Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня варта чакаць, што сілавікі «пяройдуць на бок народу» альбо «будуць адстрэльвацца да апошняга патрона», — Паротнікаў


АМАП падчас адной з пратэставых акцый ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
АМАП падчас адной з пратэставых акцый ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік праекту Belarus security blog Андрэй Паротнікаў адказвае на пытаньне, ці могуць беларускія сілавікі граць самастойную палітычную ролю, і тлумачыць, на каго яны «павесяць усіх сабак», калі прыйдзе час адказваць за парушэньні закону.

Сьцісла:

  • Ніякай істотнай палітычнай ролі сілавікі згуляць ня здольныя
  • Гэтых людзей вучаць падпарадкоўвацца загадам, прычым любым загадам
  • У беларускай палітычнай і ўладнай структуры сілавыя ведамствы — ня тыя, дзе прымаюцца рашэньні
  • Кожны зь сілавікоў будзе апэляваць да таго, што ён толькі выконваў загад, а вінаваты той, хто гэты загад аддаў.
  • Улада хацела б адначасова разам з канстытуцыйным рэфэрэндумам правесьці парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары

— У СМІ даволі гучна прайшло інтэрвію падпалкоўніка міліцыі Станіслава Лупаносава, былога супрацоўніка ГУБАЗІКа, які жыве цяпер ва Ўкраіне. Ці можна сказаць, што тая нібыта маналітнасьць у сілавых ведамствах, у чым нас спрабуюць пераканаць кіраўнікі сілавікоў, — на самой справе не існуе?

— Безумоўна, ніякай маналітнасьці і жалезабэтоннасьці няма. Бо гэта ўсё ж вельмі вялікія структуры, і там працуюць вельмі розныя людзі з рознымі інтарэсамі і мэтамі. Адпаведна, у іх пазыцыі могуць адрозьнівацца ад афіцыйнай, там прысутнічаюць розныя меркаваньні.

— Проста калі сілавікі чарговы раз хапаюць кагосьці за бел-чырвона-белыя шкарпэткі альбо выцягваюць з кватэраў за крыкі з вакна, то ў людзей, якія становяцца ахвярамі гэтых рэпрэсіяў, няма адчуваньня, што ў сілавых структурах працуюць розныя людзі. У іх адчуваньне, што людзі там вельмі аднолькавыя, якія гатовыя выканаць любы загад.

— Я размаўляў з рознымі людзьмі, якія трапілі пад каток рэпрэсіяў, і пазыцыя ў іх розная, як і розныя ўражаньні. Ёсьць частка сілавікоў, якія сапраўды дэманструюць празьмернае «рвеньне», але ёсьць іншыя, якія імкнуцца, наколькі гэта магчыма, у гэтай сытуацыі пазьбягаць жорсткіх захадаў.

— Як бы там ні было, крыкі «Міліцыя з народам», якія гучалі ў першыя дні жнівеньскіх падзеяў, даволі хутка зьніклі. Ці будуць беларускія сілавікі мець нейкае значэньне падчас палітычных падзеяў, падчас транзыту ўлады, які адбудзецца ў той ці іншай форме? Ці яны ня граюць ніякай самастойнай палітычнай ролі і моўчкі ўспрымуць палітычныя зьмены?

— Ніякай істотнай палітычнай ролі яны граць ня здольныя. У першую чаргу дзякуючы тым псыхалягічным устаноўкам, якія ўбіваюцца ім у галаву цягам службы. Гэтых людзей вучаць падпарадкоўвацца загадам, прычым любым загадам. Таму, найхутчэй, адбудзецца варыянт, які мы бачылі ў краінах Усходняй Эўропы пры пераходзе да дэмакратыі — эканамічны крызіс, розныя інтарэсы ўладных груповак, народныя патрабаваньні пераменаў прыводзілі да нейкага палітычнага паразуменьня, шырокага кампрамісу і пераходу да дэмакратыі.

Сілавы блёк у большасьці выпадкаў быў адсунуты ад выпрацоўкі і прыняцьця палітычных рашэньняў. Таму не выпадае чакаць, што нехта «пяройдзе на бок народу» альбо, наадварот, «будзе адстрэльвацца да апошняга патрона».

— Нядаўна ў аднаго з расейскіх палітолягаў прагучала меркаваньне, што беларускія сілавікі выступяць супраць перамоваў улады з апазыцыяй, бо гэта ім не патрэбна і толькі наблізіць момант прыцягненьня іх да адказнасьці.

— Умешвацца яны ня могуць, бо ў беларускай палітычнай і ўладнай структуры сілавыя ведамствы — ня тыя, дзе прымаюцца рашэньні. Там толькі выконваюцца рашэньні, якія прымаюцца ў іншых месцах.

Іншая справа, што з улікам вялікага аб’ёму інфармацыі, якая ёсьць у спэцслужбаў, яны могуць ускосна ўплываць на нейкія рэчы, гэта як у любой краіне. Але ўявіць, што чыноўнікі і прадстаўнікі ўлады дамаўляюцца пра нешта з апазыцыйнымі палітыкамі, а потым выходзіць нейкі генэрал і кажа, што гэтага ня будзе, — у Беларусі такое немагчыма.

Што тычыцца будучай адказнасьці — кожны зь сілавікоў будзе апэляваць да таго, што ён толькі выконваў загад, а вінаваты той, хто гэты загад аддаў. А галоўныя загады аддаваў адзін чалавек. Таму ўсіх сабак і генэралы, і палкоўнікі будуць імкнуцца павесіць менавіта на яго.

— Як з гэтага гледзішча варта ацаніць перастаноўкі ў кіраўніцтве сілавых структураў, якія адбываюцца там нашмат часьцей, чым у іншых ведамствах?

— Гэта можна патлумачыць тым, што не хапае надзейных кадраў, ня толькі ў сілавым блёку, але і ў рэгіёнах. Рэгіянальныя вэртыкалі ўмацоўваюцца сілавікамі, якія даказалі сваю адданасьць, як гэта было з Караевым і Вакульчыкам, якія былі накіраваныя адпаведна на Гарадзеншчыну і Берасьцейшчыну. І там, дарэчы, цяпер адбываецца канфлікт вакол Саюзу палякаў.

— Лукашэнка абвясьціў канстытуцыйную рэформу. Якія вы бачыце варыянты трансфэру ўлады — да якога варыянту імкнецца сама ўлада і што можа зрабіць грамадзтва?

— Улада хацела б, як мне падаецца, адначасова, разам з канстытуцыйным рэфэрэндумам, правесьці парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, і правесьці іх старымі кадрамі. Іншая справа, што ў іх ужо ня будзе ўдзельнічаць Лукашэнка, але будзе ўдзельнічаць чалавек, асабіста ад яго залежны, якога ён здольны будзе кантраляваць. Атрымаць гарантыі пераемнасьці ўлады і паставіць усіх перад фактам. Далей варта будзе чакаць пэўнай палітычнай лібэралізацыі, але памяркоўнай і ня хуткай.

Гэтак выглядаюць на сёньня іхныя пляны. Але любая канстытуцыйная рэформа павінна быць прызнаная грамадзтвам, бо іначай — палітычны крызіс будзе паглыбляцца, тым больш ва ўмовах эканамічных праблемаў, што прывядзе да дэстабілізацыі ўсёй сацыяльнай сыстэмы.

Таму — гэта вельмі вялікі выклік перад уладай, як правесьці гэтую канстытуцыйную рэформу, як забясьпечыць прызнаньне новай Канстытуцыі з боку грамадзтва. Неабходны чыньнік — вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў і спыненьне крымінальнага перасьледу людзей, якія вымушаныя былі з палітычных прычынаў пакінуць Беларусь. Іначай проста немагчыма будзе забясьпечыць палітычную легітымнасьць гэтага працэсу.

— Ёсьць яшчэ іншы варыянт — праводзіць канстытуцыйную рэформу без усялякай лібэралізацыі, ва ўмовах працягу рэпрэсіяў, ва ўмовах фактычна ваеннага становішча, што мы назіраем цяпер на вуліцах Менску.

— Я лічу, што яны хочуць пазьбегнуць гэтага варыянту, бо пытаньне для іх ня толькі палітычнае, але перш за ўсё эканамічнае. Відавочна, што ўнутраных рэзэрваў для таго, каб утрымацца хаця б на сёньняшнім узроўні, у эканоміцы няма. Таму трэба абапірацца на зьнешнюю дапамогу. А атрымаць яе, калі ўлада не прызнаная грамадзтвам, сёньня немагчыма. Нават ад Расеі. Бо Расея навучаная прыкладам Януковіча, якому яны далі 3 мільярды даляраў, а новая дэмакратычная ўлада Ўкраіны сказала, што ня будзе несьці адказнасьць за гэтую пазыку, бо гэта фактычна палітычная прыватная пазыка гэтаму чалавеку, а не дзяржаве.

Таму сёньня нават з боку Расеі ёсьць пэўны ціск, каб працэдура транзыту ўлады праходзіла максымальна адкрыта, інклюзіўна і легітымна. Бо Расея таксама зацікаўленая ў стабільнасьці будучай палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

А той сцэнар, які апісалі вы — канстытуцыйная рэформа пад дуламі кулямётаў — гэта яшчэ большая дэстабілізацыя. Гэта прывядзе да новай актывізацыі грамадзтва, але яна ўжо будзе значна больш радыкальнай, чым сёньня.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG