Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча назвала хлусьнёй заяву ФСБ Расеі аб рыхтаваным замаху на Лукашэнку


Кшыштаф Шчэрскі
Кшыштаф Шчэрскі

Кіраўнік канцылярыі польскага прэзыдэнта Анджэя Дуды заявіў, што Польшча ня ўдзельнічае ні ў чым падобным.

Польшча абвергла заявы Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі аб датычнасьці да падрыхтоўкі замаху на Аляксандра Лукашэнку, піша БелаПАН.

«Польшча ніколі ня ўдзельнічала, не плянавала і не плянуе ніякіх дзеяньняў для падрыхтоўкі замаху на Аляксандра Лукашэнку. Калі хтосьці або Лукашэнка гаворыць такія рэчы, то ён хлусіць. Польшча ня ўдзельнічае ні ў якіх падобных дзеяньнях. Прашу гэта пачуць. І ведаць: калі хтосьці гэта Лукашэнку падкідвае, яго падманваюць», — заявіў кіраўнік канцылярыі польскага прэзыдэнта Кшыштаф Шчэрскі ў эфіры тэлеканалу TVP Info.

Польшча, як і ўсе краіны Цэнтральнай і Заходняй Эўропы, не прызнае Лукашэнку законна выбраным прэзыдэнтам Беларусі; урады краін лічаць выбары сфальсыфікаванымі і заклікаюць афіцыйны Менск выпусьціць палітвязьняў і спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў і зьняволеных.

17 красавіка ФСБ Расеі паведаміла, што затрыманыя ў Маскве беларускі палітоляг Аляксандар Фядута і амэрыканскі адвакат беларускага паходжаньня Юры Зянковіч плянавалі вайсковы пераварот у Беларусі і фізычную ліквідацыю Лукашэнкі. Сьцьвярджалася, што ў расейскую сталіцу Зянковіч прыбыў «пасьля праведзеных кансультацый у ЗША і Польшчы».

Фядуту і Зянковіча вывезьлі ў Беларусь. На іх і на старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якога затрымалі ў Шклове, завялі крымінальную справу ў ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу «Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Максымальнае пакараньне — 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Раней абвінавачаньні Расеі адкінулі ў ЗША, заявіўшы, што ўсё агучанае Масквой абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG