Менск (Акрэсьціна): даводзілася прасіць нават туалетную паперу
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», Юлію Міхайлаву, якую асудзілі на 25 сутак за шпацыр зь бела-чырвоным парасонам, утрымліваюць у турме на Акрэсьціна ў цяжкіх умовах разам зь іншымі арыштанткамі: Юлія знаходзіцца ў камэры на дваіх зь яшчэ 8 жанчынамі: чацьвёра сьпяць па двое на ложках, астатнія на падлозе.
Перадачы, якія прыносяць родныя, зьняволеным не перадаюць, як не перадаюць і лістоў; на прагулкі не выводзяць, вакно камэры не адчыняецца. У камэры няма ні кніг, ні паперы, ні асадак. Дзяўчатам няма на чым напісаць скаргі на ўмовы ўтрыманьня. Нават туалетную паперу ім пастаянна даводзіцца прасіць.
Пяць жанчын хварэюць, але ніякіх лекаў ім не даюць. Толькі зрэдку могуць выдаць парацэтамол.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 4 месцы — 23 чалавекі. У якіх умовах сядзяць жанчыны, асуджаныя за прагулку зь бела-чырвонымі парасонаміЖодзіна: забіралі перадачы і запужвалі, з кніг толькі Біблія
Адну з арыштантак затрымалі 26 сакавіка і асудзілі на 13 сутак, якія яна адбыла ў ІЧУ Жодзіна. На Акрэсьціна, дзе дзяўчына была суткі да суду, яе не кармілі — у абед нібыта праз суды, а вячэру на іх «не замаўлялі». Пасьля судовых працэсаў у камэры на 10 чалавек трымалі 20 жанчын.
У Жодзіне спачатку ў камэры на 4 чалавекі іх і было чацьвёра, але потым перавялі ў 10-мясцовую, дзе пасьля 27 сакавіка іх было ўжо 11 чалавек.
«Ежа была больш-менш, аднак мне было цяжка, бо я вэгетарыянка, а на абед і вячэру давалі кашу, зьмяшаную адразу зь мясам ці тушонкай. Немагчыма было есьці капусту, таму, калі яе давалі — усе адмаўляліся і елі толькі хлеб. На Вялікдзень нават далі вараныя яйкі».
Таксама ў камэры не хапала кубкаў, вельмі часта шклянку гарбаты жанчыны дзялілі на дваіх ці нават траіх. Аднойчы яны папрасілі дзевяць порцый супу, бо яшчэ двое адмовіліся, але ім са сьмехам далі 18 талерак. Зь якой мэтай і ў чым жарт — незразумела.
Сродкі гігіены дзяўчатам прыходзілася выпрошваць — давалі толькі па дзьве пракладкі.
«Аднойчы нам увогуле сказалі: „Толькі паспрабуйце рваць прасьціны на пракладкі, мы вас саміх парвём!“ Пасьля перадач стала прасьцей — валянтэры кожнай паклалі па цэлым пачку пракладак».
З 1 красавіка без прычыны ў арыштантак забралі матрацы са словамі «гэты ня мы, нам загадалі, а мы проста выконваем», увечары пачалі надглядаць рэчы і запужваць — біць дубінкай па стале. У адной зь дзяўчат пасьля гэтага адбыўся нэрвовы зрыў, ёй выклікалі доктара, а пасьля — хуткую дапамогу, хоць спачатку дзяжурныя сьмяяліся і ня верылі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабруйчанін з інваліднасьцю: пасьля візыту міністра Кубракова ўмовы для «палітычных» зрабілі невыносныміПразь некалькі дзён у жанчын забралі ўсё, спаць даводзілася на куртках на падлозе ці мэталічных ложках, якія без матрацаў пакідаюць сінякі.
«Перадачкі забіралі „па раскладзе“: да пятніцы тое, што хутка псуецца, да панядзелка — абсалютна ўсё. Адна зьмена казала, што можна пакінуць гарбату і спэцыі, а на наступны дзень іншая зьмена забірала й гэта».
Праз пару дзён пасьля перадачы ў дзяўчат забралі ўсе асадкі, паперу, сшыткі, сканворды, размалёўку-антыстрэс. Забралі нават часопіс, які прыйшоў поштай і прайшоў цэнзуру. Кніг не выдавалі і не перадавалі, быў толькі Новы Запавет.
З выклікам турэмнага доктара былі праблемы, лекаў не выдавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нас разьдзявалі дагала некалькі разоў на дзень». Пэдагог зь Менску расказала пра катаваньні падчас затрыманьняВіцебск: пад’ёмы на праверку 2 разы за ноч
Увечары 19 красавіка зь віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня выйшла на волю Крысьціна Юдзіна, якую затрымалі на Дзень Волі і пасадзілі на 25 сутак, піша «Віцебская Вясна».
Дзяўчына паведаміла, што ўмовы ўтрыманьня ў віцебскім ІЧУ значна пагоршыліся ў параўнаньні з тым, як было раней. З 1 красавіка ў ІЧУ ўвялі рэжым, які прадугледжвае шмат забаронаў.
«Апошнія 19 дзён я правяла ў вельмі цяжкіх умовах: забаронена амаль усё. Нават кнігі і сшытак з асадкай выдаюць толькі на 30 хвілін у дзень. Па калідорах мяне вадзілі ў кайданках, нават у душ», — расказала Крысьціна.
Яе хацелі адправіць адбываць тэрмін у камэру адну. Каб выказаць пратэст, яна адмовілася ад ежы. Толькі пасьля гэтага дзяўчыну перавялі ў іншую камэру.
«Калі толькі трапіла ў ІЧУ, мяне апытаў лекар, пацікавіўся, ці ёсьць у мяне хранічныя захворваньні. Я пералічыла ўсе свае хваробы, але гэта ніякім чынам не паўплывала на ўмовы адбыцьця. Калі я прасіла таблеткі амэпразолу ад гастрыту, лекарка мне адмовіла і параіла зьвярнуцца да сваякоў. А начальнік ІЧУ прапанаваў весьці здаровы лад жыцьця», — расказала віцяблянка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекары падрабязна расказалі пра катаваньні ў ізалятарах на «сутках»Крысьціна кажа, што ад 6-й раніцы і да самага адбою з камэры забіралі матрац і коўдру. Даводзілася сядзець увесь дзень на лаўцы ці на падлозе, падаслаўшы ручнік.
Крысьціна заўважыла, што матрацы забіралі толькі з камэр, дзе сядзелі «палітычныя». Яна двое сутак адседзела ў камэры сама.
Перадачы ад 1 красавіка ў Віцебску таксама забаранілі. Таму Юдзіна атрымала толькі адну перадачу, а астатнія ёй аддалі толькі пры выхадзе з ізалятару. Не аддавалі нават сродкаў гігіены.
Таксама ад пачатку красавіка зьявілася новае «правіла»: падʼём па 2 разы за ноч на праверку.
Па дарозе дахаты дзяўчына скардзілася на галавакружэньне і слабасьць. Пры гэтым за такое ўтрыманьне Крысьціне давядзецца заплаціць 362 рублі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вяртаньне пасылкі было для мяне ўдарам». Што адбываецца ў зьняволеньні з палітвязьнямі Паўлам Сьпірыным і Вольгай Класкоўскай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зламаўся тэлевізар у камэры». Ігар Лосік за кратамі 292 дні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скаргі на катаваньне хлёркай затрыманых улады назвалі «ўкідамі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта можа здарыцца паўсюль, калі людзям дазволяць». Наглядчыцы СС хлусілі, што за адмову ад працы пацярпелі б самі