Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аб прашэньні пра памілаваньне нават ня можа быць гаворкі». Што піша Натальля Хершэ з-за кратаў


Палітзьняволеная Натальля Хершэ
Палітзьняволеная Натальля Хершэ

Палітзьняволеная Натальля Хершэ адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 4 гораду Гомля.

Сёньня яе брат Генадзь Касьян меў з Натальляй чарговую 10-хвілінную размову праз тэлефон. Яны дамовіліся пра магчымае двухдзённае спатканьне 8 траўня. Натальля ўжо падала заяву на імя начальніка.

«Спатканьне праходзіць у дамку з выхадам на вуліцу. Там можна гатаваць ежу. А яшчэ могуць дазволіць прынесьці з сабой каля 10 кіляграм харчоў, але не прыгатаваных страў», — піша Натальля ў лісьце.

Паводле Генадзя, Натальлі дазваляюць раз на тыдзень патэлефанаваць дахаты з карткі «Белтэлекам», таксама дазваляюцца відэатэлефанаваньні праз скайп.

Сяброўка, зь якой Натальля сядзела на Акрэсьціна, падпісала яе на дзевяць пэрыядычных выданьняў. Раней Натальля пісала, што атрымала толькі часопіс Forbes, а сёньня падчас размовы сказала, што выданьні прыходзяць, апроч «Новага часу». Начальнік калёніі сказаў, што яна ня будзе атрымліваць гэтае выданьне, бо яно, маўляў, забаронена.

«Мы гэтае пытаньне зь ёй абмяркуем праз скайп. Натальля павінна паведаміць начальніцы атраду, і калі „Новы час“ ёй ня будуць выдаваць, то я буду пісаць скаргу ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, — кажа Генадзь. — Гэта адзіная газэта была для яе, дзе яна магла пачытаць нейкія навіны. Той інфармацыйны вакуўм, які яны робяць для вязьняў, гэта інфармацыйнае катаваньне. Нідзе ні ў якіх правілах не напісана, што яна не павінна атрымліваць палітычныя навіны».

«Я атрымліваю лісты безь лістоў»

Паводле Генадзя, Натальля наракае на праблемы зь лістамі, якія да яе не даходзяць. Адзін зь лістоў, які дасылаў Генадзь, таксама быў ануляваны адміністрацыяй калёніі, маўляў, з прычыны нецэнзурных слоў, хоць насамрэч ён пісаў сястры пра палітычныя падзеі ў краіне.

«Як я ўжо паведамляла, тое бязладзьдзе, якое творыцца з маёй карэспандэнцыяй, я цярплю толькі адзін месяц. Перадай адвакату, што яна павінна падрыхтаваць зварот да адміністрацыі калёніі. Я атрымліваю лісты безь лістоў. У канвэртах знаходзяцца чыстыя аркушы для адказу, чыстыя паштоўкі, чысты канвэрт, і гэта ўсё. Карэспандэнцыю адсейваюць на наяўнасьць палітычных навінаў, — піша Натальля ў адным зь лістоў да брата. — Сёньня была ў начальніка папраўчай калёніі № 4 адносна зьнішчаных лістоў. Начальнік сказаў, што там былі цынічныя выразы. Я вельмі сумняюся, што ўсе 28 лістоў утрымлівалі нешта падобнае».

«Адчуваю, што насьпявае канфлікт»

Натальля Хершэ пачала працу ў калёніі, і спачатку яе пасадзілі за швейную машынку.

«У яе вельмі добра атрымлівалася, і майстры нават зьдзівіліся, што яна так хутка гэта асвоіла. Але яна ў дзяцінстве займалася шыцьцём. Потым там быў нейкі невялікі канфлікт, ёй не дазволілі працаваць у зручным абутку, у красоўках, і пасьля гэтага яе перавялі на падразальшчыцу нітак», — кажа Генадзь.

Натальля піша ў лісьце, што ёй падабалася ачышчаць вырабы ад вытворчага сьмецьця і ставіць кнопкі.

«Шыць, увесь час сядзець на крэсьле, гэта не для мяне. Я буду выконваць працу, якая ў мяне ёсьць (смайлік)».

Потым Натальля сказала, што яе зноў пасадзілі за швейную машынку, яна шые поліэтыленавыя мяшкі, і гэтая праца ёй падабаецца.

«Адзінае, чаго яна ня хоча, калі так раптам складзецца, гэта шыць абмундзіраваньне для сілавікоў. Ад гэтага яна катэгарычна адмаўляецца. Пакуль невядома, як доўга яна будзе шыць тыя мяшкі. Пакуль усё больш-менш нядрэнна».

Аднак у чарговым лісьце Натальля піша, што зноў шые на замову ад цывільнага прадпрыемства.

«Адчуваю, што насьпявае канфлікт, бо форму для сілавых структураў я шыць не зьбіраюся па маіх перакананьнях», — піша зьняволеная.

Натальля працуе то ў другую, то ў першую зьмену, якая цягнецца ад 8 гадзіны да 14.30.

Паводле Генадзя, пасьля зьмены даецца гадзіна, і ўсе ідуць у сталовую з кіпяцільнікамі, каб папіць кавы ці гарбаты. Але там утвараецца чарга, да таго ж Натальля пакуль не атрымала па пошце пасылку з уласным кіпяцільнікам.

«Яна пісала ў папярэднім лісьце, што цягам тыдня пасьля працы, маючы гэтую гадзіну, яна так і не змагла папіць кавы. Бо потым іх гоняць на прагляд ідэалягічнага відэа „Вэктар“, там ім прамываюць мазгі», — кажа Генадзь.

Не дайшоў ліст з малюнкамі Натальлі

На харчаваньне Натальля цяпер ня скардзіцца, кажа, што яно палепшала пасьля яе прапаноў начальніку калёніі. Прэпарат «Амэга-3» Натальля мусіць адаслаць брату назад, каб ён зноў даслаў яго, але ў мэдычнай бандэролі.

Пасьля месяца ў гомельскай калёніі Натальля змагла адзін раз трапіць у спартовую залю.

«Яна займалася спортам і сябе трымае ў форме. Ёй патрэбныя шпацыры і практыкаваньні, тым больш што ў яе хворая сьпіна, яна яшчэ ў Швайцарыі перанесла апэрацыю на пазваночніку. Таму такія разьмінкі і практыкаваньні яна павінна рабіць штодня», — кажа Генадзь.

Раней на Акрэсьціна Натальля малявала сваіх сукамэрніц, а малюнкі дасылала на волю. Калі была яшчэ ў карантыне ў гомельскай калёніі, Натальля адаслала сяброўцы шмат новых малюнкаў у канвэрце А4.

«Гэты ліст недзе згубіўся. У адміністрацыі ёй сказалі, што ён адпраўлены на „Белпошту“. Але адрасат яго так і не атрымаў. Гэта для Натальлі самае крыўднае, бо там былі каштоўныя для яе малюнкі, — кажа брат. — Я думаю, што тут вінаватая адміністрацыя, якая палічыла немэтазгодным адпраўляць, бо наша ж пошта працуе як гадзіньнік».

Малюнак з турмы палітзьняволенай Натальлі Хершэ
Малюнак з турмы палітзьняволенай Натальлі Хершэ

«Ні пра якія прашэньні аб памілаваньні нават ня можа быць гаворкі»

Генадзь напісаў Натальлі, што з 14 красавіка ў Беларусі ўводзіцца інстытут паручальніцтва пры памілаваньні асуджаных. Натальля на гэта адказала ў лісьце: «Генадзь, ты што, пра якое памілаваньне ідзе гаворка? Я не зьбіраюся гэта рабіць і вам усім забараняю. Ні пра якія прашэньні аб памілаваньні нават ня можа быць гаворкі. Я гатовая сядзець два з паловай, але ніякага прашэньня аб памілаваньні яны ад мяне не дачакаюцца. Генадзь, не спрабуй мяне ўгаворваць».

«Памілаваньне — гэта азначае прызнаньне сваёй віны альбо цалкам, альбо часткова. Яна наогул не прызнае сваёй віны ні цалкам, ні часткова. Яна лічыць прысуд абсалютна палітычна матываваным», — кажа Генадзь.

«Веру я не зьбіралася губляць. Безь яе мне проста ніяк нельга, — піша Натальля. — Мне спадабаўся выраз зь Бібліі, які я часта выкарыстоўваю: „Бітву пачаў Бог, а ён даводзіць пачатае да канца“».

У чым зьвінавацілі Натальлю?

Натальлю Хершэ 7 сьнежня пакаралі двума з паловай гадамі зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў супраціве супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу). 19 верасьня падчас жаночага маршу каля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца. Паводле прысуду яна павінна выплаціць пацярпеламу тысячу рублёў. Сваёй віны Хершэ не прызнала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG