Пра жанчын, якія наймаліся на працу ў Равэнсбрук, расказваюць у артыкуле ВВС.
«Гэта былі страшныя людзі», — прыгадвае 98-гадовая жыхарка Лёндану Сэльма ван дэ Пэр, галяндзкая габрэйка, якая трапіла ў Равэнсбрук за ўдзел у Супраціве.
Аднак на здымках, якія экспануюцца ў музэі, наглядчыцы — прыгожыя маладыя (пераважна ад 20 да 30 гадоў) жанчыны з моднымі фрызурамі, некаторыя зь дзецьмі.
І яны абслугоўвалі «лягер сьмерці», дзе загінулі ня менш як 30 тысяч жанчын. Усяго ж праз Равэнсбрук прайшло больш як 120 тысяч вязьняў з усёй Эўропы. Сярод іх і ўдзельніцы Супраціву, як Сэльма ван дэ Пэр, і тыя, каго нацысты лічылі «лішнімі» — габрэйкі, лесьбіянкі, прастытуткі і бяздомныя.
«Ім падабалася іхная праца, таму што яна давала ўладу, — успамінае Сэльма ван дэ Пэр. — Яны вельмі кепска абыходзіліся са зьняволенымі. Білі».
Шмат якія наглядчыцы паходзілі зь бедных сем’яў, ня здолелі атрымаць адукацыю і ішлі працаваць у канцлягер, каб атрымаць фінансавую самастойнасьць і палепшыць умовы жыцьця.
«Служба тут ім здавалася прывабнейшай, чым праца на фабрыцы», — тлумачыць дырэктар музэю мэмарыялу «Равэнсбрук» Андрэа Генэст.
Некаторых з 30 тысяч ахвяраў задушылі ў газавых камэрах і павесілі, але большасьць загінулі ад голаду, хваробаў і непасільнай працы.
У наглядчыц, натуральна, ніякіх праблем ні з харчаваньнем, ні з мэдыцынай не было. І адпачынак быў хоць і ня вельмі разнастайны, але прыемны: вакол — прыгожыя краявіды, лес, возера.
«Білі, мучылі і забівалі жанчыны-наглядчыцы, — піша карэспандэнт ВВС. — Некаторым зь іх зьняволеныя давалі мянушкі накшталт „Крывавая Брыгада“ і „Ганна-рэвальвэр“.
Падчас пасьляваенных працэсаў над нацыстамі адну зь іх, Ірму Грэзэ, прэса празвала «красуняй-пачварай». Маладую прывабную бляндынку прызналі вінаватай у забойствах і павесілі.
...Але толькі 77 наглядчыц гітлераўскіх лягераў былі прыцягнутыя да адказнасьці, а асуджаных яшчэ менш.
Пасьля шмат хто з гэтых жанчын не ўспамінаў мінулага. Яны выйшлі замуж, зьмянілі прозьвішчы і растварыліся ў пасьляваенным асяродзьдзі».
ВВС паведамляе, што апраўданьні некаторых былых наглядчыц, што, калі б яны адмовіліся ад працы, іх напаткаў бы лёс зьняволеных, — хітрасьць: архівы Равэнсбруку сьведчаць, што шмат якія новыя супрацоўніцы звальняліся, калі даведваліся, чым ім давядзецца займацца, і ніякіх адмоўных наступстваў для іх гэта ня мела.
«Я думаю, яны былі звычайнымі людзьмі, якія рабілі д’ябальскія справы, — кажа Сэльма ван дэ Пэр пра наглядчыц. — Думаю, на такое здольныя многія, нават тут, у Англіі. Думаю, гэта можа здарыцца паўсюль, калі людзям дазволяць».