«Хопіць біць сябе ў грудзі». Славуты опэрны сьпявак Сільчукоў — пра звальненьне і пра пераасэнсаваньне гімну «Магутны Божа»

Ільля Сільчукоў

Адзін з самых вядомых беларускіх опэрных сьпевакоў Ільля Сільчукоў расказвае пра звальненьне зь Вялікага тэатру Беларусі за падтрымку ўльтыматуму Ціханоўскай і зварот супраць гвалту, ад'езд зь Беларусі, а таксама пра тое, як здымаліся знакамітыя відэакліпы «Магутны Божа» і «Мова».

Ільля Сільчукоў, 38 гадоў. Нарадзіўся ў Менску. Скончыў гімназію-каледж пры Беларускай акадэміі музыкі, вакальнае аддзяленьне Менскай музычнай вучэльні імя М. Глінкі, вакальнае аддзяленьне Беларускай акадэміі музыкі. З 2005 году — саліст Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі. Ляўрэат 16 міжнародных конкурсаў вакалістаў. Быў адным з трох гранд-фіналістаў у тэлепраекце «Вялікая Опэра» на канале «Культура». Мае мэдаль Францыска Скарыны (2015). Удзельнічаў у пратэстах 2020 году, быў звольнены з тэатру.

Сьцісла

  • Там здымаліся мае сваякі, мае дзеці, мая жонка Тацяна і шмат людзей, проста неабыякавых да сытуацыі, музыкаў і не музыкаў. Умовай было, каб людзі ведалі тэкст гімну «Магутны Божа».
  • Хацелася гэтай апрацоўкай даць такі гераічны момант, зрабіць пераасэнсаваньне гэтага гімну. Хопіць у скрусе сядзець і біць сябе ў грудзі, што нічога ў нас не атрымліваецца. Усё ў нас атрымліваецца.
  • Я ніколі ня ўдзельнічаў, хоць і запрашалі, у сьвяткаваньнях, зьвязаных з рэвалюцыяй, камсамолам, бо лічу, што гэта злачынства. Я імкнуся ня ўдзельнічаць у дзяржаўных мерапрыемствах, якія б прымусілі пераступаць нейкую маральную мяжу.
  • Барацьба дабра і зла — той жа «Фаўст», якога я марыў засьпяваць, партыю Валянтына, але мяне звольнілі літаральна за два тыдні да прэмʼеры. Падчас працы над «Фаўстам» мы ўсе і захварэлі на ковід.


«Цяпер у Паўночнай Амэрыцы з бацькамі. Праводзім Каляды, робім перазагрузку»


— Што папярэднічала рашэньню аб часовым адʼезьдзе? Наколькі гэта для вас і вашай сямʼі быў складаны крок?

— Я б не сказаў, што гэта быў тэрміновы адʼезд, уцёкаў мы не плянавалі. Але так здарылася, што мы цяпер у Паўночнай Амэрыцы з бацькамі. Праводзім Каляды, робім перазагрузку. Мяне звольнілі больш як два з паловай месяцы таму, пры канцы кастрычніка. Гэта адбылося пасьля майго ўдзелу ў відэазвароце дзеячоў культуры ў падтрымку народнага ўльтыматуму Сьвятланы Ціханоўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў адмовіўся ад званьня ляўрэата прэзыдэнцкай прэміі

Пераасэнсаваньне хрысьціянскага гімну «Магутны Божа»


— Адзін з найбольш драматычных і кранальных музычных твораў, створаных за апошнія месяцы, — кліп на рэлігійны гімн «Магутны Божа». Галоўную ролю ў відэакліпе грае купалавец Павал Харланчук, тэкст чытае Юлія Шпілеўская, скарыстаны вельмі моцны відэашэраг шматтысячных пратэстаў жніўня-верасьня. У кліпе вельмі шмат сымбаляў. Як зьявілася гэтая ідэя, як рэалізоўвалася?

Ільля Сільчукоў

— Ідэя зьявілася за год да гэтага, калі я замовіў апрацоўку гэтага твору для сымфанічнага аркестру. Яе зрабіў выдатны кампазытар Канстантын Яськоў, які цяпер таксама не ў Беларусі, на жаль. Ён пакінуў працу ва Ўнівэрсытэце культуры. Мы зь ім пазнаёміліся год таму на Эўрапейскіх гульнях у Менску (уся музыка, якая гучала на цырымоніі адкрыцьця, — Канстантына Яськова). Гэта ўсё высьпявала... На пачатку вясны 2020 году аркестроўка была зробленая. І я пачаў разумець, што ўсё гэта нездарма, і калі пачаліся падзеі са зборам падпісаў, першыя затрыманьні, арышты Ціханоўскага і Бабарыкі, я вырашыў, што трэба рабіць... І пасьля выбараў ніякай іншай думкі ў мяне не было. Мы здымалі кліп з маім сябрам і творчым калегам Дзьмітрыем Сямёнавым-Алейнікавым, які рабіў першы мой кліп «Мова» ўлетку. Кліп «Магутны Божа» мы здымалі ў верасьні на тым жа самым полі, дзе здымалі «Мову».

— Маглі б расказаць пра людзей, якая разам з вамі на тым полі? Некаторыя твары я пазнала...

— Мы кінулі кліч у артыстычным тэлеграм-канале — хто можа дапамагчы і паўдзельнічаць у гэтым праекце. Там здымаліся мае сваякі, мая радня, мае дзеці, мая жонка Тацяна і шмат людзей, проста неабыякавых да сытуацыі, музыкаў і не музыкаў. Умовай было, каб людзі ведалі тэкст гімну. Я глядзеў, як, едучы на машынах, людзі яго завучвалі. Неабыякавасьць людзей моцна ўзрушвала.

— Шмат гадоў вядзецца дыскусія пра тое, якім павінен быць сапраўдны беларускі гімн. Вельмі многія прапаноўваюць «Магутны Божа». Мне асабіста як гімн ён падаваўся крыху журботным, не жыцьцесьцьвярджальным. Я сама яго шмат разоў сьпявала, і заўсёды былі невясёлыя нагоды. Але ўпершыню ў вашым выкананьні пры канцы я адчула ў ім тое, што мае быць у гімне — урачыстасьць і радаснае завяршэньне.

— Гэта было асноўнае. Я з вамі згодны. Калі я думаў, які гімн я мог бы прыгадаць на памяць, то ўсё, што ёсьць, гэта песьні пра нядолю і жыцьцёвую самоту. Нешта ўсё ў нас у міноры. І хацелася гэтай апрацоўкай, якую мы рабілі з Косьцем, даць такі гераічны момант, зрабіць перапрацоўку і пераасэнсаваньне гэтага гімну. Мне падаецца, што хопіць у скрусе сядзець і біць сябе ў грудзі, што нічога ў нас не атрымліваецца. Усё ў нас атрымліваецца. Ёсьць свае таленты, ёсьць свае музыкі, склалася на сьлязах, на ляманце гэтым, на мучаніках беларуская нацыя, хоць, канечне, нам трэба будзе ісьці і ісьці...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славуты опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў выпусьціў кліп на хрысьціянскі гімн «Магутны Божа»

Пра маральны выбар і межы, якія нельга пераходзіць

— Вы сьпявалі калісьці на адкрыцьці Эўрапейскіх гульняў у Менску. На той момант у краіне не было такога ўзроўню гвалту, як цяпер, але ўсе ранейшыя выбары гэтак жа былі сфальсыфікаваныя, як і гэтыя, і рэпрэсіі былі ў краіне, але ў дачыненьні да меншых групаў. Як мянялася і ці мянялася ваша пазыцыя? Як вы для сябе вырашалі вечнае пытаньне ўзаемаадносінаў творцы і ўлады?

— Гэта заўсёды пытаньне твайго індывідуальнага выбару. Я вырас у сямʼі, якая не была абыякавая да нацыянальнага пытаньня. У 1990-я гады мы разам з бацькам хадзілі на дэманстрацыі. Я крытычна ставіўся да падзеяў у краіне. Былі сытуацыі, калі трэба было казаць абавязкова «не». Я ніколі ня ўдзельнічаў, хоць і запрашалі, у сьвяткаваньнях, зьвязаных з рэвалюцыяй, камсамолам і гэтак далей, бо лічу, што гэта злачынства. Я імкнуся ня ўдзельнічаць у дзяржаўных мерапрыемствах, якія б прымусілі цябе пераступаць нейкую маральную мяжу. Ад нечага адмаўляўся, на нешта ішоў, калі бачыў, што гэта мае сэнс, калі я выступаў на самым высокім, дзяржаўным узроўні, напрыклад, на сьвяткаваньні прэміі «За духоўнае адраджэньне» ў Палацы Рэспублікі.

Я б не хацеў ставіцца да ўсяго, што ў нас было, як да адмоўнага на 100%. Не. Былі ў самыя цёмныя часы і станоўчыя падзеі і рэчы. Напрыклад, я не магу адмоўна ставіцца да дзяржаўнай праграмы аднаўленьня замкаў. Ёсьць рэчы ў сацыяльнай палітыцы, якія мне імпануюць. Да пандэміі з мэдыцынай троху лепшая была сытуацыя, чым у іншых краінах. Але ёсьць шмат пытаньняў, на якія я не магу знайсьці адказу, зь якімі я ня згодны дагэтуль — асабліва нацыянальнае пытаньне, пытаньне нашай гісторыі.

Я быў дужа зьдзіўлены на цырымоніі адкрыцьця Эўрапейскіх гульняў, калі пабачыў ня толькі БЕЛАЗы, трактары «Беларус», жніво, але і Ўсяслава Чарадзея, узгадваньне пра Міндоўга, Вітаўта. Гэта было для мяне адрывам шаблёну. Удзельнічаць у гэтым для мяне быў гонар. Але тое, што адбылося летам, па-за межамі разуменьня.


«Барацьба дабра і зла — гэта той жа «Фаўст», якога я марыў засьпяваць»


— Зь якой опэрай, зь якімі опэрнымі пэрсанажамі вы маглі б параўнаць падзеі ў Беларусі, найбольш яркіх прадстаўнікоў дабра і зла, сьвятла і цемры?

— Барацьба дабра і зла — той жа «Фаўст», якога я марыў засьпяваць, партыю Валянтына, але мяне звольнілі літаральна за два тыдні да прэмʼеры. Падчас працы над «Фаўстам» мы ўсе і захварэлі на ковід. Гэта дужа драматычны спэктакль, у якім стаяць пытаньні чалавечай годнасьці, маральнага выбару. На што ты можаш сабе дазволіць пайсьці ў жыцьці? Застацца асобай ці не?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка — Гадуноў, Саакашвілі — Фігара», — кажуць зоркі опэры

— Дзе і для каго вы сьпяваеце цяпер? Для сьпевака вашага ўзроўню праблема пошуку працы, напэўна, не стаіць, але ва ўмовах пандэміі, магчыма, гэта няпростая справа цяпер.

— Цяпер ня толькі ў нас у краіне, як кажуць, масакра, але і ў сьвеце опэры таксама няпроста. Каля 90% спэктакляў і пастановак былі скасаваныя ці перанесеныя на наступны год. Мы ўсе, опэрныя сьпевакі, якія працуюць у Эўропе ў опэрных тэатрах, знаходзімся ў становішчы не крытычным, але нестабільным. Пакуль маю сродкі, на што жыць, дапамагаюць сябры і словам, і справай. Ёсьць праекты, у якіх я ўдзельнічаю, акрамя опэры, якія маюць і фінансавы бок. Бывае і горшая сытуацыя, як кажуць беларусы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы адмаўляемся ад званьняў». Сто ляўрэатаў стыпэндыі Лукашэнкі адмовіліся ад яе

«У замежнікаў язык, у беларусаў — мова»


— Вы вырасьлі ў рэлігійнай сямʼі, ваш дзед быў пастарам, за савецкім часам ён быў за кратамі праз свае рэлігійныя перакананьні. Ваша сямʼя была нацыянальна арыентаваная. Якім быў ваш шлях да роднай мовы?

— Я навучаўся ў музычным ліцэі пры Акадэміі музыкі і вельмі ўдзячны настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ганьне Міхайлаўне Бутырчык, якая вельмі станоўча паўплывала ня толькі на мяне, але і на ўсіх маіх аднаклясьнікаў. Разам зь ёй чыталі «Каласы пад сярпом тваім», хадзілі на лекцыі ва ўнівэрсытэт. Дзякуючы яе высілкам я неабыякавы да роднай спадчыны.

— Улетку выйшаў відэакліп «Мова», які я даволі часта гляджу і слухаю. Як мне падаецца, людзі чакаюць вашых новых выступаў у такім фармаце. На што можна спадзявацца?

— Ёсьць праекты, на якімі мы працуем разам з аўтарам тэксту Казімірам Машкалам, які напісаў тэкст да «Мовы». Яны будуць абавязкова апублікаваныя на нашых youtube-каналах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«Такога не было ніколі ў музычнай сусьветнай гісторыі». Троіцкі пра найлепшыя песьні беларускага пратэсту


Мара пра, як мінімум, чатыры опэрныя тэатры ў Беларусі


— Якая вашая мара як опэрнага сьпевака і як беларуса?

— Я ўпэўнены, што ўсё будзе добра. Я б хацеў пабачыць сваю краіну вольнай, незалежнай, якая глядзіць наперад, у якую ўсе б жадалі вярнуцца і знайсьці там сваю працу, каб можна было выхоўваць сваіх дзяцей у школках і можна было жыць на сваім кавалку зямлі. У беларусаў усё для гэтага ёсьць. Усё гэта недарэмна, усе нашыя сьлёзы. Гэта тое, што мае сэнс.

Я мару, каб у нас у Беларусі было больш опэрных тэатраў. Мая мара — адрадзіць тыя высакародныя традыцыі, якія ў нас былі на мяжы 18–19 стагодзьдзяў. На момант апошняга разьдзелу Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Беларусі ў 1795 годзе існавала 18 опэрных тэатраў. У нашай буйной суседкі было два тэатры — у Пецярбургу і ў Маскве. І гэта былі трупы, а ў нас было 18 опэрных тэатраў — малых і буйных. І мая мара, каб у нас былі як мінімум чатыры опэрныя тэатры — ва ўсходніх і заходніх рэгіёнах і ў цэнтральнай частцы, каб ня толькі ў Менску гучала клясычная музыка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 550 дзеячоў культуры запатрабавалі аднавіць звольненых зорак Опэрнага тэатру

Вельмі важна, каб быў свой скарб, каб было асяродзьдзе, якое высока матывуе. Менш людзі будуць хадзіць па падваротнях, хочаш ня хочаш, а трэба будзе з жонкай у тэатар схадзіць. І нейкія станоўчыя зрухі ў грамадзтве будуць. Опэра — самы высакародны, сынтэтычны тэатральны жанр, дзе ўсё разам — і музыка, і тэатральнае мастацтва, і архітэктура. І гэта самае моцнае з мастацтваў, на маю думку, і мы павінны зрабіць, каб гэта пабачыла як мага болей суайчыньнікаў.