Тое, што нейкіх паўгода таму здавалася немагчымым і абсурдным, стала беларускай паўсядзённасьцю. Яшчэ на пачатку мінулага лета, калі ўлада ўбачыла, зь якой вялізнай цікавасьцю сотні тысяч людзей сочаць за жывымі рэпартажамі з вуліц беларускіх гарадоў, нас, прадстаўнікоў незалежных мэдыя, спрабавалі ўгаворваць і шантажаваць. Кіраўнікі Міністэрства інфармацыі, МЗС, МУС выклікалі на гутаркі, настойліва і цьвёрда, але ўсё ж у рамках закону ўгаворвалі спыніць альбо абмежаваць стрымы, пагражалі пазбаўленьнем акрэдытацый. Потым журналістаў сталі затрымліваць на тры гадзіны — нібыта для праверкі дакумэнтаў. Потым — біць і саджаць «на суткі» на Акрэсьціна.
І вось цяпер два гады турмы толькі за тое, што дзяўчаты-журналісткі выконвалі сваю працу, вялі жывы рэпартаж з грамадзка значнай падзеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістак «Белсату» Андрэеву і Чульцову пакаралі 2 гадамі турмы за стрым з «плошчы Перамен». ФОТА і ВІДЭАБеларусь імкліва рухаецца ў той час, які незнаёмы сёньняшняй моладзі і нават саракагадовым. Але які добра памятаем мы, тыя, каму за пяцьдзясят.
Той, хто памятае брэжнеўскія зьезды КПСС, з лукашэнкаўскага «народнага сходу» не сьмяецца
Апошні брэжнеўскі зьезд КПСС (дваццаць шосты) адбыўся роўна сорак гадоў таму, у лютым 1981-га. Гэта сёньня, пераглядаючы ў ютубе старую тэлехроніку, можна паблажліва ўсьміхацца з вонкава дабрадушнага і бяскрыўднага «дарагога Леаніда Ільіча» зь пяцьцю залатымі геройскімі зоркамі на пінжаку, з невыразным замаруджаным маўленьнем і яўнымі прыкметамі лёгкага старэчага маразму на твары. А тады ўсё выглядала зусім па-іншаму. Кожны савецкі грамадзянін цьвёрда ведаў: за гэтымі кумачовымі дэкарацыямі і няўцямнымі прамовамі — востры позірк з-за тоўстых шкельцаў акуляраў старшыні КДБ Юрыя Андропава.
Тады таксама былі праваабаронцы, але дзе? У мардоўскіх лягерах. А яшчэ дысыдэнты — у псыхушках. І вальнадумныя журналісты і пісьменьнікі сустракаліся. Хто пасьпеў уцячы — у эміграцыі, хто не пасьпеў ці не пажадаў — «на хіміі» праз абвінавачаньне ў дармаедзтве.
У лютым 1981-га 26-гадовы Аляксандар Лукашэнка быў намесьнікам камандзіра танкавай роты па палітычнай частцы і, напэўна ж, паводле абавязку службы старанна назіраў і канспэктаваў усё, што адбывалася на чарговым «лёсавызначальным» партыйным зьезьдзе. Пра што ён тады думаў і пра што марыў? Можна толькі здагадвацца. Але і стылістыка, і рыторыка, і атмасфэра, і атрыбутыка скліканых ім так званых «Усебеларускіх народных сходаў» — дакладна адтуль, з брэжнеўскіх зьездаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неабходны канкрэтныя дзеяньні замест крайняй заклапочанасьці», — рэакцыі на прысуд журналісткам «Белсату»Сёньня ён вядзе Беларусь у той сьвет, да той мадэлі, якая яму з маладых гадоў блізкая і зразумелая, у якой ён узгадаваны і сфармаваны. Высновы з таго досьведу вельмі простыя. Брэжнеў да апошняга ўздыху трымаў краіну ў абцугах, не гуляў ні ў якія «лібэралізацыі» і «дэмакратызацыі» — і ў выніку застаўся пры ўладзе нават тады, калі нібыта кіраваў краінай, не прыходзячы ў прытомнасьць у крамлёўскай клініцы.
Іншы прыклад: Гарбачоў, які распачаў перабудову і дэмакратыю, дазволіў людзям гаварыць, што захочуць і выбіраць тых, каму вераць — а ў выніку страціў уладу ўсяго за пяць гадоў свайго кіраваньня... Іншыя прыклады з айчыннай гісторыі мінулага стагодзьдзя толькі пацьвярджаюць гэта правіла. Сталін ніколі ня цацкаўся зь лібэраламі, вальнадумцамі і крытыканамі, трымаў акружэньне ў страху — і ўладарыў да сьмерці. А Хрушчоў паспрабаваў аслабіць цуглі, дапусьціў вальнадумства, спыніў рэпрэсіі — і ў выніку страціў уладу і быў выпраўлены на пэнсію.
Калі б Гарбачоў не распачаў сваю авантуру зь перабудовай і галоснасьцю — можа, ён бы і сёньня быў Генэральным сакратаром ЦК КПСС, кіруючы Савецкім Саюзам ужо 36-ы год? Што замінала б? Праўда, тады б і дырэктар шклоўскага саўгаса «Гарадзец» наўрад ці падняўся б па намэнклятурнай лесьвіцы вышэй за сакратара райкама партыі ў сельскай гаспадарцы...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка на «ўсебеларускім сходзе» ў 1996: Незалежнасьць — гэта бядаРэцэпт пажыцьцёвай улады
Якая Канстытуцыя? Якія складаныя і мудрагелістыя схемы транзыту ўлады? Якія надзеі на грамадзянскі дыялёг ці «круглы стол»? Усе дзеяньні рэжыму апошніх тыдняў проста лямантуюць: «Забудзьце!» Дымавая заслона зь нібыта напружанай працай над праектамі Канстытуцыі, з «дыялёгавымі пляцоўкамі» і абяцанымі ў няпэўнай будучыні рэфэрэндумам і новымі выбарамі неабходны роўна дзеля таго, каб зацягнуць час, адцягнуць грамадзкую ўвагу, забалбатаць праблему. А тым часам імкліва і дынамічна аднаўляць тую знаёмую з маладосьці камфортную для аднаасобнага ўладара сыстэму, пры якой пры ўладзе можна заставацца да магільнай дошкі. А дзеля гэтага — застрашыць, заціснуць, перасаджаць усіх, хто ня згодны.
Зь лягеру аптымістаў чуецца: «Ды што вы параўноўваеце? Гэта немагчыма. ХХІ стагодзьдзе. У нас інтэрнэт, тэлеграм-каналы, лічбавізацыя, глябалізацыя...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генадзь Коршунаў: У Беларусі адбываецца неймавернае — гэта прыклад усяму сьветуА чаму, уласна, немагчыма? Калі мільёны савецкіх рублёў траціліся на «глушылкі», то чаму нельга мільёны рублёў беларускіх патраціць на блякаваньне інтэрнэту (альбо стварэньне свайго ізаляванага ад сьвету ідэалягічна правільнага аналягу інтэрнэту — кітайскія таварышы тут могуць дапамагчы). Для тых, хто без інфармацыі з-за мяжы ўжо зусім ня можа абысьціся — можна ўвесьці талёны. Выдача — з санкцыі ідэалягічнай управы.
Што, за мяжу ўсе паўцякаюць? А калі тую мяжу перакрыць (першыя захады, дарэчы, ужо зроблены). Як выяжджалі за мяжу з брэжнеўскага СССР — гэта асобная вялікая гісторыя. Бязь візы бюро райкаму партыі і КДБ савецкі грамадзянін нават замежны пашпарт ня мог атрымаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка заўсёды трапляе ў пасткі». Мікалай Халезін пра «халодную паўзу» і рэформы, патрэбныя сфэры культурыВяртаньне ў 80-я
Сорак гадоў таму, седзячы перад экранам тэлевізара і канспэктуючы прамову «дарагога Леаніда Ільіча» пра тое, як нечувана вырас дабрабыт савецкага народу і да якіх неймаверных вышынь гэты дабрабыт узьнімецца да 1990 году, мы, тагачасныя старшаклясьнікі, ведалі: у рэальнасьці дабрабыт у нашым вясковым сяльпо здараўся хіба што перад якім-небудзь вялікім камуністычным сьвятам альбо перад выбарамі, калі раптам там на паліцах на некалькі гадзін зьяўлялася каўбаса альбо масла. А так брэжнеўскі дабрабыт — гэта шэрагі бляшанак з рыбнымі кансэрвамі ды слоікаў з салёнымі гуркамі...
У горадзе было крыху багацей, але не аж занадта. У гастраномах можна было арыентавацца бяз вывесак, па смуродзе. Там, дзе сьмярдзіць гнілой цыбуляй — аддзел гародніны; дзе заляжалымі каровінымі капытамі — мясны.
Затое ў ідэалягічным пляне — стэрыльная чысьціня. Ні апазыцыянэраў, ні пратэстоўцаў, ні нязручнай праўды. І толькі «бурныя працяглыя аплядысмэнты, якія пераходзяць у авацыі» пасьля кожнай прамовы пажыцьцёвага правадыра.
...Гэты шлях, безумоўна, тупік, але гісторыя сьведчыць, што тупікі бываюць такімі даўгімі, што хопіць на некалькі пакаленьняў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі сустракаеш зграю сабак, ты не павінен баяцца», — Ганна Севярынец пра філязофію перамогі