Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргі на катаваньне хлёркай затрыманых улады назвалі «ўкідамі»


Кадар зь відэа МУС
Кадар зь відэа МУС

МУС заявіла, што ў менскім і жодзінскім ізалятарах правялі праверкі і не знайшлі ні ў каго апёкаў вачэй, цяжкага дыханьня ці іншых сымптомаў атручэньня хлёрам.

Сукамэрнікі тых, хто скардзіўся на катаваньні, ні на што не наракаюць.

Фактаў звароту па мэдычную дапамогу з гэткіх нагодаў не зафіксавана.

Паводле МУС, памяшканьні сапраўды дэзынфікуюць сродкамі на аснове хлёркі. Але робяць гэта для змаганьня з каранавірусам — і кажуць, хворых на COVID-19 ужо паменела. Зьняволеных з камэраў на час апрацоўкі выводзяць.

Дзяніс Урбановіч пасьля арышту ў жодзінскім ізалятары расказваў, як адбываецца дэзынфэцыя.

«Заходзіць ахоўнік і вылівае на падлогу вядро з вадой, у якую ўсыпаная хлёрка. Хлёркі столькі, што доўга дыхаць немагчыма. Нехта можа і апёкі атрымаць. Тлумачаць, што гэта патрэбна для дэзынфэкцыі ад каранавірусу. Там такі ахоўнік ёсьць, Вікенцьевіч, я яго ведаю. Кажу яму: «Дык дайце анучу, каб падлогу выцерці». Адказвае: «Здымі штаны і выцірай».

«Завялі ў душ і пачалі зьбіваць палкай. Маёр назіраў». Дзяніс Урбановіч пра зьдзекі ў Жодзіне

Мастачка Ліза Ганчарова пасьля арышту на Акрэсьціна.

«Зачынялі „кармушку“, закрывалі ўвесь кісларод і проста залівалі хлёркай. Мы гэтым дыхалі, у нас запалілася сьлізістая ва ўсіх. Рабілі гэта з пэрыядычнасьцю раз на два дні», — расказала дзяўчына.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў пасьля арышту ў Жодзіне расказваў, што ў карцар, дзе ён быў, залілі шмат хлёркі, і людзям стала дрэнна празь некалькі хвілін. У самога Казлова моцна балелі вочы.

У лістападзе электрамантажнік Юры Шафранскі расказваў пра Акрэсьціна:

«У камэру залівалі вядро хлёркі, паўдня балота стаяла. Яны самі да нас баяліся заходзіць, таму што смурод стаяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG