Суд Савецкага раёну накіраваў на дапрацоўку ў міліцыю справу Галіны Казіміроўскай, кіраўніцы хору Concordia, жонкі Зьмітра Вайцюшкевіча.
Галіна знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсьціна. Паводле адвакаткі, разгляд справы яшчэ не пачынаўся.
Зьміцер Вайцюшкевіч паведаміў Свабодзе, што Галіну затрымалі 29 кастрычніка.
«Я быў на канцэрце ля Глыбокага, мне патэлефанавалі а 17-й, што яе забралі з працы ў галерэі ў Астрашыцкім гарадку, пасадзілі ў міліцэйскую машыну».
У чым абвінавачваюць Галіну, пакуль невядома. Зьміцер Вайцюшкевіч спадзяецца, што жонку павінны выпусьціць як маці непаўналетніх дзяцей.
«Я ня ведаю, у чым яна вінаватая. Цяпер у краіне цяжка ведаць прычыны, якія могуць быць».
Галіна Казіміроўская больш за дзесяць гадоў зьяўляецца дырыгенткай аматарскага хору Concordia, удзельнічала ў выданьні зборніка «Годныя песьні».