Натальля Петухова адбывае 30 сутак адміністрацыйнага арышту, а Юлія Міхайлава — 25 сутак за шпацыр зь бел-чырвона-белымі парасонамі на праспэкце Пераможцаў у Менску.
Пра ўмовы іх утрыманьня ў ЦІП на Акрэсьціна расказала дзяўчына, якая нядаўна выйшла на волю і была зь імі ў адной камэры.
Фатаздымкі жанчын зь бел-чырвона-белымі парасонамі і ў бел-чырвона-белай вопратцы, якія шпацыравалі ў Менску па праспэкце Пераможцаў, зьявіліся ў інтэрнэце 6 красавіка. Такія шпацыры пад лёзунгам «Я гуляю» працягваліся са жніўня 2020-га.
Дзяўчына, якая папрасіла не называць яе імя, расказала, што Юлію Міхайлаву спачатку зьмясьцілі ў камэру на чатыры месцы, дзе ўжо былі 23 чалавекі.
«Матрацаў і бялізны не было, на шпацыры ніхто не выводзіў, і перадачы перадалі толькі адзін раз, 9 красавіка, пяцём дзяўчатам з 22-х. У перадачы быў шампунь, два слоічкі менш за 100 мл, яго ўсім не хапіла. У адным слоічку была налітая вада замест шампуня. Я, напрыклад, калі прыбыла на Акрэсьціна, першы раз памыла галаву толькі праз 8 дзён».
Дзяўчаты спалі па дзьве на «шконцы», астатнія на падлозе. Калі 10 красавіка перавялі ў камэру на два месцы, дзе было 9 вязьняў, пяць чалавек спалі на падлозе, а чацьвёра на нарах.
«Камэру немагчыма было праветрыць, толькі іншым разам адчынялі „кармушку“ на калідор. Днём там горача, а ўначы яшчэ холадна, скразьняк з усіх шчылін, дзяўчаты пачалі хварэць. Было падазрэньне, што ў адной паднялася тэмпэратура, але памераць яе ў першы вечар не было магчымасьці, сказалі, што доктар у гэты дзень ужо больш ня прыйдзе», — кажа дзяўчына.
У вязьняў не было неабходных гігіенічных рэчаў, выдавалі толькі кавалак гаспадарчага мыла і туалетную паперу. Дзяўчына сказала, што перад вызваленьнем пакінула вязьням свае рэчы, каб мелі што апрануць, бо ўначы там холадна.
«Туалетную паперу трэба было ўвесь час прасіць, наглядчыкі адмотвалі кавалак і прапіхвалі скрутак рваных паперак. У душ і на шпацыр ніхто не выводзіў. Адзін раз выводзілі на калідор, адчынялі вакно і казалі — маўляў, вось ваш шпацыр, дыхайце», — кажа яна.
«Вечарам у камэру вылівалі вядро вады з хлёркай»
У вязьняў не было паперы, каб напісаць скаргу начальніку ЦІП на ўмовы ўтрыманьня. І калі адной зь дзяўчат прынесьлі таблеткі ў невялікай паперцы, то вязьні зьбіраліся напісаць гэтую заяву на ёй.
«Праверкі праводзілі тры разы на дзень, а вечарам у камэру вылівалі вядро вады з хлёркай, маўляў, дзеля дэзынфэкцыі. Мяккія наглядчыкі налівалі меней, а жорсткія вылівалі цэлае вядро, так што трапляла на нейкія рэчы. Вязьням было цяжка, адна была астматыкам, але гэта нікога не хвалявала».
У вязьняў забіралі зубныя шчоткі і адзіную на ўсіх расчоску. Адабралі кнігу. Калі знаходзілі, забіралі нават даміно, якое рабілі з хлеба.
«Аднойчы нам не далі гарбаты, бо ў іх, маўляў, зламалася пліта. Мы паднялі бунт, бо дзяўчаты хварэлі, для хворага горла патрэбна была хоць нейкая гарачая вадкасьць. Праз пару гадзін кухарка зрабіла нам гарбату і наліла ў плястыкавыя бутэлькі».
Дзяўчына кажа, што сваякі ёй двойчы перадавалі перадачы, але аддалі іх толькі перад выхадам на волю, прычым не далі сьпіс, каб спраўдзіць зьмесьціва пакета.
«Я ня ведаю дакладна, ці ўсё мне аддалі, што перадавалі сваякі. І сваякі дрэнна памятаюць, што было ў перадачы, бо нешта прымушалі даставаць. Але, мяркуючы па тых перадачах, якія атрымалі дзяўчаты раней, напрыклад, у сьпісе былі цыгарэты, але іх не было, недзе быў шампунь ці крэм, але ў перадачы іх не было».
У камэру таксама падсялілі дзьвюх бяздомных жанчын.
«У абедзьвюх былі вошы, адна зь іх была буйная, увесь час пагражала. Калі мы прасілі яе перасяліць, наглядчыкі нам проста сьмяяліся ў твар і ніхто не рэагаваў. Калі адной з гэтых жанчын далі сродак ад вошай, то яна пагражала, што вылье яго нам у твар. Нам даводзіліся яе ўціхаміраваць і кантраляваць».
«Гэта жаданьне пазьдзекавацца зь людзей?!»
Сястра Юліі Міхайлавай Лілія Субач, якая пачула расповед ад сукамэрніцы сястры, называе гэтыя ўмовы ўтрыманьня на Акрэсьціна неадэкватнымі.
«Ствараюцца ўмовы, калі чалавеку вельмі некамфортна, калі ён ня можа пераапрануцца, калі ў яго не хапае нейкіх гігіенічных сродкаў, — кажа Лілія. — Альбо гэта жаданьне пазьдзекавацца зь людзей?! Што адчувае супрацоўнік, якія ён перажывае эмоцыі і якія мае мэты, калі вылівае шампунь і замест яго аддае дзяўчатам ваду? Мне цяжка гэта зразумець».