Чаму ўлады забаранілі сёлета сьвяткаваньне Дня Волі? Ці стала гэтае сьвята народным, ці адбылося зь ім тое ж, што адбылося зь бел-чырвона-белым сьцягам? Ці нападае афіцыйная прапаганда на БНР гэтак жа зацята, як на бчб-сьцяг?
Гэтыя тэмы ў Клюбе Свабоды абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Клюб Свабоды — новы фармат абмеркаваньня на плятформе аўдыёчатаў Тэлеграму.
Your browser doesn’t support HTML5
Чаму ўлады не далі дазвол на сьвяткаваньне Дня Волі?
Карбалевіч
- Сёлета ня проста не задаволілі заяўку на сьвяткаваньне, але яшчэ і затрымалі лідэра сацыял-дэмакратаў Ігара Барысава, які падаваў гэтую заяўку
- Амаль усе з 30 тысяч затрыманьняў, якія адбыліся зь лета мінулага году, — за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях
- Па БТ увесь час гавораць, што і ў Эўропе разганяюць несанкцыянаваныя акцыі
- Але ў Беларусі, як высьвятляецца, правесьці санкцыянаваную акцыю немагчыма
- Калі б зараз дазволілі акцыю на Бангалоры, туды прыйшло б вельмі шмат людзей
- І гэта паказала б, што крызіс нікуды не падзеўся
- Леташнія пратэсты пачаліся таксама зь легальных мітынгаў у падтрымку зарэгістраванай кандыдаткі Ціханоўскай
Ці стаў Дзень Волі народным сьвятам?
Цыганкоў
- Бел-чырвона-белы сьцяг стаў сапраўдным сымбалем пратэсту ў тым ліку і для тых, хто быў далёкі ад нацыянальна-дэмакратычных ідэяў
- Зьміцер Дашкевіч расказваў пра тое, як у рэстаран каля Курапатаў прыяжджаюць на машынах людзі з бчб-стужкамі
- Людзі, якія ня ведаюць пра 25 сакавіка, зараз даведваюцца пра гэтую дату з тэлеграм-каналаў, якія заклікаюць маніфэставаць у гэты дзень
- Мяркую, што кола людзей, для якіх Дзень Волі стаў іх сьвятам, пашырылася, але не настолькі, як кола людзей, для якіх стаў сваім бчб-сьцяг
Ці нападае прапаганда зараз на БНР?
Карбалевіч
- Пакуль прапаганда супраць БНР не такая агрэсіўная, як супраць бчб-сьцяга
- Але асобныя рэплікі ёсьць, на СТВ паказвалі фільм, як падчас вайны калябаранты сьвяткавалі 25 сакавіка пад бел-чырвона-белымі сьцягамі
- Магчыма, кампанія супраць БНР пачнецца пасьля 25 сакавіка
- Сытуацыя робіцца ўсё больш чорна-белай
Чаму падчас сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР не ўспаміналі пра «генацыд у Хатыні пад бчб-сьцягам»?
Цыганкоў
- Зараз барацьба супраць сьцяга — гэта барацьба супраць сымбаля, які дарагі для ўсіх людзей, якія зараз выступаюць супраць Лукашэнкі
- У 2018 годзе, калі ішла «мяккая беларусізацыя», была пэўная лібэралізацыя і палітычнага жыцьця
- Таму і дазволілі сьвяткаваньне 25 сакавіка
- Тады супраць Лукашэнкі масавых пратэстаў не было, таму тады і не было патрэбы змагацца з сымбалем пратэстаў
Чаго баіцца ўлада на Дзень Волі?
Карбалевіч
- Лукашэнка — перастрахоўшчык. Ён заўсёды робіць захады з разьлікам на большую пагрозу, чым яна ёсьць у рэальнасьці
- Акрамя таго, ёсьць мэта запалохаць насельніцтва. Так рабілася заўсёды
- У 2017 годзе таксама пужалі, што завозіцца зброя з Украіны і рыхтуюцца тэракты
Ці ня ёсьць умовай перамогі рэвалюцыі ў Беларусі крах рэжыму Пуціна?
Карбалевіч
- Чыньнік Расеі вельмі моцны, уплыў Расеі вельмі моцны
- Адным з чыньнікаў, які даў Лукашэнку магчымасьць утрымаць уладу ў самы крытычны момант, была падтрымка Расеі і яе гатоўнасьць увесьці ў Беларусь нават вайсковыя злучэньні
- Цэлы тыдзень пасьля пачатку пратэстаў у Беларусі, пасьля 9 жніўня, Расея маўчала і назірала
- Калі б тады пратэст перамагаў, то Расея была б вымушаная зьмірыцца ці выступіць у ролі мадэратара
- Ня думаю, што на 100% усё залежыць ад Расеі, ад беларускага грамадзтва залежыць больш
Расейскі трыкалёр выкарыстоўвалі тамтэйшыя калябаранты — наколькі гэты аргумэнт важкі ў беларускай дыскусіі наконт бел-чырвона-белага сьцяга?
Цыганкоў
- Калябаранты з нацыстамі шмат у якіх краінах выкарыстоўвалі нацыянальныя сьцягі
- Сьцяг не вінаваты ў тым, што кепскія людзі яго выкарыстоўвалі
- Аргумэнт наконт выкарыстаньня трыкалёру расейскімі калябарантамі вельмі важкі, Расея блізкая беларусам
- Сапраўды, трыкалёр выкарыстоўвалі ўласаўцы і іншыя расейскія калябаранты, выкарыстоўвалі, дарэчы, у тым ліку і ў Беларусі
- Паколькі праціўнікі бчб-сьцяга такія сябры з Расеяй, дык узьнікае пытаньне — з кім жа вы інтэгруецеся, з нашчадкамі ўласаўцаў?
Які прагноз на заўтрашні і бліжэйшыя дні?
Карбалевіч
- Ёсьць пытаньне, ці будзе размах пратэстаў на гэтым тыдні такім жа, якім ён быў у жніўні-верасьні летась
- Зараз істотна падвысілася цана ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях, была вялікая эміграцыя, шмат людзей зьехала ад палітычных рэпрэсіяў
- Летась на пратэстах лета-восені людзі разьлічвалі, што можна дамагчыся адстаўкі Лукашэнкі і новых выбараў, цяпер шанцы на гэта зьнізіліся
- Але ўсе прагнозы наконт рэвалюцыяў — няўдзячныя, у такіх прагнозах памыляліся нават вялікія рэвалюцыянэры