Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады адмовілі арганізатарам Дня Волі ў Менску і Магілёве


Дзень Волі ў Менску, 2019 год
Дзень Волі ў Менску, 2019 год

Ініцыятары адзначэньня 103-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі сумняваюцца, што ўлады санкцыянуюць супольную заяўку на сьвяткаваньне.

Арганізатарам сьвяткаваньня Дня волі ў Менску прыйшоў адмоўны адказ зь міліцыі на іх просьбу заключыць дамову.

Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. У ГУУС Менскага гарвыканкаму аргумэнтавалі сваю адмову тым, што на фоне пандэміі каранавірусу і заклікаў шэрагу «экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў» выходзіць на вуліцы правядзеньне масавага мерапрыемства не ўяўляецца магчымым.

Апратэставаць рашэньне ў судзе да 25 сакавіка нерэальна праз абмежаваныя тэрміны, мяркуе Кастусёў, і гэта азначае, што афіцыйны дазвол гарвыканкаму заяўнікі наўрад ці атрымаюць.

9 сакавіка Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За свабоду» і грамадзкая арганізацыя БНФ «Адраджэньне» падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне шэсьця і мітынгу, прысьвечаных Дню Волі.

Ужо тады яны сутыкнуліся зь нежаданьнем асобных дзяржаўных структураў ісьці насустрач. Так, атрыманьне дазволу на масавую акцыю наўпрост прывязалі да пагадненьняў на яго «абслугоўваньне» з боку міліцыі, камунальнікаў і мэдыкаў. Насустрач пайшлі толькі апошнія.

Напярэдадні ў Менску затрымалі старшыню БСДП Ігара Барысава. Ён дастаўлены ў ізалятар на Акрэсьціна і чакае суду ў адміністрацыйнай справе, сутнасьць якой паплечнікі ўдакладняюць.

Ня шмат аптымізму і ў кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. У размове са Свабодай ён ня выключыў, што наступным у ліку затрыманых можа апынуцца або ён, або другі заяўнік Юрась Губарэвіч.

Заяўніка магілёўскага мітынгу да Дня Волі пракурор папярэдзіў аб адказнасьці

Магілёўскага актывіста АГП Рамана Давыдава, які зьвярнуўся ў гарвыканкам па дазвол на правядзеньне мітынгу ў Дзень Волі, 22 сакавіка пракуратура папярэдзіла аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці за арганізацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

Раман Давыдаў кажа, што прафіляктычную гутарку, якую запісвалі на відэа, праводзіў пракурор гораду Дзьмітры Лянчэўскі. Зь ягоных словаў ён зразумеў, што гарадзкая адміністрацыя не дазволіла мітынгу.

Пракурор даводзіў актывісту, што той «да канца не ацэньвае становішча і адказнасьці за правядзеньне гэтага мерапрыемства» бо, калі на мітынг «прыйдуць дэструктыўныя элемэнты», гэта можа прывесьці да бойкі зь непрадказальнымі наступствамі.

Адказу з гарвыканкаму наконт мітынгу Раман Давыдаў яшчэ не атрымаў і чакае яго найбліжэйшым часам.

Заяўка была пададзеная на пачатку сакавіка. У ёй адзначана, што на мітынг 25 сакавіка ў вызначаным кіраўніцтвам гораду месцы для масавых сходаў грамадзян зьбярэцца да 900 чалавек.

Раней старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Іван Тэртэль заяўляў, што спэцслужбам вядома пра «спробы дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне» 25-27 сакавіка. У сваю чаргу намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў прыгразіў, што ўсялякія несанкцыянаваныя акцыі будуць жорстка спыненыя, як і падчас выбарнай кампаніі.

Незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі абвешчана 25 сакавіка 1918 году. Гэты дзень апанэнты дзейнага рэжыму адзначаюць як Дзень Волі. На 100-гадовы юбілей улады дазволілі вялікі мітынг-канцэрт на пляцоўцы каля Опэрнага тэатру. У іншыя гады акцыі жорстка душыліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG