Зорка Вялікага тэатру Беларусі Ільля Сільчукоў адмовіўся ад званьня ляўрэата прэзыдэнцкай прэміі.
На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» ён напісаў:
«У сьвятле таго, што адбылося, я адмаўляюся насіць званьне тройчы ляўрэата гранд-прэміі прэзыдэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі.
Гэта несувымерна меншая страта ў параўнаньні з скалечанымі і загубленымі жыцьцямі маладых герояў», — напісаў Сільчукоў.
«Ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром», — працытаваў ён біблейскае Пасланьне да рымлянаў.
Ільля Сільчукоў быў ляўрэатам гранд-прэмій прэзыдэнцкага фонду ў 2008, 2009 і 2010 гадах.
Ён ляўрэат больш як 15 міжнародных конкурсаў вакалістаў.
Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны.
Саліст беларускага Вялікага тэатру з 2005 году.
На мінулым тыдні Ільля Сільчукоў прэзэнтаваў відэакліп «Мова», які суправаджаецца прысьвячэньнем «Памяцi продкаў. Зь любоўю да беларусаў і з пашанай да Мовы!»