Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крызіс і адток кадраў». Чым пагражаюць беларускай мэдыцыне масавыя затрыманьні дактароў


Затрыманьні каля 1 гарадзкога клінічнага шпіталя ў Менску, 7 лістапада 2020
Затрыманьні каля 1 гарадзкога клінічнага шпіталя ў Менску, 7 лістапада 2020

7 лістапада ў Менску сілавікі затрымалі каля 60 лекараў, якія выйшлі на мірны пратэст. Некаторых зь іх да суду перавезьлі на Акрэсьціна. Як гэта адаб’ецца на мэдыцыне?

7 лістапада ў Менску анансавалі «Марш мэдыкаў». Як толькі лекары пачалі зьбірацца — іх затрымалі. Агулам затрымалі 57 чалавек, сярод якіх вузкія спэцыялісты. Яшчэ раней арышты і штрафы прысуджалі іншым дактарам і мэдычным працаўнікам.

«Хто будзе лекаваць людзей? Нікога гэта не хвалюе»

Крызіс у сфэры, дэфіцыт высокатэхналягічных кадраў — такія наступствы затрыманьняў мэдыкаў пералічвае экс-кіраўнік РНПЦ «Кардыялёгія» Аляксандар Мрочак.

«У Беларусі дэфіцыт кадраў у мэдыцыне — каля 4 тысяч чалавек. Не хапае лекараў. Рэальны дэфіцыт кадраў сярод лекараў, якія ведаюць высокатэхналягічныя падыходы ў лячэньні пацыентаў. Іх няшмат і на рахунку кожны», — кажа доктар.

На думку Аляксандра Мрочака, кадравы адток са сфэры мэдыцыны ўжо ідзе. Людзі зьяжджаюць з краіны.

«Уся сытуацыя яшчэ ўскладняецца каранавірусам. Але гэта ўсё не хвалюе нікога з тых, хто прымае рашэньні», — кажа лекар.

«Лекары зьяжджаюць ня толькі ў Польшчу, але і ў Расею»

Паводле доктара Зьмітра Салошкіна, нават адзінкавыя затрыманьні «ўскладняюць працу». А калі гэта вузкія спэцыялісты, то іх «няма каму замяніць».

«Калі чалавек не трапляе на адну зьмену ці адсутнічае дзень ці два — то яго трэба некім замяняць, нешта зьмяняць у раскладзе. Мэдычны працэс ня любіць такіх тэрміновых пэртурбацыяў. Доктару складана ўсё даведацца пра ўсіх пацыентаў пасьля такіх перастановак. Ніхто не прымусіць людзей працаваць у такім рэжыме, заробкі ня надта трымаюць і не кампэнсуюць пакутаў сумленьня», — кажа Зьміцер Салошкін.

Доктар упэўнены, што сярод мэдыкаў ёсьць салідарнасьць і штрайкбрэхераў таксама ня будзе.

«Можна справакаваць ад’езд людзей. 60 чалавек затрымалі — а наступным днём пасьля такога можа быць вымушаны страйк. Напрыклад, чалавека затрымліваюць, а ён адмысловец, рэаніматоляг, напрыклад. Аднаго ня будзе — і ўвесь працэс стане, і гэта будзе страйк рукамі міліцыі», — разважае Салошкін.

5 лістапада Аляксандар Лукашэнка прыгразіў не пускаць у Беларусь лекараў, якія зьехалі працаваць за мяжу. Аднак лекары зьяжджаюць ня толькі ў заходнія краіны, але і ў Расею, кантролю на мяжы зь якою няма.

«І да гэтых падзеяў, і цяпер Расея нармальна канкуруе з Польшчай за беларускіх лекараў. З гледзішча грошай для пачаткоўцаў умовы досыць прывабныя. Беларускі дыплём там адразу цэніцца, бо відавочна, што яго не купілі. Гэтыя людзі вучыліся. Можна заблякаваць Польшчу, але побач Расея», — даводзіць Зьміцер Салошкін.

Паводле Белстату, у 2019 годзе ў сфэры аховы здароўя і сацыяльных паслугаў працавала 328,1 тысячы чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG