Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі правяла 14 ліпеня паседжаньне, на якім разглядала рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты. Да збору подпісаў дапусьцілі 15 ініцыятыўных групаў, ды толькі 7 зь іх пасьля заканчэньня збору подпісаў прэтэндавалі на рэгістрацыю. Зарэгістравалі пяць кандыдатаў.
Сьцісла
- ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай адзінагалосна прагаласавалі за рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня.
- Сябры камісіі адзінагалосна выказаліся за нерэгістрацыю Віктара Бабрыкі і Валера Цапкалы
- Ярмошына прапанавала адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі ў сувязі зь неадпаведнасьцю дэклярацыі фактычным даходам і ўдзелу замежнай арганізацыі ў ягонай кампаніі.
- Ярмошына прапанавала не рэгістраваць Цапкалу праз подпісы і недакладныя зьвесткі з дэклярацыі жонкі.
- Штабы Бабарыкі і Цапкалы будуць аспрэчваць нерэгістрацыю сваіх прэтэндэнтаў кандыдатамі ў судзе.
- Андрэй Дзьмітрыеў выступіў пасьля рэгістрацыі з жорсткай крытыкай дзейнага рэжыму і асабіста Аляксандра Лукашэнкі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
У пачатку паседжаньня старшыні абласных камісіяў расказалі пра колькасьць прынятых і адхіленых подпісаў за вылучэньне кандыдатаў, а таксама пра прычыны адхіленьня подпісаў і скаргі на дзеяньні выбаркамаў пры праверцы падпісных лістоў.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына расказала, што ў Першамайскай раённай камісіі Бабруйску выявілі памылку: у Валера Цапкалы не ўключылі ў сьпіс ініцыятыўнай групы каардынатара: трэба было мець двух каардынатараў на два раёны гораду, а каардынатар быў адзін на горад, ды каардынатару ўсё адно выдалі два пасьведчаньні. Подпісы ад яго ня мусілі прымаць, але Ярмошына прызнала памылку ЦВК, пастанавіла «вярнуць» і прызнаць 2975 подпісаў.
Грамадзяне, якія падавалі скаргі, адзначыла Ярмошына, не разумеюць, што заявы, пададзеныя ў раённыя і абласныя камісіі, не разглядаюцца ў тых камісіях — іх разглядае толькі цэнтральная камісія. Зварот Цапкалы пра «недахопы» ў праверцы подпісаў паабяцалі прааналізаваць на паседжаньні да прыняцьця рашэньня аб рэгістрацыі.
Не здавалі подпісаў ініцыятыўныя групы Алега Гайдукевіча, Юрыя Ганцэвіча, Юрася Губарэвіча, Вольгі Кавальковай, Мікалая Казлова, Натальлі Кісель, Уладзімера Няпомняшчых, Алеся Таболіча.
Пастанову аб прыняцьці вынікаў збору подпісаў прынялі адзінагалосна. Бюлетэні на выбарах будуць на беларускай мове. Іх надрукуюць, як звычайна, з запасам — 7 175 180 асобнікаў.
Бабарыку не зарэгістравалі
Ярмошына прапанавала адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі ў сувязі зь неадпаведнасьцю дэклярацыі фактычным даходам і ўдзелу замежнай арганізацыі ў ягонай кампаніі.
За тое, каб адмовіць Бабарыку ў рэгістрацыі, прагаласавалі адзінагалосна.
На паседжаньні заявілі, што на Tut.by нібыта яшчэ да рашэньня ЦВК было напісана, што Бабарыку не зарэгістравалі. У гэты момант на Tut.by было напісана толькі, што «Ермошина предложила не регистрировать Бабарико кандидатом в президенты».
Цапкалу не зарэгістравалі
Другой разглядаюць заяву на рэгістрацыю Валера Цапкалы. Прадстаўніца ЦВК агучвае вынікі праверкі падпісных лістоў: ЦВК адхіліла больш за палову подпісаў, засталося менш за 100 тысяч подпісаў. У дэклярацыі жонкі Цапкалы заўважылі непазначаныя акцыі «Прыёрбанку», а гэта парушэньне істотнага характару.
Кіраўнік ініцыятыўнай групы Цапкалы Андрэй Ланкін заявіў, што экспэртызы подпісаў ня маюць юрыдычнай моцы. ЦВК ж заяўляе, што паўсюль былі пацьвярджальныя дакумэнты аб экспэртызах подпісаў і праверках іншых зьвестак пра падпісантаў.
Ярмошына прапанавала не рэгістраваць Цапкалу праз подпісы і недакладныя зьвесткі з дэклярацыі жонкі. За адхіленьне Цапкалы прагаласавалі адзінагалосна.
Канапацкую зарэгістравалі
Цэнтарвыбаркам ня меў пытаньняў да прэтэндэнткі Ганны Канапацкай — ні ў частцы збору подпісаў, ні да дэклярацыі аб даходах. Яна была зарэгістраваная цягам 5 хвілін адзінагалосна.
Былі прызнаныя сапраўднымі больш за 140 тысяч подпісаў, хоць сама яна заяўляла, што здавала ў камісіі крыху больш за 100 тысяч.
Канапацкая падзякавала і выказала перакананьне, што прэзыдэнцкія выбары пройдуць у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі.
Дзьмітрыева зарэгістравалі
Паводле ЦВК, Дзьмітрыеў не пазначыў у дэклярацыі даход у 4800 даляраў ЗША праз банкаўскі перавод ад грамадзяніна Расеі ў 2019 годзе. Дзьмітреў прадставіў дакумэнты аб тым, што грошы — даход ягонай маці за арэнду кватэры.
За рэгістрацыю Дзьмітрыева прагаласавалі адзінагалосна. Ён выступіў з прамовай аб ходзе выбараў.
Ён выказаў перакананьне, што з пасьведчаньнямі аб рэгістрацыі кандыдатамі разам зь ім павінны былі стаяць побач Віктар Бабарыка, Валер Цапкала, Сяргея Ціханоўскі. Замест гэтага іх трымаюць у турмах і перасьледуюць. Таксама ён заклікаў улады адпусьціць палітзьняволеных і асабіста зьвярнуўся да Лідзіі Ярмошынай, каб тая забрала заяву на Сяргея Ціханоўскага.
Чэрачаня зарэгістравалі
Колькасьці подпісаў, сабраных за вылучэньне Сяргея Чэрачня прызналі дастатковай, дэклярацыю — дакладнай. Ярмошына зьвярнулася асабіста да Чэрачня: згадала, што ён пытаў падпісантаў, ці балятавацца яму, ці зьняцца.
Чэрачань адказаў, што сапраўды пытаў такое — і «людзі сказалі, што трэба рухацца далей».
За рэгістрацыю Чэрачня кандыдатам прагаласавалі адзінагалосна.
Ціханоўскую зарэгістравалі
За вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай сабралі дастаткова подпісаў, расказалі ў ЦВК. Зьвесткі пра даходы, акцыі і машыну Ціханоўскай і ейнага мужа адпавядаюць рэчаіснасьці. Адносна нерухомасьці выявілі, што Ціхаонўскі не пазначыў дом у 192,2 м² Добрускім раёне ў Гомельскай вобласьці, а гэтае парушэньне можа быць істотным.
Адносна дому ў Гомельскай вобласьці Ціханоўская адказала: яго не пазначалі, бо дом прадаваўся як звычайны, хоць быў гісторыка-культурнай каштоўнасьцю — пачалі працэс аспрэчваньня пакупкі. Ярмошына ж заявіла, што парушэньне ўсё істотнае, але сям’я ня можа карыстацца домам і не зьбіралася карыстацца як прыватнай маёмасьцю, а для прадпрымальніцкай дзейнасьці, пад аграсядзібу. Яна прапанавала зарэгістраваць Ціханоўскую, каб «не зьмяншаць колькасьць кандыдатаў».
За рэгістрацыю Ціханоўскай прагаласавалі адзінагалосна.
Лукашэнку зарэгістравалі
Сам Лукашэнка не прысутнічаў у ЦВК, за яго пасьведчаньне атрымаў кіраўнік ініцыятыўнай групы Міхаіл Орда. За рэгістрацыю Лукашэнкі кандыдатам прагалсавалі адзінагалосна.
За вылучэньне Лукашэнкі, як сьцьвярджалася, сабралі 1,945 млн дакладных подпісаў, толькі 13 155 прызналі несапраўднымі або не належнымі да праверкі. Памылак у ягонай дэклярацыі не знайшлі. За рэгістрацыю Лукашэнкі прагаласавалі аднагалосна.
Лукашэнка адмовіўся ад перадвыбарчых выступаў на ТВ і радыё.
Што адбываецца каля ЦВК. Жывая трансьляцыя
Што сказалі патэнцыйныя кандыдаты і іх прадстаўнікі перад пачаткам пасяджэньня ЦВК
Першым ад штабоў патэнцыйных кандыдатаў ля ЦВК зьявіўся старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандара Лукашэнкі. Заявіў, што няма падставаў, каб не зарэгістраваць таго, хто сабраў пад 2 мільёны подпісаў сваіх прыхільнікаў.
Сьледам прыйшоў Сяргей Чэрачань, які сказаў, што ў гэтай краіне «нічога нельга прагназаваць». Таму давядзецца імправізаваць, залежна ад таго, атрымае ён пасьведчаньне кандыдата ў прэзыдэнты, або не. У групе суправаджэньня — Дзьмітры Ўрангель, нядаўна звольнены з тэлеканалу АНТ за выказваньне падтрымкі ахвярам міліцэйскага гвалту.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак прадстаўляюць інтарэсы зьняволенага экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі. Яны адмовіліся пра штосьці казаць перад пачаткам паседжаньня, паабяцаўшы даць разгорнуты камэтар пасьля яго завяршэньня.
Андрэй Дзьмітрыеў верыць у рэгістрацыю сябе кандыдатам у прэзыдэнты. Свае перадвыбарныя тэзы ён выклаў напярэдадні ў наўпроставым відэафіры Свабоды.
Ганна Канапацкая напярэдадні заявіла, што ў гэтай кампаніі толькі два годныя канкурэнты — яна і Аляксандар Лукашэнка. Здымацца з выбараў не зьбіраецца, паколькі верыць у свае сілы. Гатовая аб’яднацца толькі з тымі патэнцыйнымі кандыдатамі, чыя пазыцыя ёй будзе блізкай. Але пакуль такіх асобаў яна ня бачыць. Таксама яна сказала, што будзе змагацца з «расейскімі лялькаводамі», якія намагаюцца ўплываць на працэсы ў Беларусі, бо яна, адрозна ад іншых, не гандлюе сувэрэнітэтам краіны.
Сьвятлана Ціханоўская назвала дзеяньні Цэнтарвыбаркаму «непрадказальнымі», таму казаць наперад і прагназаваць магчымыя рашэньні бяссэнсоўна. «Ніколі не была ў такой сытуацыі», — адзначыла яна. Таксама пацьвердзіла, што яе муж і кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі чарговым разам трапіў у карцэр.
Апошнімі прыбылі прадстаўнікі штабу Валера Цапкалы, самога патэнцыйнага кандыдата на паседжаньні ня будзе. Ад размоваў з прэсай ягоныя паплечнікі ўстрымаліся.
Хто за кратамі
У зьняволеньні цяпер знаходзяцца прызнаныя палітвязьнямі Віктар Бабарыка, ягоны сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка, чальцы ініцыятыўнай групы Бабарыкі Ўладзімер Дудараў, Алена Карагачава, Дзьмітры Карака і Сьвятлана Купрэева; чальцы ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Аляксандар Кабанаў, Зьміцер Фурманаў, Арцём Сакаў і Андрэй Новікаў.
Акрамя таго, палітвязьнямі прызнаныя зьняволеныя блогер Сяргей Ціханоўскі і палітык Мікалай Статкевіч (якім адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў), а таксама Павал Севярынец (зьбіраўся ў кандыдаты праз праймэрыз апазыцыі, зьняў кандыдатуру і заклікаў да байкоту) і іншыя.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.