«Партыя БНФ пасьлядоўна трымаецца прынцыпаў законнай і празрыстай палітычнай дзейнасьці, прынцыпова адмаўляе і асуджае любыя формы гвалту або экстрэмізму як сродкаў дасягненьня палітычных мэтаў, у тым ліку — з боку цяперашняй улады або яе прыхільнікаў», — гаворыцца ў заяве партыі.
У ёй падкрэсьліваецца, што партыя «дзейнічае выключна законнымі мэтадамі» і лічыць шырокі грамадзка-палітычны дыялёг адзіна магчымым шляхам вырашэньня цяперашняга крызісу, а старшыня партыі Рыгор Кастусёў зьяўляецца адным зь цьвёрдых прыхільнікаў такой палітычнай лініі. Касусёў заўсёды строга трымаецца статуту партыі БНФ, які «не прадугледжвае і ня можа прадугледжваць ніякіх іншых, апроч законных, негвалтоўных, празрыстых і талерантных мэтадаў палітычнай дзейнасьці».
«Адпаведна, мы лічым немагчымым і абсалютна выключаем удзел Рыгора Кастусёва ў любых формах абмеркаваньня, а тым болей — плянаваньня якіх-кольвек гвалтоўных дзеяньняў або замахаў», — гаворыцца ў заяве.
У ёй чальцы партыі БНФ патрабуюць вызваленьня Рыгора Кастусёва і перакананыя, што на волі Рыгор Кастусёў здолее абвергнуць усе падозраньні і даць вычарпальныя тлумачэньні адносна любых абвінавачваньняў у свой адрас.
- Старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове, пасьля чаго павезлі ў Менск. У той жа дзень у Маскве затрымалі палітоляга Аляксандра Фядуту, а на наступны дзень — амэрыканскага юрыста зь грамадзянствамі Беларусі і ЗША Юрася Зянковіча.
- 17 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі ўзброены мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей. Сярод магчымых арганізатараў ён назваў Цэнтральнае разьведвальнае ўпраўленьне і Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША і абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі Рыгора Кастусёва, Юрася Зянковіча і Аляксандра Фядуту.
- Пасьля ў КДБ заявілі аб прадухіленьні «спробы ўзброенага мяцяжу ў Беларусі і ліквідацыі прадстаўнікоў улады, у тым ліку кіраўніка дзяржавы».