Аляксандар Лукашэнка абверг выказваньні расейскіх палітыкаў, што затрыманыя ў Беларусі ўдзельнікі прыватнай вайсковай арганізацыі «Вагнэра» ляцелі ў Стамбул.
«Сьпярша Стамбул, пасьля Вэнэсуэла, потым ужо пазванілі сказалі, што не Вэнэсуэла, самі ня ведаем куды. Мы ведаем! Не падкідвайце тут ядзернай зброі. Сёньня паступіла інфармацыя яшчэ аб адным атрадзе, які перакінуты на поўдзень. Мы іх усіх адловім», — сказаў Лукашэнка.
Ён сказаў, што затрыманыя баевікі ўжо ўсё распавялі.
«Ім была дадзена каманда чакаць у Беларусі», — заявіў Лукашэнка.
Ён дадаў, што яму ўжо вядома пра яшчэ адну групу баевікоў, якіх закінулі на поўдзень Беларусі.
Сяргей Кабаковіч, афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту, сказаў адносна словаў Лукашэнкі пра другую групу баевікоў: «Не валодаю такой інфармацыяй».
КДБ пакуль не даступны для камэнтароў.