Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні, арышты і ператрусы напярэдадні Дня Волі. Хроніка перасьледу 24 сакавіка

абноўлена

Алега Гулака выклікалі ў Сьледчы камітэт на допыт у крымінальнай справе.
Алега Гулака выклікалі ў Сьледчы камітэт на допыт у крымінальнай справе.

Ператрусы, затрыманьні і выклікі на допыты з боку сілавікоў актывізаваліся напярэдадні сьвяткаваньня 25 сакавіка.

У Наваполацку затрымалі актывістаў рабочага руху

У Наваполацку затрымалі былых нафтанаўцаў, актывістаў Аляксея Драбіцкага і Аляксандра Капшуля, экс-юркансультанта прадпрыемства, які адпрацаваў на заводзе 20 гадоў. Вядома, што Капшуля затрымалі па дарозе ў суд, дзе ён зьбіраўся прадстаўляць інтарэсы свайго падабароннага.

Раней сілавікі затрымалі Сяргея Лапунова і Андрэя Шкірэнку, якія таксама бралі ўдзел у запісе відэа ў падтрымку галасаваньня, абвешчанага Сьвятланай Ціханоўскай на плятформе «Голас».

Як паведаміла Tut.by старшыня суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на ААТ «Нафтан» Вольга Брыцікава, усе чацьвёра затрыманых цяпер знаходзяцца ў ГАУС, ім інкрымінуецца артыкул 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Напад на магілёўскага актывіста

Магілёўскага актывіста Аляксея Барысава затрымалі і зьбілі. Ён заявіў, што гэта зрабілі супрацоўнікі ГУБАЗіК.

Цяпер мужчына знаходзіцца ў лякарні. Як паведамляе тэлеграм-канал MayDay, актывіста схапілі побач з домам, пасьля чаго беспрычынна зьбілі. Нібыта за тое, што некалі ён адміністраваў дваровы чат.

На фатаграфіі, якую даслаў актывіст рэсурсу, відаць, што ўдары наносіліся ў тым ліку ў раён галавы. У выніку моцна падскочыў ціск, які ўдалося зьбіць толькі ў мэдустанове.

Напярэдадні 25 сакавіка Аляксея Барысава выклікалі на прафіляктычную размову да пракурора.

Пазбаўленьне адвакацкіх ліцэнзій

Адвакаты Вольга Баранчык і Барыс Ляскоўскі не прайшлі пазачарговую атэстацыю Міністэрства юстыцыі, распавёў «Медиазоне» адвакат Сяргей Зікрацкі. Усяго на атэстацыю выклікалі каля дзясятку адвакатаў. Вольга Баранчык — былая старшыня дысцыплінарнай камісіі Менскай абласной калегіі адвакатаў, Барыс Ляскоўскі — сябра гэтай камісіі.

Самага Зікрацкага — абаронцу журналістак «Белсату» за стрым з «Плошчы Пераменаў», у справе «Прэс-клюбу» — таксама выклікалі на пазачарговую атэстацыю да 12.30.

Пачынаючы са жніўня 2020 году некалькі адвакатаў у Беларусі пазбавіліся ліцэнзій. Сярод іх абаронца Віктара Бабарыкі і Марыі Калесьнікавай Аляксандр Пыльчанка і абаронца Калесьнікавай Людміла Казак.

На пасяджэньне Рады калегіі адвакатаў на 18:00 выклікалі адваката палітзьняволеных Віктара Бабарыкі і Максіма Знака Дзьмітрыя Лаеўскага.

Арышт адміністратару чату «Атоліна»

Затрыманага за распаўсюд пратэставых улётак і газэт адміністратара чату «Атоліна» 40-гадовага Паўла Юхневіча арыштавалі на 15 сутак. Супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі яго 19 сакавіка недалёка ад Менску «падчас перавозкі газэт пратэставага толку і стыкераў зь незарэгістраванай сымболікай».

Па словах прэс-сакратаркі МУС Чамаданавай, «у аўтамабілі і гаражы апэратыўнікі выявілі больш за 15 тысяч асобнікаў газэт, звыш 12 тысяч стыкераў і 4,5 тысячы апазыцыйных улётак. У доме мужчыны таксама канфіскавалі газэты, БЧБ-палотны і ноўтбук».

На Юхневіча склалі пратакол за непадпарадкаваньне пры затрыманьні, хаця на міліцэйскім відэа выразна бачна, што непадпарадкаваньня не было, піша тэлеграм-канал «„Вясна“ назірае». У судзе Менскага раёну судзьдзя Аляксей Кропачаў прызнаў Юхневіча вінаватым у непадпарадкаваньні і пакараў мужчыну 15-сутачным арыштам.

Ператрусы і затрыманьні ў Калінкавічах, Маладэчне, Менску

У Калінкавічах з раніцы 24 сакавіка сілавікі прыходзяць у кватэры людзей, якіх у верасьні 2020 году судзілі за ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях. А 7-й раніцы пачаўся ператрус у доме прадпрымальніка і мастачкі Мікалая і Марыны Міхеевых. Пазьней іх даставілі ў Калінкавіцкі РУУС.

Таксама раніцай міліцыя прыйшла да актывіста Мікалая Судаса. Яму прад’явілі пастанову на ператрус у справе аб абразе міліцыянта і канфіскавалі тэлефон. Самога Мікалая затрымалі.

Незалежнага назіральніка на выбарах-2020 Аляксандра Елісеева міліцыянты забралі наўпрост з-пад кропельніцы ў мясцовай лякарні, дзе ён знаходзіўся на стацыянарным лячэньні. Яму прад’явілі пастанову на ператрус па арт. 188 (паклёп) нібыта за паведамленьні ў тэлеграм-чаце «Мазыр для жыцьця».

У Маладэчне раніцай па месцы жыхарства затрымалі Аляксандра Новаша. Да яго прыехалі людзі ў цывільным на сінім мікрааўтобусе і чорным аўтамабілі. Вобшуку не было, але, па словах жонкі, ніякай прычыны затрыманьня не назвалі. У жніўні Аляксандра судзілі за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Блогер Ягор Тубелевіч раніцай паведаміў, што незнаёмыя людзі ломяцца да яго ў кватэру. Пазьней праваабаронцы даведаліся, што яго падазраюць у блякаваньні цягнікоў у Лідзкім раёне. Дома засталіся жонка і дзіця. Тубелевіча павезьлі ў невядомым кірунку, а з кватэры забралі тэхніку, нацыянальны сьцяг, нататнік з «Пагоняй» і ліст ад палітвязьня Ігара Лосіка.

Раніцай у пад’езьдзе па дарозе на працу затрымалі лекара Руслана Бадамшына. Гэта ўжо пятае яго затрыманьне са жніўня 2020 году. Нэўроляга, які за папярэднія месяцы адбыў 48 дзён арышту, даставілі ў Першамайскі РУУС Менску, паведамляе Tut.by.

Затрымалі студэнта ў Менску

А 7-й гадзіне раніцы затрымалі аднаго са студэнтаў хімічнага факультэту БДУ ў 7 гадзін раніцы зь інтэрнату на вуліцы Кастрычніцкай у Менску. У яго канфіскавалі рэчы і кампутар, усё адбывалася на вачах суседзяў, якіх паклалі тварам на падлогу і надзелі кайданкі. Але ў выніку затрымалі толькі студэнта, па якога прыходзілі.

Затрыманьні ў Бабруйску

Раніца ў Бабруйску пачалася з ператрусаў і затрыманьняў грамадзкіх актывістак Галіны Сьмірновай і Алены Чарняўскай. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Ўладзімера Міхалапа.

Вядома, што ўсе трое зьвярталіся ў мясцовы гарвыканкам па дазвол узьняць 25 сакавіка на прыватным падворку бел-чырвона-белы сьцяг. Адказу ад чыноўнікаў яны не атрымалі, але раніцай 24-га да іх прыйшлі з вобшукамі.

Актывістка АГП і прафсаюзу РЭП Галіна Сьмірнова кажа, што вобшук праводзіўся ў межах крымінальнай справы за зьняважлівыя надпісы. Апэратыўнікаў цікавілі кампутары, тэлефоны і носьбіты інфармацыі. У Чарняўскай і Міхалапа такую тэхніку міліцыянты забралі на экспэртызу. Усіх потым выпусьцілі зь міліцыі.

Сьмірновай вядома пра 5 актывістаў, да якіх наведваліся міліцыянты. Сама яна зьбіраецца скардзіцца на чыноўнікаў, якія не адказалі заяўнікам наконт іхнай імпрэзы ў Дзень Волі.

Ціск на смаргоньскага праваабаронцу

Каля 11 гадзін ля дома смаргоньскага праваабаронцы з цэнтру «Вясна» Алеся Дзергачова заўважылі міліцыянтаў. Дзергачоў не выходзіць на сувязь ужо гадзіну, яго тэлефон недасяжны, паведамляе «Рэгіянальная газета».

Выклікі ў суд і на допыты

У суд Астравецкага раёну выклікалі Людмілу Сульжыцкую і Ільлю Петунова у адміністрацыйнай справе за падзеі 18 лютага, калі людзі аплядысмэнтамі сустрэлі прысуд Руслану Валюку і Інэсе Маркавай, што сілавікі расцанілі як «несанкцынаванае масавае мерапрыемства».

Допыт лідэраў БХК і БАЖ

Старшыню Беларускага Хэльсчнскага камітэту Алега Гулака 24 сакавіка выклікалі на допыт у цэнтральны апарат Сьледчага камітэта ў якасьці сьведкі ў крымінальнай справе, паведамляе БХК. Дэталі крымінальнай справы невядомыя.

«Беларускі Хэльсынскі камітэт расцэньвае гэта як ціск і спробу перашкаджаць дзейнасьці праваабарончай арганізацыі», — гаворыцца ў паведамленьні камітэту.

У міліцыю на допыт выклікалі пінскага журналіста Андрэя Якімуша, яго затрымлівалі 19 сакавіка, а падчас ператрусу забралі з дому ўсю тэхніку.

Намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага дапыталі ў Сьледчым камітэце ў якасьці сведкі ў крымінальнай справе па арт. 342 Крымінальнага кодэксу. 16 лютага ў офісе БАЖ, а таксама дома ў некаторых кіраўнікоў арганізацыі і ў асоб, якія супрацоўнічаюць з БАЖ, прайшлі ператрусы. На допыты выклікалі і старшыню БАЖ Андрэя Бастунца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG