Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйчанін з інваліднасьцю: пасьля візыту міністра Кубракова ўмовы для «палітычных» зрабілі невыноснымі


Сяргей Бяляеў, архіўнае фота
Сяргей Бяляеў, архіўнае фота

38-гадовага бабруйчаніна Сяргея Бяляева, які мае хваробу Паркінсона, 20 дзён трымалі ў мясцовым ізалятары. Шэсьць зь іх ён галадаў, адмаўляючыся ня толькі есьці, але і прымаць прапісаныя лекі.

На галадоўку інвалід 3-й групы наважыўся пасьля таго, як супрацоўнікі вязьніцы забралі ў яго матчыну перадачу. Створаныя для асуджаных за Дзень Волі ўмовы ў ізалятары мужчына называе катаваньнем.

Амапаўцы «ветліва» даставілі ў міліцыю

Сяргея Бяляева затрымалі 25 сакавіка ў Бабруйску, калі ён, прагульваючыся, сустрэў знаёмага Ўладзімера Міхалапа. Да мужчын тут жа падбеглі міліцыянты. Уладзімеру загадалі ісьці за імі, а Сяргею дамоў.

Суразмоўца кажа: не пасьпеў ён далёка адыйсьці, як амапаўцы «ветліва» прапанавалі яго падвезьці і даставілі ў гарадзкое ўпраўленьне ўнутраных спраў. Там даведаўся, што быў удзельнікам несанкцыянаванага шэсьця: ішоў у калёне з чатырох чалавек. Ні сьцягоў, ні іншай атрыбутыкі, якія б даказвалі ягоную віну, пры ім не было.

Дзень да суду Сяргей Бяляеў правёў у мясцовым ізалятары. У ім два месяцы таму ён адседзеў трое сутак. Супрацоўнікі сустрэлі былога сядзельца словамі: «Што, зноў да нас? Відаць, мінулы раз не даседзеў».

Судзілі мужчыну з інваліднасьцю там жа, у ізалятары. Сяргей сьцьвярджае, што судзьдзя не задаволіла ягонай просьбы адкласьці разгляд справы і дазволіць зьезьдзіць дадому па лекі. Тры гады таму яму ўжывілі нэўрастымулятар і абавязалі прымаць адмысловы прэпарат кожныя чатыры гадзіны. Калі графік парушаецца, яго пачынае трэсьці, ногі і рукі працінаюць сутаргі. Замест неабходных лекаў фэльчар дала яму валідол.

Сяргея прызналі вінаватым у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства — і асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту. Пасьля суду звазілі дамоў, дзе ён сабраў неабходнае для няволі.

Умовы зрабілі больш жорсткімі пасьля візыту міністра

Першую сваю адседку Сяргей Бяляеў называе санаторыем у параўнаньні з тым, што зазнаў за 20 дзён другі раз. Кажа, што за гэтыя дні напакутаваўся.

У ізалятары даведаўся, што 25 сакавіка, акрамя яго, схапілі яшчэ пяць чалавек. Па ягоных словах, першыя 6 дзён «палітычныя» сядзелі ў прымальных умовах, хоць трое зьняволеных — Іван Манько, Уладзімер Міхалап, Павал Кабанчук — абвясьцілі былі галадоўку супраць «несправядлівага прысуду».

Сяргей кажа, што стаўленьне да «палітычных» зьмянілася пасьля таго, як 31 сакавіка Бабруйск наведаў міністар унутраных спраў Іван Кубракоў. Умовы адбыцьця пакараньня зрабілі больш жорсткімі. Адзін з супрацоўнікаў пад сакрэтам сказаў, што такое распараджэньне быццам даў сам кіраўнік ведамства.

Па словах Бяляева, асуджаных без тлумачэньня перавялі на ўмовы карцэрнага рэжыму. Забралі перадачы, што родзічы прынесьлі напярэдадні. Прысуды абскардзіць не было як, бо забралі і паперу, і асадкі. Пакінулі бяз сродкаў гігіены і абутку. Некаторыя хадзілі па камэры босыя.

Забралі пасьцельную бялізну, матрацы, падушкі, коўдры, таму спалі «на голых дошках», адзначае Сяргей Бяляеў. Ён кажа, што на дні па некалькі разоў пераводзілі з камэры ў камэру, дзе ложкаў было ў два разы меней, чым сядзельцаў, таму спалі па чарзе. Аднойчы апынуліся ўшасьцёх у камэры на дваіх.

Ноччу наглядчыкі рабілі асуджаным пераклічку, уключалі радыё ды яркае сьвятло. Зьняволеныя спалі па тры гадзіны ноччу, а ўдзень адсыпацца не давалі. На нараканьні наглядчыкі адказвалі, што «гэта ня нашы праблемы» і што вязьні «мусяць ведаць, за што заслужылі такое стаўленьне».

«Падчас галадоўкі было кепска, што ня мог хадзіць»

Да галадоўкі Сяргей далучыўся пасьля таго, як ахоўнікі забралі і ў яго прынесеную маці перадачу. Ён адмовіўся ня толькі есьці, але і прымаць лекі. Па ягоных словах, першыя дні галадаваньне на самаадчуваньні не адбівалася. Потым сталі даймаць галаўныя болі. Далей пагоршала настолькі, што ня мог хадзіць: яго дужа калаціла. Тады адзін з супрацоўнікаў угаварыў асуджанага выпіць таблетку і прынёс гарачай гарбаты.

Сяргей Бяляеў кажа, што спыніць галадаваньне іх угаворваў начальнік ізалятара. Абяцаў зьмякчыць умовы для «палітычных». Асуджаныя пагадзіліся. Тады для іх сталі прымаць перадачы, але сродкі гігіены і пасьцельную бялізну не вярнулі. У душ звадзілі толькі на дзясяты дзень у няволі.

На той момант усе шасьцёра галадоўнікаў знаходзіліся ў адной камэры. Трое зь іх прабылі ў галадоўцы па дзесяць дзён. Яшчэ трое — па шэсьць.

Сяргеева маці Ірына пра сынава галадаваньне даведалася ад супрацоўніка ізалятара, які праз тэлефон папрасіў яе забраць перадачу. Увесь гэты час яна ня ведала, за што асудзілі сына.

«У камэры было холадна. Грэліся бутэлькамі з гарачай вадою»

Сяргей кажа, што да «палітычных» падсаджвалі людзей асацыяльных паводзінаў. Неяк «ушчыльнілі» бадзягам з тэмпэратурай. Той расказаў, што пагадзіўся пасядзець зь імі за двайную порцыю ежы.

Паводле Сяргея, найбольш цяжкімі для яго былі апошнія тры дні нявольніцтва. У ізалятары адключылі батарэі, і ў камэрах стала холадна. Каб заснуць і сагрэцца, асуджаныя набіралі ў плястыкавую бутэльку гарачай вады і клалі яе пад курткі. Супрацоўнікі на просьбы выдаць коўдры адказвалі, што «не паложана».

Сяргей кажа, што ў камэрах удзень грымела радыё, а ўначы не выключалі яркае сьвятло, якое не давала спакойна спаць. Пакуль ён не гатовы казаць, ці адаб’ецца гэта на здароўі, але прызнаецца, што самаадчуваньне нядобрае. Яму ўжо тэлефанавалі лекары, якія назіраюць за ім, каб тэрмінова зьявіўся на агляд.

«Перажытае ў ізалятары — гэта катаваньне, — падсумоўвае Сяргей. — Адно што ня білі. Раз нас наведаў намесьнік пракурора, і калі даведаўся пра гэта, то спакойна разьвітаўся. Нас катавалі гучна ўключаным радыё, пабудкай уначы ды наагул нялюдзкімі ўмовамі».

25 сакавіка ў Бабруйску былі затрыманыя шасьцёра мясцовых жыхароў. Івана Манько ды Ўладзімера Міхалапа асудзілі на 30 дзён арышту. Дваццаць дзён, як і Сяргей Бяляеў, правёў у ізалятары Аляксандар Парахневіч, які цяпер на волі. Па 15 сутак атрымалі Сяргей Мардушкоў ды Павал Кабанчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG