Прадстаўнік вядомай віцебскай дынастыі мэдыкаў адкрыта выказвае сваю пазыцыю наконт гвалту ў краіне, рэальную сытуацыю з каранавірусам, працу мэдычных чыноўнікаў і ад’езд лекараў у іншыя краіны.
Што адбылося
Вядомы рэаніматоляг атрымаў ліст за подпісам галоўнага лекара Андрэя Захарава, у якім гаворыцца, што кантракт зь ім, які заключылі 4 красавіка 2016 году, ад 3 красавіка спыніцца з «заканчэньнем тэрміну яго дзеяньня», падаўжаць ня будуць.
Уладзімер Мартаў стаў першым лекарам у краіне, які ў красавіку 2020 году, у разгар эпідэміі каранавірусу, не пабаяўся публічна агучыць свае думкі пра тое, што адбывалася тады ў шпіталях, акрэсьліўшы сапраўдныя маштабы хваробы ў Беларусі.
У жніўні Мартаў стаў адным зь першых лекараў, якія адкрыта выступілі супраць катаваньняў пратэстоўцаў. Ён напісаў адкрыты ліст, у якім сказаў, што «мэдыкі выступілі, выступаюць і будуць выступаць супраць гвалту».
Сьцісла
- Мэдыкі апынуліся ў першых шэрагах незадаволеных тым, што адбылося ў краіне, і таму задача — «паставіць на месца» мэдыкаў.
- Падчас першай хвалі трацілі шмат грошай, і гэта выклікала вялікую незадаволенасьць «партыі і ўраду». Кіраўніцтва ў жніўні-верасьні ўгаворвала ашчаджаць, бо бюджэт зьвярстаны на год без уліку каранавірусу.
- Наша статыстыка, па-мойму, друкуецца ў адным асобніку для аднаго чалавека, і абсалютна нікому на яе нельга арыентавацца.
- Мэдычныя чыноўнікі павінны прайсьці празь люстрацыю і пакінуць кіраўнічыя пасады.
«Сыстэма вырашае зусім іншыя задачы, колькасьць захварэлых і памерлых не прыярытэт»
Паводле Ўладзімера Мартава, рашэньне аб непадаўжэньні кантракту для яго не было нечаканым, бо ён «уступіў у непераадольную супярэчнасьць» з кіраўніцтвам шпіталя.
— Калегі мае шакаваныя, бо я сапраўды важны чалавек у аддзяленьні, і не таму, што загадчык — і раней такі быў. Ёсьць навыкі, уменьні, ёсьць настаўніцтва. Я той чалавек, зь якім можна абмеркаваць любую сытуацыю, якога можна запытацца пра любую ідэю. У пляне творчага падыходу ў лячэньні пацыентаў я быў чалавекам, які адкрыты ўсяму новаму.
Зьвяртаю ўвагу доктара Мартава, што ў час пандэміі спэцыяльнасьць рэаніматоляга, анэстэзіёляга — адна з найбольш запатрабаваных. Ён адказвае:
— Калі б аказаньне мэдычнай дапамогі было галоўным для беларускай сыстэмы аховы здароўя, не было б праблем. Сыстэма вырашае зусім іншыя задачы, колькасьць захварэлых і колькасьць памерлых не прыярытэт. Асноўная задача, асабліва цяпер, — трымаць і не пускаць, не дапускаць іншадумства, незадаволенасьці. Мэдыкі апынуліся ў першых шэрагах незадаволеных тым, што адбылося ў краіне, тым палітычным крызісам, у які краіна пагрузілася. І мэдыкі разумеюць прычыны гэтага крызісу, разумеюць, што безь яго вырашэньня нічога добрага ў краіне ня будзе. І мэдыкаў трэба паставіць на месца, і гэта — задача.
«Я пражыў вялікае мэдычнае жыцьцё, разумею, як павінна і як не павінна функцыянаваць сыстэма»
Уладзімер Мартаў — прадстаўнік вядомай віцебскай дынастыі мэдыкаў. Бацька быў знакамітым хірургам, нядаўна яго ня стала. Жонка — дзіцячая лор-доктарка. Паводле Ўладзімера, яе шакавала тое, што адбылося ў жніўні.
— Сёлета 30 гадоў ад заканчэньня інстытуту, на дзяжурства ў шпіталь я пачаў хадзіць зь першага курсу, з 1985 году. 18 гадоў я працую ў шпіталі хуткай дапамогі, зь іх пяць гадоў — загадчыкам аддзяленьня. Я пражыў вялікае мэдычнае жыцьцё, шмат бачыў, шмат разумею, як функцыянуе, як павінна і як не павінна функцыянаваць сыстэма. Мая сямʼя мяне падтрымлівае і шакаваная тым, што адбываецца. Гэта патрабуе вырашэньня, бо доўга называць белае чорным, а чорнае белым не атрымаецца. Я ня ведаю, што будуць рабіць людзі, якія цяпер робяць выгляд, што нічога не адбываецца, удзельнічаюць у рэпрэсіях, хай малых...
Уладзімер Мартаў атрымаў вялізарную колькасьць прапановаў і падтрымкі, за што вельмі ўдзячны ўсім. Зьяжджаць зь Беларусі прынцыпова не зьбіраецца.
— Адʼезд палегчыць жыцьцё людзям, якія шкодзяць прафэсіі і пацыентам, а я не хачу спрашчаць ім жыцьцё. Яны павінны заняцца іншай працай, а не сыстэмай аховы здароўя, аказаньня мэдычнай дапамогі, у чым яны нічога не разумеюць. 2 красавіка я забіраю працоўную кніжку і хацеў бы зрабіць паўзу, крыху адпачыць, агледзецца. Я ведаю, чаго я не хачу. А наконт таго, чаго хачу, трэба падумаць яшчэ. Трэба адпачыць, бо другая хваля каранавірусу аказалася больш працяглай, чым першая, і стомленасьць назапашваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскі лекар Уладзімер Мартаў: сілавікі зрабілі злачынства. Дзе рэакцыя пракуратуры, Сьледчага камітэту?
«Ні пра якую падрыхтоўку да другой хвалі не магло быць і гаворкі»
У жніўні Ўладзімер Мартаў стаў адным зь першых лекараў, якія адкрыта выступілі супраць катаваньняў пратэстоўцаў, напісаў адкрыты ліст. Галоўнай прычынай непрацягненьня кантракту, лічыць ён, была ня столькі палітыка, колькі разыходжаньне з начальствам у разуменьні таго, чым павінны займацца дактары.
— «Трымаць і не пушчаць» — ці ўсё ж аказваць мэдычную дапамогу? І палітыкі тут мала, толькі ёсьць агульная атмасфэра — «загнаць усіх пад лаўку», усе праблемы схаваць пад дыванок, у нас усё добра, і давайце перагорнем старонку і вернемся ў 2019 год. У інтэрвію, якое я даваў у лістападзе, я казаў, што ў Беларусі не рыхтаваліся да другой хвалі, што рыхтаваліся даць адпор хваляваньням, выказваньню незадаволенасьці. Закуплялі вадамёты, і яны аказаліся важнейшымі, чым падрыхтоўка да другой хвалі.
Уладзімер Мартаў мяркуе, што ў высокіх кабінэтах гэтая яго заява выклікала вялікую незадаволенасьць.
— Мы выйшлі зь першай хвалі ў першым паўгодзьдзі, пралячылі вельмі шмат хворых, цяжкіх хворых, і, адпаведна, расходавалі больш грошай, і гэта выклікала вялікую незадаволенасьць «партыі і ўраду». Кіраўніцтва ўвесь жнівень і палову верасьня ўгаворвала нас ашчаджаць, таму што бюджэт быў зьвярстаны на год без уліку каранавірусу. Гэта дзікасьць. Зразумела, што ні пра якую падрыхтоўку да другой хвалі не магло быць і размовы. Трэба было зэканоміць грошы, што мы расходавалі за першую хвалю. І калі нахлынула другая хваля, мы проста да яе не рыхтаваліся. Людзі, якія сваім начальнікам паказваюць, што тыя прафэсійна займаюцца ня тым, чым патрэбна, — нязручныя людзі. У гэтым мала палітыкі, а вельмі шмат асабістага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не страляйце мэдыкам у сьпіну
«Кіраўніцтва проста не цікавіць рэальны стан рэчаў з каранавірусам»
Прапаноўваю Ўладзімеру Мартаву паглядзець на каранавірусную сытуацыю ў Чэхіі, прыкладна аднолькавай паводле колькасьці насельніцтва зь Беларусьсю. Тут жорсткі локдаўн, абмежаваньні дзейнічаюць даўно. Нягледзячы на іх, штодня каля 15 тысяч новых захварэлых на ковід і 150–200 сьмерцяў. На гэтым тле афіцыйныя лічбы Мінздароўя выглядаюць непраўдападобнымі. Калі ўлічыць, наколькі менш прымаецца абмежавальных захадаў у Беларусі, можна меркаваць, што рэальныя лічбы ў Беларусі могуць быць вышэйшыя за чэскія. Як ацэньвае Ўладзімер Мартаў рэальныя маштабы пандэміі ў Беларусі?
— Я дрэнна ведаю, як Чэхію накрывала, якая хваля, ці была першая, як першая хваля працякала. Мы пэўна не сынхронныя. Калі я езьдзіў у заходнія раёны Віцебскай вобласьці (Браслаў, Паставы), са зьдзіўленьнем даведаўся, што яны ня ведалі першай хвалі, увесну там не было ўзьлёту захворвальнасьці, як у Віцебску. І для іх восеньню была цяжкая хваля, якая стала першай, а для Віцебску гэта была другая хваля. Таму мы з Чэхіяй не супадаем па піках.
У Віцебску пік захворвальнасьці пройдзены месяц-паўтара таму, і цяпер колькасьць захварэлых і памерлых усё ж стала меншая. Але на піку ў нас былі, канечне, сурʼёзныя лічбы, асабліва з улікам таго, што не было ніякіх сурʼёзных карантынных мерапрыемстваў. Тое, што наша статыстыка не адпавядае рэальнасьці, зразумела. Па-мойму, яна друкуецца ў адным асобніку для аднаго чалавека, і абсалютна нікому на яе нельга арыентавацца.
Пытаюся ў доктара, як робіцца фальсыфікацыя на ўзроўні шпіталяў.
— Тут такі фокус. Можна падаваць «пацыенты, якія памерлі праз ковід». Па сваёй службе мы падавалі «пацыенты, якія памерлі з ковідам». Напрыклад, чалавек, які атрымаў інсульт і захварэў на каранавірус, мае меней шанцаў выжыць. Але памрэ ён ад інсульту. Розьніца сьмяротнасьці калясальная. Гэта тычыцца і іншых спадарожных хваробаў, цяжкіх, анкалягічных ды іншых. І тое, што «карона» гэтых пацыентаў забʼе ў большай колькасьці — праўда.
Мы падавалі статыстыку пацыентаў, якія памерлі з ковідам. Былі анэкдатычныя дні, калі ў Беларусі афіцыйна памерла 7 чалавек, а зь іх 7 чалавек у маім шпіталі і 7 у Віцебскім абласным шпіталі. Што адбываецца далей, хто і як лічыць, як яны шыфруюцца... Гледзячы па ўсім, кіраўніцтва проста не цікавіць рэальны стан рэчаў. І гэта таксама шмат пра што кажа. Ня хочуць яны ведаць, якая ім розьніца, бо нічога мяняць яны не зьбіраюцца. І няважна, колькі памерла — 7, 14, 20, 50 ці 100 на дзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнены дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія»: сьмерці ад COVID-19 у статыстыцы схавалі ў «хваробы сыстэмы кровазвароту»«Мы ніколі не атрымлівалі такіх грошай, як падчас пандэміі»
Што да платы дактарам, якія працуюць з хворымі на каранавірус, Уладзімер Мартаў лічыць, што рашэньне аб гэтым было слушнае і своечасовае.
— Мы ніколі не атрымлівалі такіх грошай, як падчас пандэміі каранавірусу. Калі мэдыкі пазбавяцца гэтых выплат і пяройдуць на звычайныя заробкі, якія будуць утрая меншыя (як для анэстэзіёлягаў), чым каранавірусныя, то многія задумаюцца, ці трэба працаваць за такія грошы. Гэтыя грошы дазволілі купіраваць паніку і дазволілі мэдыкам ня думаць аб адʼезьдзе на заробкі і працаваць у сваёй краіне. І са сродкамі засьцярогі цяпер таксама цярпіма. Я б не сказаў, што ідэальна, але цяпер няма такога бязладзьдзя, як на пачатку пандэміі, у сакавіку-красавіку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня думаю, што ў Лукашэнкі можа прачнуцца сумленьне ці спачуваньне». Маці лекара Арцёма Сарокіна пра справу сына
«Сарокін быў у сваім праве і абверг хлусьню»
Згадваем у размове суд над доктарам Сарокіным за нібыта выдачу мэдычнай таямніцы. Пытаюся: а якую маральную і юрыдычную адказнасьць павінны несьці людзі і ўстановы, якія даюць непраўдзівую статыстыку і тым ствараюць рэальныя пагрозы жыцьцю людзей?
