Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое музыкаў, звольненых зь Вялікага тэатру Беларусі, эмігравалі ў Літву


Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі.
Вялікі тэатар опэры і балету Беларусі.

У канцы кастрычніка зь Вялікага тэатру Беларусі звольнілі пяцёх таленавітых прафэсіяналаў, якія адважыліся публічна, перад пачаткам спэктакля, выказацца супраць гвалту ў краіне.

Гэта былі дырыжор Андрэй Галанаў, саліст Ільля Сільчукоў, канцэртмайстар аркестру Рэгіна Саркісава, музыкі аркестра Ала Джыган і Аляксандра Пацёміна.

Большасьць зь іх зьехалі зь Беларусі: Саркісава і Галанаў — у Літву, Джыган — ў Швайцарыю да дачкі, Сільчукоў — у ЗША. Пацёмкіна засталася ў Менску.

«Народная воля» пацікавілася ў Рэгіны Саркісавай, былой першай скрыпкі аркестра Вялікага тэатру, чым яна цяпер займаецца.
Рэгіна Мікалаеўна знаходзіцца ў Вільні. Яны з мужам прайшлі конкурс у аркестар музычнага тэатру Кляйпэды. Вось што яна расказала:

— Там у лістападзе-сьнежні праводзілі чарговы набор, бо тэатар пашырае свае творчыя далягляды. Але пакуль мы знаходзімся ў Вільні, а ў Клайпеду паедзем пасля Новага году, калі будзе дазволена перамяшчацца па краіне. Па магутнасьці музычны тэатар Кляйпэды зь беларускім опэрным, вядома, не зраўняецца. Але выбар у мяне цяпер невялікі. Трэба зарабляць на жыцьцё, у нас двое дзяцей-студэнтаў.

Саркісава кажа, што не чакала такой жорсткую рэакцыю, калі выходзіла на акцыю перад спэктаклем:

—Я думала, што ўлепяць вымову, але каб у адзін момант звольніць, нават не перагаварыўшы са мной пасьля 26 гадоў маёй працы канцэртмайстрам аркестра... Я ж была не самым апошнім чалавекам у тэатры. У галаве такое не ўкладваецца. Хоць я разумела, бачыла, што незаменных людзей у нас у краіне зараз няма, найлепшыя спэцыялісты, выдатныя асобы пазбаўляліся працы. Але ў нашым Вялікім?!

— У вашу абарону, а таксама ў абарону ўсіх астатніх музыкаў, груба звольненых з тэатру, быў ліст, пад якім падпісаліся 1070 дзеячаў культуры нашай краіны. Ці была рэакцыя ад чыноўнікаў?

— Ніякай рэакцыі. Адміністрацыя ўсіх узроўняў робіць выгляд, што яна сьлепаглуханямая. Майму мужу — ён у аркестры працаваў літаўрыстам на пазыцыі канцэртмайстра групы ўдарнікаў — давялося звольніцца адразу за мной. А ён наогул 42 гады прапрацаваў у тэатры. І зь ім нават словам не перакінуўся ніхто з адміністрацыі, не зрабілі ласку пагутарыць. І так расстацца...

— Калі вы перабраліся ў Вільню?

— Гэта яшчэ адна няпростая гісторыя, зноў столькі перажываньняў... Глядзіце, як разьвіваліся падзеі. Прайшло ўжо нямала часу з дня майго выгнаньня з тэатра, калі днём 3 сьнежня мне патэлефанавалі з РУУС і кажуць: «Вы не зьявіліся па позве!»

Я вельмі зьдзівілася, бо ніякай позвы я не атрымлівала. Тым ня менш мне настойліва параілі прыйсьці да іх ва ўпраўленьне праз паўтары гадзіны. Спытала: «Зь якой нагоды?» Адказалі: «За зрыў мерапрыемства».

— Цікава, якога мерапрыемства? Ці меўся на ўвазе ваш публічны пратэст перад пачаткам спэктакля «Царская нявеста»? Дарэчы, вас маглі папросту з допыту адправіць у СІЗА.

— Менавіта! Таму я не стала чакаць сустрэчы ў РУУС, а тут жа сабрала валізкі і зьехала ў Вільню. Падключыўся фонд «Дапамога» (дзякуй яму!), які правёў мяне гуманітарным калідорам (тым больш што ў мяне была адкрытая турыстычная віза). «Дапамога» вельмі хутка спрацавала: мне патэлефанавалі з РУУС у гадзіну дня, а ў пяць вечара я ўжо была на мяжы зь Літвой. Муж, праўда, змог прыехаць да мяне вось толькі нядаўна, на днях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG