Палітзьняволеная Натальля Хершэ просіць кампаніі замаўляць рабочую вопратку ў калёніі № 4

Натальля Хершэ падчас суду ў верасьні 2020 году

Грамадзянка Швайцарыі, палітзьняволеная Натальля Хершэ зьвярнулася да прадпрыемстваў, каб яны замовілі пашыў цывільнага адзеньня ў гомельскай калёніі № 4, дзе яна адбывае пакараньне.

Пра гэта Свабодзе паведаміў брат палітзьняволенай Генадзь Касьян. Раней Натальля заявіла, што адмаўляецца шыць форму для сілавікоў на вытворчасьці ў калёніі.

Генадзь расказаў, што ўчора ўвечары Натальлі нечакана дазволілі патэлефанаваць яму з калёніі.

«Званок быў нечаканым, Натальлі дазволілі 5-хвілінную размову, але яна цягнулася каля 10 хвілін, яе ніхто не абмяжоўваў, — кажа брат Натальлі. — Першае, пра што яна папрасіла, каб я зьвярнуўся празь СМІ да фірмаў і кампаній, якія маюць патрэбу ў пашыве рабочага адзеньня. Яна просіць, каб яны тэрмінова накіравалі замову ў калёнію на шыцьцё штаноў, куртак; усяго, што патрабуецца на цывільных будоўлях».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аб прашэньні пра памілаваньне нават ня можа быць гаворкі». Што піша Натальля Хершэ з-за кратаў

Паводле Натальлі, у брыгады, зь якой яна працуе, неўзабаве сканчаецца замова на пашыў рабочых штаноў, а новых заказаў няма.

«Апроч шыцьця формы для сілавікоў, які фінансуе дзяржава, у вязьняў калёніі няма ніякіх замоваў. Яна просіць, каб адгукнуліся прыватныя ці дзяржаўныя фірмы, якія могуць даць такую замову», — кажа Генадзь.

Шыць форму для сілавікоў таксама адмовілася і палітзьняволеная Вольга Класкоўская, якая цяпер адбывае пакараньне ў той жа гомельскай калёніі № 4. Таму, калі гэтае пытаньне будзе вырашана, то ўдасца пазьбегнуць канфлікту.

«Іначай адміністрацыя будзе вымушана прымяняць меры ўзьдзеньня на Натальлю і іншых вязьняў, могуць пазбавіць карэспандэнцыі, пасылак, спатканьняў. Каб гэтага ня здарылася, будзем спадзявацца, што нехта адгукнецца, бо багата людзей, супрацоўнікаў фірмаў, якія суперажываюць і могуць даць заказ на пашыў любой цывільнай вопраткі», — кажа Генадзь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенай Вользе Класкоўскай не аддалі перадачу за адмову шыць форму сілавікам

Падчас размовы Натальля сказала, што атрымала першую харчовую пасылку ад брата і ёй дазволілі двухдзённае спатканьне 8 траўня.

«Для мяне гэта таксама добрая навіна, што ідуць насустрач і ня хочуць гэтага канфлікту», — кажа Генадзь.

Паводле брата, Натальля, аднак, не атрымлівае газэту «Новы час», хоць на яе падпісаная.

«З гэтай нагоды я буду пісаць зварот на імя кіраўніка калёніі, каб ён патлумачыў, на якой падставе ёй адмаўляюць у гэтым выданьні, бо на „Валадарцы“ Натальлі дастаўлялі „Новы час“ штотыдзень. Гэта адзінае грамадзка-палітычнае выданьне, зь якога яна даведвалася навіны. У час размовы Натальля спыталася, што новага чуваць. Адзінае, што я сказаў, што 26 красавіка ўсё застаецца ў сіле, я меў на ўвазе санкцыі з боку ЗША. Яна вельмі цікавіцца гэтым пытаньнем. Таму інфармацыйны вакуўм — гэта адзін са сродкаў ціску на палітвязьняў», — кажа Генадзь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Новы час“ чытае як мінімум тысяча зьняволеных». Размова з галоўнай рэдактаркай Аксанай Колб

Паводле Генадзя, у Натальлі добры настрой і голас бадзёры.

«Я чую, што яна не здаецца».

У чым абвінавацілі Натальлю?

Натальлю Хершэ 7 сьнежня пакаралі двума з паловай гадамі зьняволеньня праз абвінавачаньне ў супраціве супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу). 19 верасьня падчас жаночага маршу каля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца. Паводле прысуду, яна мусіць выплаціць пацярпеламу тысячу рублёў. Сваёй віны Хершэ не прызнала. Яна адбывае пакараньне ў жаночай калёніі № 4 Гомля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 300 дзён за кратамі. Галоўнае пра справу Ігара Лосіка