— Я і ўсе мае калегі сачылі за справай Арцёма Сарокіна. Гэта проста бязладзьдзе. Мае калегі ведаюць яго асабіста, вучыліся зь ім, вельмі высока яго ацэньваюць. Усё, што я пра яго даведаўся, вышэй нават за тое, чаго я чакаў — і ў прафэсійным, і ў чалавечым пляне. Выбраць такую фігуру ў якасьці закладу — верх непрыстойнасьці. Ён быў у сваім праве і абверг хлусьню, ён маладзец. Мае промні падтрымкі яму. Што тычыцца людзей, якія хлусяць... Мэдычныя чыноўнікі павінны прайсьці празь люстрацыю і пакінуць кіраўнічыя пасады. Гэта для іх будзе дастаткова. Гэтыя людзі проста небясьпечныя для грамадзтва.
Уладзімер Мартаў лічыць, што рэпрэсіі ў мэдычным асяродзьдзі кропкавыя і прадуманыя.
— Выбіраюць фронтмэнаў, знакавыя фігуры. Задача, каб людзі замаўчалі, забаяліся і зрабілі выгляд, што ўсё добра. Хай унутры яны думаюць што хочуць, але звонку яны павінны праяўляць ляяльнасьць. Гэтая задача відавочная. Многія дактары зьяжджаюць, і чым яны маладзейшыя, тым лягчэй гэта зрабіць. Зьяжджаюць самыя актыўныя, якія маглі б нешта рухаць наперад. Калі застаюцца адны згодныя, нічога добрага ў гэтым няма. З майго шпіталя зьехала няшмат людзей, але гэта ўсё зоркі першай велічыні, яна сталі загадчыкамі аддзяленьняў у Маскве. Калі такія людзі не патрэбныя і не запатрабаваныя тут, то з кім мы застанёмся і што будзем рабіць?
«Маё аддзяленьне выйшла з плякатам „Мэдыкі супраць гвалту“»
Пытаюся, якая дапамога патрэбная цяпер доктару Мартаву.
— Людзям, якія мне пішуць і прапаноўваюць дапамогу, я адказваю, што мне нічога ня трэба. Пакуль усё ў парадку. Я хачу, каб сытуацыя ў маім шпіталі нармалізавалася. Паўгода таму яна была нармальная, у нас быў галоўны лекар, потым яго звольнілі, быў выканаўца абавязкаў, і мы працавалі, першую хвалю прайшлі цярпіма. Людзі з задавальненьнем хадзілі на працу. Цяпер увесь шпіталь «стаіць на вушах» з волі аднаго чалавека. Гэта ненармальна.
У мяне ёсьць ідэя, якую я выношваю і пачынаю выказваць... Калі новы галоўны лекар прыходзіць на працу ў шпіталь, і пасьля яго прыходу памерла менш пацыентаў, чым да яго, то, напэўна, гэта добры галоўны лекар. А калі памерла болей, то напэўна, гэта дрэнны галоўны лекар, што б ён ні рабіў. Ёсьць такі крытэр. Мэдычная дапамога і яе якасьць — на першым месцы. Не бухгальтэрыя, не прыбыткі, галоўнае — аказаньне мэдычнай дапамогі. Дзеля гэтага мы ходзім на працу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крызіс і адток кадраў». Чым пагражаюць беларускай мэдыцыне масавыя затрыманьні дактароўУладзімер Мартаў разважае пра дылемы, якая цяпер стаяць перад дактарамі.
— Чаму я пачаў выступаць, выказваць сваю пазыцыю? На пачатку пандэміі я бачыў, што адбываецца нешта ненармальнае, і гэта не абмяркоўваецца, а калі не абмяркоўваецца, то гэтай праблемы няма і яна ня будзе вырашаная. У доктара ёсьць праблема, калі яму проста перашкаджаюць выконваць прафэсійныя абавязкі.
Дактары, акрамя таго, што яны дактары ці мэдработнікі, яшчэ і грамадзяне краіны. У іх ёсьць правы, і калі гэтыя правы груба, нахабна парушаюцца, мэдыкі не павінны маўчаць. Маё аддзяленьне выйшла з плякатам «Мэдыкі супраць гвалту» не таму, што яны дактары ці мэдработнікі, а таму, што гэта немагчыма было трываць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хутка ня будзе ў каго лячыцца нават па знаёмстве». У нядзелю ў Менску затрымалі вядомых дактароў