Справа аб «забойстве Лукашэнкі» і «вайсковым перавароце» — правакацыя, балбатня ці іншы шлях зьменаў, які пацярпеў няўдачу? Як гэтая справа адаб’ецца на беларуска-расейскіх адносінах? Якое значэньне мае гэтая справа ў спрэчках пра мірныя і нямірныя шляхі зьмены ўлады?
На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае Аляксандар Марозаў, расейскі палітоляг, навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру Барыса Нямцова ў Празе, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS (The International Strategic Action Network for Security).
Марозаў
- Калі казаць пра змову, то гэта, безумоўна, інсцэніроўка
- Я мяркую, што яна рыхтавалася з таго часу, як беларускія ўлады абвінавацілі Ціханоўскую ў экстрэмізьме, у падрыхтоўцы перавароту
- Стала відавочна, што беларускія спэцслужбы гэта будуць рыхтаваць
- Але са штабам Ціханоўскай гэта было зрабіць немагчыма
- Яны адпачатку і ўвесь час падкрэсьлівалі, што іх дзейнасьць носіць выключна мірны характар
- Для Лукашэнкі канструяваньне такой «змовы» — гэта вялікая каштоўнасьць
- 22 красавіка, калі ён сустрэнецца з Пуціным, ён будзе «прадаваць» Пуціну гэтую «змову», як ён «прадаваў» Пуціну стужку перамоваў «Ніка і Майка»
- Як ні дзіўна, гэта ў іхных адносінах працуе
- Было кола беларускіх апазыцыянэраў, не зьвязанае са штабам Ціханоўскай, якія вялі размовы пра «дзень Х»
- Гэта вельмі небясьпечная тэма
- Расейцам гэта нагадвае справу блогера Мальцава і справу арганізацыі «Новая веліч»
- Мальцаў публічна абвяшчаў дзень рэвалюцыі 5 лістапада — таксама пэўны «дзень Х»
- Гэта зь ягонага боку была такая напалову гульня. У выніку ён мусіў уцякаць за мяжу, а людзі, якія яму паверылі, трапілі пад сьледзтва
- У справах Алега Сянцова і крымскіх татараў вельмі праглядаецца правакацыйны характар, канструяваньне спэцслужбамі падпольных арганізацыяў
- Абмеркаваньне беларускімі апазыцыянэрамі «дня Х» было шчырае, але беларускі КДБ за гэта ўхапіўся і пачаў будаваць сваю гульню
- Я быў зьдзіўлены, што Фядута і Зянковіч далі сябе ў гэта ўцягнуць
- Самае сумнае ў гэтай гісторыі — гэта сынхранізацыя дзеяньняў КДБ Беларусі і ФСБ Расеі
- ФСБ затрымала двух чалавек, нягледзячы на тое, што гэта была інсцэніроўка
- У Расеі цяпер хваля справаў пра экстрэмізм, Пуціну вельмі выгадная такая справа аб змове ў Беларусі, інсьпіраванай з-за мяжы
- Я адпачатку глядзеў на беларускія пратэсты не ў адпаведнасьці з мадэльлю Майдану
- Перамога рэвалюцыі годнасьці ва Ўкраіне стала магчымай дзякуючы ўцёкам Януковіча
- Гэта стала вынікам яго чалавечай слабасьці, ён меў магчымасьці ўтрымаць сытуацыю
- На беларускую сытуацыю я глядзеў праз прызму вопыту Вэнэсуэлы
- Фундамэнтальным адрозьненьнем беларускіх пратэстаў ад Майдану было тое, што ніводзін дэпутат беларускага парлямэнту не падтрымаў пратэсты
- Войска ва Ўкраіне было нэўтральнае, а ў Беларусі было ясна, што Лукашэнка можа выкарыстаць і войска
- У Беларусі можна было ладзіць намётавыя мястэчкі, але яны б адразу былі разбураныя
- Беларуская апазыцыя — і старая, і новая — ведае і памятае, што ў сыстэме Лукашэнкі няма нормаў
- Наіўна думаць, што супраць гэтага магчымы нейкі вайсковы пераварот
- Людзі, якія выйшлі на пратэст у Беларусі, — гэта мадэрнізаваная сярэдняя кляса, якая вырасла пасьля скасаваньня санкцыяў
- Гэтыя людзі наагул ня мысьляць у паняцьцях нейкага перавароту
- Цяпер у Расеі не гучаць галасы, што трэба дзейнічаць больш рашуча
- Войска і іншыя сілавыя структуры захоўваюць высокую ляяльнасьць Пуціну асабіста
- Калі б зараз у Расеі нейкія апазыцыянэры пачалі размаўляць пра «дзень Х», іх палічылі б правакатарамі
- Я чуў выступы былога афіцэра беларускіх спэцслужбаў Ігара Макара, які казаў, што ёсьць расслаеньне сярод беларускіх сілавікоў
- Мне гэтыя сьцьвярджэньні падаліся беспадстаўнымі
- Падчас пратэстаў мы бачылі, што ёсьць людзі, у тым ліку і ў сілавых структурах, якія гатовыя сысьці са сваіх пасадаў і пакінуць Беларусь
- Яны гатовыя ўцякаць, гатовыя выйсьці з гульні
- Але яны не гатовыя ладзіць супраціў унутры гэтых сілавых структураў, бо цана гэтага супраціву надзвычай высокая, а вынік вельмі малаімаверны