«За некалькі гадоў працы ў маладога анколяга зьявіліся сівыя валасы»
31-гадовы доктар-анколяг Дзьмітры Буралкін ноч правёў на Акрэсьціна, цяпер чакае суду.
Пасьля Менскага мэдунівэрсытэту Дзьмітрыя разьмеркавалі ў Менскі гарадзкі анкалягічны дыспансэр. І адразу яму даверылі працаваць зь вельмі цяжкімі хворымі — на кансультацыйным прыёме, кажа былая калега доктара Тацяна Гінько.
«Дзьмітры такі працаголік! З раніцы да ночы вёў прыём. Прыйшоў хлопчыкам-выдатнікам і вельмі хутка пасталеў, адразу стаў дарослым і сур’ёзным чалавекам, які ня „выгараў“ на такой цяжкай і адказнай працы, а застаўся ў гэтай прафэсіі. Праўда, за некалькі гадоў працы ў маладога анколяга зьявіліся сівыя валасы.
Многія проста не вытрымлівалі ў гэтым цяжкім кансультацыйным аддзяленьні, хутка сыходзілі з анкалёгіі ці з мэдыцыны наагул. А ён застаўся, хоць адпрацаваў сваё разьмеркаваньне пасьля вучобы на бюджэце. Хоць мог, атрымаўшы катэгорыю, знайсьці сабе лягчэйшы хлеб. Над ім нават іранізавалі калегі, што „з такім добрасумленным і адказным стаўленьнем на табе будуць езьдзіць“. Ён ня можа прайсьці міма чалавека, якому дрэнна», — кажа Тацяна Гінько.
У Дзьмітрыя заўсёды была грамадзянская пазыцыя, згадваюць знаёмыя. Ён удзельнічаў у відэазвароце мэдыкаў супраць гвалту, у відэазвароце ў міжнародныя спартовыя арганізацыі разам з баскетбалісткай Аленай Леўчанкай супраць правядзеньня ў Менску Чэмпіянату сьвету па хакеі.
«Адказна ставіўся да ўсяго, не баяўся „неадабрэньня“ з боку кіраўніцтва за сваю грамадзянскую пазыцыю. У яго гэта ўнутраная патрэбнасьць справядлівасьці.
Дзьмітрый па ўзросьце такі, як мае дзеці. І настолькі мне было прыемна, што ёсьць яшчэ сярод маладога пакаленьня такія разумныя, добрасумленныя, адказныя маладыя лекары! Нядаўна Дзьмітрый асвоіў яшчэ адну спэцыялізацыю — хіміятэрапію, гэта таксама цяжкая праца.
Ёсьць надзея, што нам, нашым родным будзе ў каго лячыцца. Але калі такіх людзей будуць „выціскаць“ і з мэдыцыны, і наагул з краіны, дэмаралізаваць, то нам хутка рэальна ня будзе ў каго лячыцца нават па знаёмстве», — разважае доктарка Тацяна Гінько.
«Калі такіх адмыслоўцаў затрымліваюць, ня ведаю, хто будзе лячыць людзей»
У нядзелю затрымалі загадчыцу аддзяленьня прамянёвай дыягностыкі РНПЦ «Кардыялёгія» Тацяну Ільіну. Яна — доктар вышэйшай катэгорыі. На выбарах была назіральніцай. Тацяну Ільіну трымалі ў Маскоўскім РУУСе. У доктаркі трое дзяцей, яе пакуль адпусьцілі.
«Па словах сакурсьнікаў, Тацяна была легендай — як студэнтка, як малады доктар. Ад выпускніцы вельмі хутка вырасла ў высокакваліфікаванага спэцыяліста, авалодала самымі сучаснымі мэтадамі, — расказвае сяброўка і калега Ільіной. — Мы зь ёй разам працавалі шмат гадоў у дыягнастычным цэнтры Менскага гарадзкога анкадыспансэру, і калі я перайшла ў РНПЦ «Кардыялёгія», вельмі ўзрадавалася, што Ільіна працуе тут.
Жанчына кажа, што Ільіна валодае шэрагам спэцыялізацый — хірургічнай, рэнтгеналягічнай, ультрагукавой дыягностыкай.
«Чалавек настолькі шматгранны, таленавіты, незвычайны ў пляне працаздольнасьці і пасьпяховасьці! І пры гэтым яна яшчэ маці траіх дзетак. Вельмі добры, сьветлы, добразычлівы чалавек.
Мы нават зь дзяўчатамі сфатаграфаваліся ў яе падтрымку», — кажа калега.
Калегі вельмі ўзрадаваліся, што Тацяну Ільіну пакуль адпусьцілі. Але сытуацыя з затрыманьнямі мэдыкаў і жорсткімі пакараньнямі іх вельмі абурае.
«Каб падрыхтаваць спэцыяліста такога ўзроўню, як Тацяна Ільіна, патрэбныя дзесяцігодзьдзі. Калі такіх адмыслоўцаў затрымліваюць, я ня ведаю, хто будзе лячыць людзей», — абураецца доктарка.
«Рэпрэсіўная машына працуе па прынцыпе «незаменных людзей няма»
У нядзелю затрымалі лекара-анэстэзіёляга РНПЦ дзіцячай хірургіі Сьвятлану Лазараву разам з мужам Віталём. Іх доўга трымалі ў Ленінскім РУУСе. Пакуль таксама адпусьцілі.
Калега Сьвятланы, анэстэзіёляг-рэаніматоляг РНПЦ дзіцячай хірургіі Віктар Лагацкі ўзгадвае, што гэта ня першы выпадак затрыманьня дактароў зь ягонага РНПЦ. У кастрычніку затрымлівалі вядучага анэстэзіёляга Мікалая Бручкоўскага, прысудзілі штраф — тады яшчэ мэдыкаў штрафавалі, а не саджалі на суткі.
«А што даюць такія вялікія тэрміны дактарам — усё стала больш жорсткім, брутальным, машына „рубіць“, — мяркуе доктар Лагацкі. — Рэпрэсіўная машына працуе па прынцыпе „незаменных людзей няма“. Магчыма, чыноўнікі думаюць, што для іх лячэньня ёсьць адмысловая ўстанова ў Мінздароўя — так званая лечкамісія. Дарэчы, ніводнага практыкуючага доктара адтуль не затрымлівалі і ня звольнілі (адзін на самым пачатку пратэстаў сам сышоў)».
Анэстэзіёляг Віктар Лагацкі ня думае, што ідзе адмысловае паляваньне на дактароў.
«Проста ў нас шмат мэдыкаў з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, і яны „пападаюцца“ разам з астатнімі актыўнымі людзьмі.
У Расеі Маргарыта Сіманьян пракамэнтавала: „Ну падумаеш, мінус адна жанчына“ (якую АМАПавец ударыў у жывот). Так і ў нас: падумаеш, мінус дзясятак дактароў, якіх пасадзяць на суткі! У дзяржаве прававы нігілізм», — перакананы анэстэзіёляг-рэаніматоляг РНПЦ дзіцячай хірургіі Віктар Лагацкі.