Галоўная мэта — мацней прывязаць да Расеі
Палітоляг, кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу «Пента» Ўладзмір Фясенка мяркуе, што ў цяперашняй сытуацыі, калі Аляксандар Лукашэнка стаў больш залежным ад Расеі, можа павялічыцца пагроза вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны празь беларускую тэрыторыю.
«Такія рызыкі існавалі і раней. Я магу сказаць нават больш, бо чуў ад некалькіх колішніх дыпляматаў такую інфармацыю, што Расея разглядала такі варыянт і нават зандавала такі сцэнар празь беларускае кіраўніцтва ў 2014-2015 гадах, калі была актыўная фаза вайны. Потым былі ж вялікія вучэньні, таму такія рызыкі былі і раней. І цяпер застаюцца. Яны павялічацца тады, калі мы пабачым канцэнтрацыю расейскіх войскаў у Беларусі каля ўкраінскіх межаў», — сказаў Свабодзе Ўладзімір Фясенка.
Палітоляг перакананы, што ўдзел ФСБ Расеі ў раскрыцьці нібыта «дзяржаўнага перавароту» зьяўляецца жаданьнем мацней правязаць Аляксандра Лукашэнку да Расеі.
«Хутчэй за ўсё, расейскі бок палохае Лукашэнку, грае на ягоных фобіях і спрабуе на яго псыхалягічна паўплываць, каб яго яшчэ больш запалохаць, увесьці яго ў нэрвовы стан, каб ён зразумеў, што ў яго няма іншага выйсьця, чым поўнасьцю „легчы“ пад Расеі. Інакш усё закончыцца кепска для яго. „Падступныя заходнія спэцслужбы“ яго проста прыбяруць. Вось у чым пераконваюць Лукашэнку».
Уладзімір Фясенка таксама не выключае, што яшчэ адной мэтай гэтай «спэцапэрацыі» Расеі зьяўляецца спроба канчаткова разарваць усе магчымыя кантакты прадстаўнікоў беларускай улады з Эўрапейскім зьвязам і ЗША.
«Расейцы пішуць, што Лукашэнка спрабаваў аднавіць такую схаваную гульню ў аднаўленьне дыялёгу з Захадам, каб трохі зьмякчыць санкцыі і каб Захад зьмірыўся з тым, што Лукашэнка застаецца пры ўладзе, і ён тады зноў змог бы гуляць на супярэчнасьцях між Захадам і Расеяй. Такая традыцыйная для яго палітыка. Расейцы пра гэта ведаюць, і для таго, каб цалкам нэўтралізаваць нават такія прывідныя спробы ці фантомныя ўяўленьні пра спробы Лукашэнкі знайсьці нейкае паразуменьне з Захадам і аднавіць кантакты, каб цалкам абарваць усе сувязі з Захадам, патрэбна была гэтая гісторыя з гэтым „пераваротам“. Таму што псыхалягічна, эмацыйна, мяркуючы па заявах Лукашэнкі, гэта на яго паўплывала. Яны такім чынам цалкам абсякаюць тое, што засталося ў кантактах з Захадам, а з другога боку, яшчэ мацней яго прывязваюць, робяць залежным ад Расеі».
«Беларусь патрэбна Расеі фармальна незалежнай»
Намесьнік старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны ў 2014–2015 гадах Віктар Ягун зьвяртае ўвагу на тое, што Расея не разглядае шэраг постсавецкіх краін, у тым ліку Беларусь і Ўкраіну, у сваёй стратэгіі вонкавай выведкі.
«Таму ўсе спэцыяльныя апэрацыі ажыцьцяўляе Фэдэральная служба бясьпекі. У Беларусі ёсьць цэлае ўпраўленьне ФСБ, якое, вядома ж, працуе ў інтарэсах Расеі, гэта 36 чалавек, такая група афіцэраў ФСБ, якія там аўтаномна працуюць і пра іх усе ведаюць. І яны цяпер вырашылі чарговы раз паставіць Лукашэнку на месца, запалохаўшы і цалкам узяўшы яго ў сваю парадыгму. Яны знарок прадумалі гэтую спэцапэрацыю, самі справакавалі гэтых людзей, якія нічога надзвычайнага ня кажуць. Гэта з разраду балбатні на кухні. Сур’ёзных намераў там няма», — сказаў Віктар Ягун.
Паводле яго, запалохваньне Лукашэнкі магчымай стратай пасады і пагрозамі ягонаму жыцьцю і жыцьцю ягоных дзяцей дазваляе Расеі ўзяць яго цалкам пад свой кантроль.
«Яны яго цалкам акучваюць, бяруць пад свой кантроль з пэрспэктывай, што будуць усё ж прынятыя нейкія зьмены ў Канстытуцыю і ён будзе заменены на больш ляяльную і кіраваную асобу», — мяркуе экспэрт.
