Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас разьдзявалі дагала некалькі разоў на дзень». Пэдагог зь Менску расказала пра катаваньні падчас затрыманьня


Аляксандра Шастакова.
Аляксандра Шастакова.

З магілёўскага ІЧУ вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе 62-гадовую Аляксандру Шастакову, пэдагога зь Менску. Яе абвінавачваюць па 369 артыкуле Крымінальнага кодэксу (зьнявага прадстаўніка ўлады) за камэнтар пад адным з пастоў у фэйсбуку.

Аляксандра Шастакова — карэнная мянчанка, на пэнсіі. Цяпер працуе пэдагогам дадатковай адукацыі, вядзе дзіцячую студыю акторскага майстэрства «Хачу на сцэну». У кастрычніку мінулага году брала ўдзел у відэазвароце «Сумленныя настаўнікі Беларусі супраць гвалту». За ўдзел у маршы пэнсіянэраў яе аштрафавалі на 30 базавых.

Пасьля вызваленьня з магілёўскага ізалятара Аляксандра ўчора да трэцяй гадзіны ночы і сёньня ад шостай раніцы адказвала на камэнтары, паведамленьні і тэлефанаваньні знаёмых і незнаёмых ёй людзей.

«Мяне падтрымлівалі бацькі вучняў майго мужа, якога няма ўжо больш як два гады, бацькі маіх вучняў, якія ў выпадку, калі мяне звольняць, гатовыя наняць памяшканьне, каб я далей працавала, — кажа Аляксандра. — Учора гэта мяне расчуліла да сьлёз. Гэта людзі, якія трымалі сувязь з маімі сынамі, пыталіся, што са мной і дзе я. Мне нават неяк няёмка, бо я не народны герой, але быў шквал перажываньняў, пастоў. Гэта вельмі грэе і дапамагае перажыць тое, што я перажыла гэтыя тры дні».

Што здарылася?

5 красавіка на кватэры Аляксандры Шастаковай супрацоўнікі крымінальнага вышуку зрабілі з санкцыі пракурора вобшук. Спадарыня Аляксандра праходзіла сьведкай па крымінальнай справе, пачатай у Магілёве, за камэнтар пад пастом пра міліцыянта, які зьбіў лекара. Яна нават ня памятае той пост у лістападзе. Ёй паказалі скрыншот, дзе яе камэнтар з аднаго слова «тварь» ідзе пасьля нецэнзурнага камэнтара. Яна патлумачыла, што так рэагавала на нецэнзурны камэнтар.

Пасьля вобшуку ў жанчыны забралі кампутар і тэлефон.

«У іх была задача выняць „прылады злачынства“. Для мяне балюча толькі адно, бо ў кампутары ёсьць папка „Мае песьні для Сашы“, якія муж запісаў за два месяцы да сваёй сьмерці. Я яшчэ ня ведала, што ён памірае, а ён ужо ведаў. Ну, і мой дзёньнік, які я вяду пасьля яго сьмерці і яму прысьвячаю. У мяне валасы становяцца дыбарам, калі я разумею, што нехта чужы гэта глядзіць, чытае. Гэта нібы табе ў душу ўлезьлі з бруднымі нагамі».

9 красавіка ў 7.24 раніцы пазванілі ў дзьверы кватэры, зайшлі чатыры чалавекі з пастановай аб тым, каб даставіць Аляксандру ў Магілёў, дзе пачатая крымінальная справа па 369-м артыкуле за зьнявагу аднаго з супрацоўнікаў Ленінскага РУУС. Ёй сказалі, што яна праходзіць падазраванай і яе затрымліваюць на 72 гадзіны.

«Па мяне прыехалі цэлы палкоўнік, падпалкоўнік, нейкая дзяўчына, менскі апэратыўнік. Мне далі сабрацца, бо я яшчэ спала ў гэты час», — кажа жанчына.

У Магілёве Аляксандру дапыталі ў Сьледчым камітэце, потым адвезьлі ў РУУС у «обезьянник», дзе яна правяла 7 гадзін. Сюды ж даставілі яшчэ дзьвюх жанчын зь Менску, якія за камэнтары праходзяць па той самай справе і тым самым артыкуле.

«У нас бедная краіна. Але па мяне адправілі машыну з Магілёва, гэта больш за 400 кілямэтраў. Яшчэ дзьве мае сукамэрніцы таксама зь Менску, і па іх таксама адпраўлялі машыну. Гэта ж колькі грошай за бэнзін аддалі, каб нас, такіх „злачынцаў“, даставіць і пасадзіць на трое сутак? Апроч гэтага, нас агулам суправаджалі дзевяць чалавек, і кожнаму зь іх, відаць, плацілі камандзіровачныя. А там камэнтароў пад тым пастом, як мне сказалі, каля 400. Дык вось колькі грошай патраціць дзяржава, каб задаволіць некага пакрыўджанага», — кажа Аляксандра.

«Першую ноч нам наогул не далі спаць»

Магілёўскі ізалятар часовага ўтрыманьня, ілюстрацыйнае фота
Магілёўскі ізалятар часовага ўтрыманьня, ілюстрацыйнае фота

Паводле Аляксандры, дзьве яе сукамэрніцы, якіх забралі адразу пасьля ператрусу, былі ў шокавым стане. Адна зь іх маладзейшая за Аляксандру на тры гады, а другая на восем. Іх таксама вызвалілі ўчора раніцай.

«З нас там зьдзекаваліся. Я гэта расцэньваю як катаваньні. Нам надзявалі кайданкі, нас разьдзявалі дагала некалькі разоў на дзень, аглядалі нават нашу бялізну. У камэры мы спалі на голых дошках. Замест падушкі была двухлітровая бутэлька з вадой. Нам не дазвалялі сядзець на нарах, дзе можна было прыхіліцца сьпінаю да сьцяны, толькі на лаўцы. Нас вадзілі на допыты і не давалі ўначы спаць», — кажа Аляксандра.

Аляксандра дзьве гадзіны правяла ў халодным аўтазаку, калі іх перавозілі з пастарунку ў ізалятар, бо прапусьціла наперад іншых дзьвюх жанчын.

«Калі вывелі з аўтазака, надзелі кайданкі. Мне адвакат прынёс 4 літры вады, і я з хворай сьпінай свае торбы несла перад сабой у руках з кайданкамі. Потым прывялі ў пакой надгляду зь відэакамэрай, дзе прымусілі разьдзецца дагала, рукі за сьпінай скавалі кайданкамі. Я хвілін 20 стаяла так голая, пакуль яны ашчупвалі ўсё да бялізны, — кажа жанчына. — Першы дзень я была галодная. Бутэрброды, якія былі з сабой, не дазволілі ўзяць у камэру, хоць дазволілі ўзяць ваду. Шакалядныя батончыкі, якія мне купіў адвакат у Магілёве, таксама ўзяць не дазволілі. Калі вада скончылася, нам давялося піць з-пад крана».

Магілёўскі ізалятар часовага ўтрыманьня, ілюстрацыйнае фота
Магілёўскі ізалятар часовага ўтрыманьня, ілюстрацыйнае фота

У камэру жанчына трапіла толькі каля дзясятай вечара.

«Мы толькі леглі на нары, на дошкі без матрацаў, як праз 10 хвілін сьвятло ўключылі. Праз пару гадзін адчынілі вакенца, і нам загадалі падысьці і назвацца. Не пасьпелі легчы, празь дзьве гадзіны зноў загадалі падысьці да вакенца і назваць свае прозьвішчы. Прычым грукалі жалезам: „Устаць!“, — кажа жанчына. — Потым зноў грукнулі, і нейкі юнак спытаўся: „Барышні, вам туалетка і мыла патрэбныя?“ Паперу яны выдавалі, наматаўшы мэтры тры на руку, і штораз мы павінны былі яе прасіць. Я адказала, што я яму ня „барышня“, а бабуля. То бок першую ноч нам наогул не далі спаць».

Паводле Аляксандры, у ІЧУ служаць розныя людзі, ёсьць садысты, а ёсьць тыя, хто спрабуе неяк аблягчыць пакуты тых, хто там апынуўся.

«На наступны дзень паднялі, прынесьлі анучу на швабры з хлёркай, каб мы памылі камэру. Хлёрка там ажно булькала на ёй. Мы памылі. Пад нарамі знайшлі новыя мужчынскія трусы, і мы іх выкарысталі, каб прыбраць у камэры, — кажа Аляксандра. — Потым зноў на надгляд. Рукі завялі за сьпіну, і нам праз вакенца надзелі кайданкі, вывелі ў калідор, загадалі стаць тварам да сьцяны, галаву ўніз. Потым нас завялі ў калідорчык і зноў загадалі разьдзецца дагала. Пасьля сьняданку прыехаў нейкі супрацоўнік, мы зь ім пагутарылі пра перамены, пра ўсё. Я яму сказала, што не зьбіраюся хаваць свае погляды, што думаю, тое і кажу. Перад абедам нас зноў павялі на надгляд, разьдзявалі дагала. Прычым там адчынілі балькон, і быў скразьняк. Я прасіла зачыніць, бо ў мяне хворая сьпіна. Адна дзяўчына зачыніла, а другая — не. Перад вячэрай зноў павялі на надгляд і зноў разьдзявалі».

Потым Аляксандру і іншых дзьвюх жанчын зь Менску перавялі ў суседнюю камэру, дзе яны правялі дзьве ночы.

«Гэтая камэра была пракураная настолькі, што нават мае сукамэрніцы, якія самі кураць, кашлялі. У мяне быў бронхаспазм, бо я не пераношу паху дыму. Я наглядчыкаў папярэдзіла, але мне сказалі, маўляў, калі будзе дрэнна, выклічам хуткую. Мы ўключылі ваду ў кране, каб зьбіць гэты пах. У камэры было вельмі брудна».

Сына затрымалі, яго аўтамабіль застаўся ў Магілёве

Сын Аляксандры Павал, які даведаўся, што маці вязуць у Магілёў, паехаў побач на сваім аўтамабілі.

«Прычым мы спыталі суправаджаючых, ці можна са мной паехаць, і яны дазволілі. Сын быў якраз на Магілёўскай шашы, бо адвозіў маю маці ў кляштар у Ляды. Ён пад’ехаў, пасыгналіў і памахаў рукой, — кажа Аляксандра. — У Магілёве Паўла затрымалі, маўляў, на машыне перабітыя нумары».

Сына трымалі ў тым жа РУУС, пакуль маці не перавялі ў ІЧУ. Але аўтамабіль не аддалі, пакінулі ў Магілёве нібыта для экспэртызы.

«Уявіце, ён вяртаўся бяз грошай, ня мог трапіць на працу, у яго трое дзяцей. Ня змог забраць бабулю з манастыра ў Лядах, яна дабіралася дадому з чужымі людзьмі. Пакуль была ў ІЧУ, уся трывога была за сына, — кажа Аляксандра. — Мяне папярэдзілі, што па маёй справе да суду будуць выклікаць на сьледчыя дзеяньні ў Магілёў, куды я мушу дабірацца сама, потым будзе суд».

Магілёўскі ізалятар часовага ўтрыманьня, ілюстацыйнае фота
Магілёўскі ізалятар часовага ўтрыманьня, ілюстацыйнае фота

«Камэнтар з аднаго слова, літаратурнага і біблейскага»

Да свайго перасьледу Аляксандра Шастакова ставіцца як да беззаконьня.

«Гэта проста сродак запалохваньня, дэмаралізацыі. Тое, што з намі адбывалася ў ІЧУ, — гэта катаваньні і прыніжэньне чалавечай годнасьці. Не было неабходнасьці нас затрымліваць, — кажа Аляксандра. — Раней ніхто б і ўвагі не зьвярнуў на гэты камэнтар з аднаго слова, дарэчы, літаратурнага і біблейскага. Ён бязадрасны, там не напісана імя, наогул нічога».

Аляксандра даглядае 82-гадовую маці і сястру-інваліда, але пры затрыманьні гэтага не ўлічылі.

«Мая маці прайшла падчас вайны нямецкі дзіцячы дом, у два з паловай гады апынулася там у гета ў Менску, яе згубілі падчас эвакуацыі. Яна ўсю вайну прабыла ў нямецкім дзіцячым доме, у яе бралі кроў. Таму ў мяне генэтычная памяць і загартоўка, — кажа Аляксандра. — Цяпер маці 82 гады, яна манахіня, служыць званаром у царкве. Калі яна такое вынесла, то і я вынесу таксама».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG