«Асаблівае пажаданьне»
10 чэрвеня кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына расказала пра «асаблівае пажаданьне прэзыдэнта», каб у выбаршчыкаў быў «самы шырокі выбар».
«Асаблівае пажаданьне кіраўніка дзяржавы — каб усе кандыдаты, якія на дадзены момант прэтэндэнты, і тыя, якія зьбіраюць подпісы, каб яны змаглі ўсё ж такі сабраць неабходную колькасьць подпісаў і каб нашы выбарчыя камісіі ўважліва працавалі, не адмаўляючы і не прызнаючы подпісы несапраўднымі на нейкіх абсалютна нефармальных падставах», — сказала тады старшыня ЦВК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына расказала, якое пажаданьне ёй выказаў ЛукашэнкаГалоўных апанэнтаў Лукашэнкі — Віктара Бабарыку, Валера Цапкалу не зарэгістравалі кандыдатамі пасьля збору подпісаў, хоць яны сабралі подпісаў найбольш сярод альтэрнатыўных прэтэндэнтаў. Віктара Бабарыку арыштавалі, а ў Валера Цапкалы прызналі несапраўднымі больш за палову подпісаў. Блогера Сяргея Ціханоўскага адсеялі яшчэ да пачатку збору подпісаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыку і Цапкалу не зарэгістравалі кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Лукашэнку, Ціханоўскую, Канапацкую, Дзьмітрыева, Чэрачня — такРэфэрэндум у Берасьці
22 чэрвеня Лукашэнка прыехаў у Берасьце і правёў там сустрэчу з праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Жыхары Берасьця пратэставалі супраць заводу з 2018 году. Лукашэнка паабяцаў ім правесьці наконт гэтага рэфэрэндум.
«Мы прынялі рашэньне. Хай вырашаць жыхары. Па акумулятарным як вырашыце, так і будзе. Я вам гэта гарантую і абяцаю. Я пазыцыю нэўтральную займу, арганізую рэфэрэндум», — паабяцаў Лукашэнка.
Мясцовыя ўлады пасьля такой заявы казалі, што рэфэрэндум можа адбыцца ўжо пад канец жніўня ці на пачатку верасьня. Ужо напрыканцы верасьня ў Берасьцейскім аблвыканкаме актывістам адказалі, што «спрабавалі наладзіць канструктыўны дыялёг», а рэфэрэндум «маюць права ініцыяваць жыхары гораду». На канец сьнежня пра тое, што ён можа адбыцца, інфармацыі няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці перадумалі праводзіць рэфэрэндум аб акумулятарным заводзе, які абяцаў Лукашэнка
«Маскоўскія лялькаводы»
25 чэрвеня Лукашэнка абвінаваціў ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі Польшчу і Расею.
«Яны і з аднаго, і з другога боку. І ў Польшчы жывуць, і з Расеі падкідваюць. Мы пра гэта з прэзыдэнтам Пуціным пагаворым у бліжэйшы час пры сустрэчы, але гэтая сытуацыя вельмі складаная», — сказаў Лукашэнка.
Ці гаварыў ён пра гэта падчас сустрэчы з Пуціным — не вядома, але пасьля выбараў выказваньні пра лялькаводаў з Расеі скончыліся. А вось кантакты Лукашэнкі і іншых чыноўнікаў з Расеяй сталі вельмі частымі. Што гэта былі за «лялькаводы», улады так і не патлумачылі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: і з Польшчы, і з Расеі ідзе ўмяшаньне з-за мяжы ў нашыя выбары і ўнутраныя справы
200 баевікоў, каб дэстабілізаваць выбары
Беларускія сілавікі паведамілі пра затрыманьне групы баевікоў «Прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра» ў санаторыі пад Менскам у ноч на 29 ліпеня. Паведамлялася пра 33 мужчын, якіх затрымала КДБ.
Тады ж тагачасны дзяржсакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў казаў пра «яшчэ 200 баевікоў», якія накіраваліся ў Беларусь, каб «дэстабілізаваць абстаноўку напярэдадні выбараў». У выніку 33 «вагнэраўцы» вярнуліся ў Расею. А дзе цяпер 200 баевікоў, якіх абяцалі адшукаць, сілавікі Беларусі так і не паведамілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў пра яшчэ адну групу баевікоў, якіх закінулі на поўдзень Беларусі
«Будзе вельмі цікава»
Пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі ў тэлеграм-каналах зьявіліся перамовы людзей, па галасах падобных да Лукашэнкавай прэс-сакратаркі Натальлі Эйсмант, кіраўніка фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава і шматразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе Дзьмітрыя Шакуты. Падобных да Шакуты і Баскава людзей бачылі ў двары на вуліцы Чарвякова («плошча Перамен»), дзе загінуў Раман Бандарэнка.
20 лістапада, камэнтуючы запісы ў тэлеграм-каналах, Лукашэнка паабяцаў апублікаваць новую «вельмі цікавую» інфармацыю па гэтай справе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Размова Наташы і Дзімы. Некалькі высноваў са скандальных зьліваў«Калі ты намякаеш на апошнія зьлівы ў тэлеграм-каналах, асобныя размовы, перамовы, зьвязаныя з гібельлю гэтага хлопца... Калі гэта, то я табе павінен сказаць і ўсім: ня час, пацярпіце трошкі, на наступным тыдні ўсё раскажам. Паверце, будзе вельмі цікава», — сказаў Лукашэнка, адказваючы на пытаньне супрацоўніка «Гомсельмашу».
Ні праз тыдзень, ні празь месяц нічога новага наконт выкладзеных перамоваў улады не паведамілі. Па факце гібелі Рамана Бандарэнкі дагэтуль не распачалі крымінальную справу, хоць Лукашэнка даручыў Генпракуратуры ўзяць яе «пад кантроль».
Затрымалі толькі лекара Арцёма Сарокіна, які паведаміў, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было алькаголю, і журналістку Кацярыну Барысевіч, якая пра гэта напісала. І лекар, і журналістка цяпер за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International прызнала лекара Арцёма Сарокіна і журналістку tut.by Кацярыну Барысевіч вязьнямі сумленьня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фанаскапічная экспэртыза пацьвердзіла — галасы ў размове пра Рамана Бандарэнку сапраўды належаць Шакуту і Баскаву