Прайшоў месяц з дня трагічнай гібелі Рамана Бандарэнкі ў Менску. Фанаскапічная экспэртыза, замоўленая Tut.by, пацьвердзіла, што на «зьлітай» у сеціва размове пра абставіны яго затрыманьня сапраўды галасы Дзьмітрыя Баскава і Дзьмітрыя Шакуты.
Афіцыйна ніхто не аспрэчыў сапраўднасьць размовы, а Tut.by замовіў дасьледаваньне, якое павінна было паказаць, ці не мантажавалі размову і ці сапраўды на запісе гучаць галасы спартовых функцыянэраў.
Дасьледаваньне выканала расейская спэцыялістка Эла Баргаякава. Яна судовы экспэрт і займаецца фанаскапічнымі дасьледаваньнямі больш як 10 гадоў.
Выснова экспэртызы катэгарычная — галасы на аўдыёзапісе належаць менавіта Шакуту і Баскаву. Прыкмет мантажу ня выяўлена. А ў маўленьні суразмоўцаў выявілі цэлы шэраг прыкметаў, характэрных менавіта для спантаннай, а не падрыхтаванай загадзя размовы.
Шэраг дэталяў паказвае на тое, што ўдзельнікі дыялёгу валодаюць інфармацыяй пра падзеі 11 лістапада на «плошчы Пераменаў». У прыватнасьці, агучваецца інфармацыя, якая магла быць пачута ад самога Рамана Бандарэнкі ў той вечар.
Фанаскапічная экспэртыза — адзін з элемэнтаў вялікага журналісцкага расьсьледаваньня, якое апублікаваў Tut.by у месяц пасьля гібелі Рамана Бандарэнкі.
Журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч, якая апублікавала матэрыял пра тое, што Бандарэнка быў цьвярозы ў момант ягонага выкраданьня, знаходзіцца пад вартай. Як і лекар Арцём Сарокін, які паказаў выпіску пра адсутнасьць алькаголю ў крыві Бандарэнкі.