Вядомы беларускі кардыёлаг Аляксандар Мрочак больш не дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія». Яго звольнілі з ініцыятывы наймальніка — міністэрства здароўя.
Як расказаў Аляксандар Мрочак Tut.by, 26 жніўня ў яго была размова з кіраўніцтвам ведамства, загаду ён ня бачыў. Але сёньня паінфармавалі, што «з ініцыятывы наймальніка» ад пасады ён вызвалены. Клінікай адмысловец кіраваў ад 2008 году.
«Думаю, што ёсьць неабходнасьць кагосьці працаўладкаваць, — пракамэнтаваў Аляксандар Мрочак. — Калегі ня вельмі добра гэта прынялі, з раніцы я быў на працы, усе прыйшлі. Чакаем выканаўца абавязкаў міністра (Дзьмітры Піневіч), ён патлумачыць сытуацыю калектыву».
Ці ня зьвязвае мэдык гэтае рашэньне з тым, што лекары клінікі выходзілі на пікеты?
«Мяркую, але ўпэўнена не магу сказаць, бо пра гэта не гаварылася. Але ўчора-пазаўчора было якраз было пра пікеты, што непажадана выходзіць... Што ж зробіш, я ня вольны ні пратэставаць, ні прадпрымаць нейкія намаганьні, бо рашэньне прынятае, ёсьць такі артыкул».
Хто будзе кіраваць цэнтрам замест Мрочака, ён пакуль ня ведае. Выканаўцай абавязкаў будзе Маргарыта Бельская, цяпер яна намесьніца дырэктара з навуковай працы.
Міністэрства пакуль недаступнае для камэнтару.
Аляксандр Мрочак — вядомы кардыёляг, яго цэняць калегі ня толькі ў Беларусі, а і за мяжой. Заслужаны дзяяч навукі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар мэдычных навук, прафэсар. Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны.
У РНПЦ «Кардыялёгія» праводзяць унікальныя апэрацыі на сэрцы, а ў 2024 годзе плянуюць запусьціць цэнтар гібрыднай хірургіі.