І якраз прыехалі два аўтазакі. Бачылі, як людзей выгружалі, прапускалі праз строй, жорстка білі. Жахлівае відовішча...»
Нягледзячы на пагрозы камандзіраў, Аляксандар разам зь сябрамі сачылі за пратэстамі яшчэ ад чэрвеньскіх ланцугоў салідарнасьці са зьняволеным прэтэндэнтам Віктарам Бабарыкам. Не было яшчэ татальнага гвалту, сілавікі хапалі нешматлікіх мітынгоўцаў і грузілі ў мікрааўтобусы без апазнавальных знакаў. Факты зьбіваньня калі і фіксаваліся, то адзінкавыя.
«Тады мы яшчэ не разумелі, як можна так абыходзіцца зь людзьмі, бо прыйшлі ў акадэмію, каб стаць абаронцамі, а ня карнікамі, — гаворыць ён. — Толкам ня ведалі, што гэта за людзі ў цывільным, якім усё дазволена. Вядома, у кожнай структуры ёсьць не зусім адэкватныя супрацоўнікі, гатовыя выканаць любы загад. Але ня думалі, што яны сярод нас».
«Білі курсанты крымінальна-выканаўчага факультэту»
Аказалася, што па прыклады далёка хадзіць ня трэба. У Кастрычніцкім РУУС па-садысцку білі затрыманых ягоныя ж саслужыўцы па міліцэйскай акадэміі. У прыватнасьці, курсанты крымінальна-выканаўчага факультэту. Некалькі амапаўцаў выступалі «інструктарамі».
«На вялікі жаль, людзей білі хлопцы ў форме з пагонамі 3 курсу, — канстатуе Аляксандар. — Таксама наша акадэмія, але не факультэт міліцыі ці сьледча-экспэртны, а тыя, хто потым зьбіраецца працаваць пры турмах, ізалятарах, са зьняволенымі. Фармальна яны адносяцца да ўнутраных войскаў, і вось такім чынам праходзілі „практыку“. Я такога імпэту зразумець не магу...»
Сілавікоў, якія больш як за два месяцы пратэстаў ня раз адзначаліся беспрычыннай жорсткасьцю, няма як ідэнтыфікаваць. Бяз знакаў адрозьненьня, у балаклавах — не разумееш, ці вайскоўцы, ці міліцыянты, ці проста бандыты.
У часе першых маршаў менчукі зьвярнулі ўвагу на ачапленьне вакол стэлы «Менск — горад-герой». Здалося, што там стаялі перапалоханыя падлеткі.
«Курсанты вайсковай акадэміі, — адразу ідэнтыфікуе Аляксандар. — Шмат сяброў яшчэ са школьных часоў, рэгулярна кантактуем, дагэтуль выганяюць 2–3 курсы. Незразумела чаму, але сапраўды бяруць самых нізкарослых і кідаюць да стэлы, за калючы дрот. Па сутнасьці, учорашнія падлеткі, якія да аховы парадку ня маюць ніякага дачыненьня».
Што тычыцца так званых «алівак» — байцоў у балотных камбінэзонах, якія сёлета ўзяліся быццам ніадкуль, — суразмоўца вызначае іх як унутраныя войскі МУС.
«У такія камбезы для разгону на акцыях, дзе не патрэбныя шчыты і шаломы, апранаюць унутраныя войскі. Гэта дакладна не АМАП, тыя традыцыйна ў чорным, хоць ня выключана, што ў нейкіх выпадках могуць прыкінуцца кім заўгодна. Калі цывільныя, то амаль адназначна групоўка ГУБАЗіК», — кажа Аляксандар.
Акадэмія МУС сваіх выхаванцаў апранае ў іншы колер — у цёмна-сінюю палявую форму.
«Так, наша форма цёмна-сіняя. Пагоны перавернутыя, сваю прыналежнасьць нельга нікому паказваць, гэта забаронена... Па сутнасьці, сёньня супраць пратэстоўцаў кінутыя ўсе наяўныя сілы, уключна з курсантамі», — кажа ён.
«Сыстэма падрыхтоўкі праваахоўнікаў — не для сумленных людзей»
Ці ёсьць гіпатэтычныя шанцы адмовіцца ад удзелу ў сілавых «зачыстках»? Наколькі рэальна спаслацца на ўнутраны пацыфізм або на тое, што «вера не дазваляе?»
«Правоў у нас няма. Я сышоў паводле ўласнага жаданьня, каб без праблемаў. Надта марудная працэдура выключэньня, а мне трэба было хутка, бо калі ўладкоўвацца на працу, просяць характарыстыку. Ну, і ясна, што дапытваліся: можа, у цябе бацькі „бел-чырвона-белыя“ ці сам такі? Людзі ў адміністрацыі чэрствыя. Калі казаў, што сыходжу праз маці, адкрытым тэкстам заявілі: „Ты сваёй сям’і нахер не патрэбен, аддалі сюды, каб не перашкаджаў“. Дзіўныя рэчы, непрыемна».
Бальшыня афіцэраў да курсантаў ставіцца як да непаўнавартасных, дзеліцца ўласным досьведам Аляксандар.
«Ёсьць афіцэры нармальныя. Сышоў палкоўнік, начальнік факультэту. Інтэлігентны, разумны, ня вытрымаў беззаконьня. Як і некаторыя іншыя. Аднак бальшыня бачыць сваю місію ў тым, каб прыніжаць, абражаць. Як над намі быў кіраўнік, дык чалавекам сябе не адчуваеш. Паршывы сабака, ня больш. Не адпускаюць дадому, калі падыходзіць тэрмін. Чапляюцца да прыборкі, каб зьняць з нараду і паставіць наноў. Чалавек за суткі паспаў 4 гадзіны, а яго адпраўляюць паўторна. Ня ведаю, кім трэба быць, каб так ставіцца да падначаленых».
Думка завязаць зь міліцэйскай кар’ерай наведала яго яшчэ да выбараў. Пераломным момантам стала тое, як начальства «змагалася» з каранавірусам. Тая імітацыя раскрыла вочы на рэальныя рэчы: жыцьцё курсантаў для камандаваньня нічога ня вартае.
«Адчуў на сабе сыстэму і зразумеў, што гэта абсалютна не маё. Скажам так, не для сумленных людзей. Усё „заточана“ на тое, каб зрабіць бязвольным, тупым. Пасьлявыбарны гвалт стаў апошняй кропляй, але думкі зьявіліся яшчэ ў траўні. У нейкі момант у акадэміі захварэлі практычна ўсе. Нас нават не спрабавалі адправіць на дыстанцыйнае. Сядзелі кучай у аўдыторыях, хадзілі строем, спалі ў адным памяшканьні. Ніякія маскі не дапамаглі б, хоць асабліва і на іх не настойвалі».
Толькі пасьля таго, як у 90% навучэнцаў на ягоным курсе пацьвердзіўся каранавірус, факультэт міліцыі выправілі на ізаляцыю — занялі аж два паверхі акадэмічнага інтэрнату.
«Тры тыдні мы там паляжалі, і нас выпусьцілі. Ніякіх тэстаў больш не рабілі — маўляў, неабходны тэрмін адбылі, значыць, здаровыя. Гэта пры тым, што былі хлопцы, якія па-ранейшаму не адчувалі ні паху, ні смаку. Усіх зноў адвезьлі ў акадэмію, ніхто нават ня слухаў, што людзі хворыя і могуць заразіць усіх зноў», — расказвае Аляксандар.
«Няўстойку за звальненьне выставілі — як за паўтара года „папіццот“»
«Адказьнікам» альма-матэр выстаўляе рахункі, якімі трывала прывязвае да сябе навучэнцаў — каб тыя меней задумваліся пра цывільную альтэрнатыву.
«Хлопцы, якія адлічваліся крыху раней, атрымалі чэк прыкладна на 6,5 тысячы даляраў у эквіваленце. Адпаведна, у мяне дзесьці 7 тысяч, гэта пад 18 тысяч рублёў — за адзін курс навучаньня. Вылічваюць за ўсё: за ежу, форму, падручнікі, навучальны працэс, нават камунальныя паслугі. Ну, і ўсю стыпэндыю за гэты час: калі я сыходзіў, на другім курсе яна складала 356 рублёў. Дзяржава мае намер вярнуць усё дарэшты».
Гэта той выпадак, калі судзіцца бессэнсоўна, лічыць былы курсант. Хіба толькі з пацьверджаньнем хваробаў, атрыманых у сьценах акадэміі.
«Абсалютна ва ўсіх пагаршаецца здароўе, — кажа ён. — Многія, хто адлічваўся, ужо непрыдатныя да службы ў войску, хоць год-два таму падыходзілі акадэміі. Я быў абсалютна здаровы, калі паступаў, а цяпер у мяне за 10 дыягназаў. Менавіта за час вучобы зьявіліся, з такім „букетам“ туды не ўзялі б. За месяц, што я дома, так падарваць арганізм немагчыма. Таму некаторыя маюць намер судзіцца: калі акадэмія зрабіла нас „непрыдатнымі“, за што ёй плаціць? Хоць нечага дамагчыся вельмі складана».
Цяпер перад Аляксандрам маячыць войска. Ёсьць адтэрміноўка праз стан здароўя, але невядома, як надоўга.
«Атрымаў позву, прайшоў мэдкамісію. Далі адтэрміноўку, цяпер вось дадатковыя абсьледаваньні. Альтэрнатыўная служба пры цяперашняй уладзе таксама не варыянт: будзе сэнс, калі сыстэма зьменіцца і падыходы да войска перагледзяць. Можна адслужыць 2 гады паводле кантракту, напрыклад, ва ўпраўленьні надзвычайных сытуацый, і тады армія пойдзе ў залік. І варыянт, каб не плаціць доўг акадэміі. Пакуль вымушаная паўза, разглядаю праграму Каліноўскага, каб не спыняць вучобу. Паглядзім...»
«Каб не кабальныя ўмовы, з акадэміі ўсе б даўно паразьбягаліся»
Паводле Аляксандра, каб не кабальныя ўмовы, Акадэмія МУС ужо стаяла б напаўпустая. Бальшыня маладых людзей не прымаюць ідэалёгіі, якая грунтуецца на голай сіле, хоць і вымушаныя падпарадкоўвацца.
«Выгналі з 4 курсу хлопцаў, якія пайшлі на мітынг. Быў разбор, запісалі ледзь ня ў здраднікі. Любое выказваньне спыняюць адразу ж, пагражаюць адлічэньнем, звальненьнем з органаў. Маўляў, гэта антыдзяржаўна, сілавікі павінны быць на баку прэзыдэнта, а ўсе пратэстоўцы — бандыты. Вядома, трызьненьне мала хто ўспрымае, але ў бальшыні няма выбару. Прыехалі зь вёсак, хацелі служыць, добра вучыліся. І, нават бачачы маразм, ня могуць сысьці, бо непад’ёмная няўстойка. Каб ня гэта, паўцякалі б усе. Пагроза арміі і доўгу спыняе».
Сваіх калегаў, якія засталіся ў акадэміі, Аляксандар называе «закладнікамі сыстэмы». Дзядзькі ў пагонах камандуюць, «маладняку» застаецца толькі браць пад казырок. У іншым выпадку размова кароткая — ідзі прэч.
«Няма такога, як у міліцыянтаў на кантракце: сыходзіш — ну і ідзі. А курсанту ў выпадку адлічэньня трэба кампэнсаваць вялізную суму, і яшчэ забяруць у войска. Многія якраз і прыйшлі ў разьліку на стыпэндыю. Нямала са шматдзетных сем’яў, дзе няма магчымасьці падтрымаць дзяцей. А так разгружаюць бюджэт, бо на забесьпячэньні. І ўявіце: у чалавека трое братоў і сясьцёр, а яму бац — прыходзіць разьліковы ліст з тысячамі даляраў доўгу. І застаюцца, хоць унутрана з пазыцыяй начальства ня згодныя».
Аляксандар падтрымлівае сувязь зь некаторымі былымі аднакурсьнікамі. Тыя ўсё больш наракаюць на маральную і фізычную стомленасьць, не разумеюць, навошта прыцягваць на акцыі непадрыхтаваных дзяцей.
«Курсантаў туды-сюды возяць. А куды падзеліся кантрактнікі з АМАП, унутраных войскаў? Вучобы амаль няма, увесь час на ўзмацненьні. Прыйшлі па адукацыю, а сядзяць у засадах. У некаторых, мабыць, пачало крыху „дах“ прыціскаць, кажуць, што трэба пратэстоўцаў адлупцаваць, каб больш не выходзілі. Ня тое каб маргіналы ці „за бацьку“, проста хочуць, каб усё вярнулася ў спакойнае рэчышча. Зрэшты, такіх 10–15%. Астатнія цудоўна разумеюць, што адбываецца. Адпаведна і галасавалі — за Ціханоўскую, за перамены».