«Найбольш цікава, што ніхто ня ставіць за мэту цалкам ліквідаваць незалежнасьць Беларусі. Таму што, ліквідуючы незалежнасьць Беларусі, Расея страціць у міжнародных арганізацыях адзін голас. Гэта тая ж самая гісторыя, калі Савецкі Саюз выкарыстоўваў у ААН галасы УССР і БССР для падтрыманьня сваіх ініцыятыў, і такім чынам СССР меў адразу тры галасы. Такая ж сытуацыя і тут. Ім патрэбна кіраваная асоба на пасадзе прэзыдэнта, каб цалкам узяць пад кантроль дзяржаву, але намінальна. І наступнае — уцягнуць Узброеныя сілы Беларусі ў правакацыі супраць яе суседзяў і такім чынам канчаткова прывязаць Беларусь у парадыгму так званага „русского мира“, якую будуе Расея», — перакананы Віктар Ягун.
Паводле яго, павялічваецца і пагроза выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі для расейскай агрэсіі супраць Украіны.
«Паглядзіце, нават у гэтай абсурднай сытуацыі зьявіліся нейкія ўкраінскія нацыяналісты, якія зьбіраюцца там некага захопліваць і ўдзельнічаць у нейкіх сілавых акцыях. Гэта яўны сьлед Расеі, а па другое, — уся ж апэрацыя была праведзеная на тэрыторыі Расеі і сіламі ФСБ, а потым праінфармавалі Лукашэнку, што яны яго ўратавалі. Я не выключаю ажыцьцяўленьня нейкай узброенай правакацыі на мяжы Беларусі і Ўкраіны, і такім чынам фактычна адбудзецца ўцягваньне беларускіх сіл (ня мае значэньне — узброеных, памежных ці сілавых) у прамое баявое сутыкненьне з Украінай».
«Шлях на сілавое ўтрыманьне ўлады»
Украінскі вайсковец Андрэй Цецярук, які ў свой час служыў у міратворчай місіі ў Косава і ваяваў на Данбасе, а потым працаваў дэпутатам Вярхоўнай Рады, мяркуе, што ўся гісторыя зь «дзяржаўным пераваротам» і ўдзелам у ім «украінскіх нацыяналістаў» прыдуманая для таго, каб апраўдаць усе незаконныя дзеяньні і Расеі, і Беларусі.
«Няма ніводнага адсотку праўды ў тым, каб украінцы бралі ўдзел у якім-небудзь дзяржаўным перавароце. Наадварот, мы выказвалі падтрымку беларускаму народу, каб яны працягвалі барацьбу супраць пакалечанага уладай чалавека, якім ёсьць Лукашэнка. Ён відавочна ўзурпаваў уладу і спрабуе любым чынам, у тым ліку і незаконным сілавым спосабам, утрымаць яе. Таму яны цяпер шукаюць усім гэтым свавольным дзеяньням апраўданьні, што вакол іх існуюць ворагі», — сказаў Андрэй Цецярук.
Вайсковец таксама лічыць, што супольныя заявы ФСБ Расеі і КДБ Беларусі аб нібыта дзяржаўным перавароце і пагрозе фізычнага зьнішчэньня Лукашэнкі, сьведчыць аб павелічэньні залежнасьці Аляксандра Лукашэнкі «ад волі Крамля і асабіста Пуціна».
«Па-другое, гэта сьведчыць пра нарошчваньне расейскай прапаганды супраць Украіны і працяг сумнавядомай рыторыкі пра расьпятае дзіця — гэта усё дэгуманізацыя ворага, якім яны прадстаўляюць украінцаў для сваіх грамадзян».
«І, па-трэцяе, яны такім чынам рыхтуюць сваіх беларускіх і расейскіх выбарнікаў да таго, што яны будуць у пэўным сэнсе страчваць свае (выбарчыя) правы, бо Пуцін і Лукашэнка зацікаўленыя ў сілавым утрыманьні ўлады насуперак тым працэсам, якія будуць адбывацца як унутры, так і звонку іх краін. Таму яны знайшлі вонкавых ворагаў, у тым ліку Украіну, і цяпер фармуюць вобраз ворага ў інфармацыйнай прасторы. Гэта для нас, вядома, небясьпека. І, безумоўна, украінская ўлада мусіць супрацьдзейнічаць такім брудным інфармацыйным тэхналёгіям», — перакананы Андрэй Цецярук.
- 17 красавіка Лукашэнка заявіў пра затрыманьне групы асобаў, якая нібыта плянавала замах на яго і ягоных дзяцей, і зьвязаў яе са спэцслужбамі ЗША. Гаворка ідзе пра затрыманых у Маскве палітоляга і паліттэхноляга Аляксандра Фядуту і амэрыканскага адваката беларускага паходжаньня Юрыя Зянковіча, а таксама старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якога затрымалі ў Шклове.
- Фэдэральная служба бясьпекі Расеі выступіла з заявай, у якой сьцьвердзіла, што дапамагла прадухіліць вайсковы пераварот у Беларусі. Ён нібыта плянаваўся на 9 траўня, хаця сёлета парад на дзяржаўнае сьвята Дзень Перамогі не заплянаваны.
- Расейскае ведамства таксама заявіла, што замах на жыцьцё Лукашэнкі і ягоных дзяцей рыхтаваўся пры ўдзеле беларускіх і ўкраінскіх нацыяналістаў і з кансультацыямі ЗША і Польшчы.