Аб’ём выкрадзеных дадзеных усё яшчэ ацэньваецца.
Напярэдадні СМІ паведамілі аб узломе сыстэмаў Мінфіну, Дзярждэпартамэнту, Міністэрства гандлю і яшчэ некалькіх дзяржаўных установаў ЗША ў выніку аднаго з самых буйнамаштабных нападаў за апошнія пяць гадоў. У гэтым нападзе падазраюць групоўку Cozy Bear. Улады ЗША, а таксама шэраг кампаніяў у сфэры кібэрбясьпекі зьвязваюць групоўку з расейскімі спэцслужбамі.
Па дадзеных амэрыканскай кампаніі SolarWinds, каля 18 тысячаў прыватных і дзяржаўных карыстальнікаў загрузілі сапсаванае абнаўленьне праграмнага забесьпячэньня, «пэўнага кшталту траянскага каня», што дазволіла ўзломшчыкам пранікнуць у сыстэму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанія абвінаваціла расейскіх хакераў у спробе выкрасьці зьвесткі пра вакцыну ад каранавірусуПраграмнае забесьпячэньне SolarWinds выкарыстоўваюць у тым ліку Цэнтры па кантролі і прафіляктыцы захворваньняў, Дзярждэпартамэнт, Міністэрства юстыцыі, падразьдзяленьні Пэнтагону.
The New York Times піша, што ахвярай нападу стала і Міністэрства ўнутранай бясьпекі.
Выданьне называе цяперашнія кібэратакі «самым дасканалым» зь вядомых выпадкаў крадзяжу дадзеных амэрыканскага ўраду з боку расейскіх спэцслужбаў пасьля 2014-2015 гадоў, калі тыя маглі атрымаць доступ да несакрэтных сыстэмаў Белага дому, Дзярждэпартамэнту і Абʼяднанага камітэта начальнікаў штабоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даклад: Расея ўмешвалася ў рэфэрэндум аб незалежнасьці ШатляндыіУ амбасадзе РФ у ЗША раней заявілі, што Расея не праводзіць «наступальных» апэрацый у віртуальным асяродзьдзі. Яны дадалі, што Расея «актыўна прасоўвае двухбаковыя і шматбаковыя пагадненьні па кібэрбясьпецы».
Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў абверг абвінавачаньні на адрас Расеі ў арганізацыі хакерскіх нападаў. «Калі на працягу многіх месяцаў амэрыканцы нічога не маглі з гэтым зрабіць, то, напэўна, не трэба так галаслоўна адразу ва ўсім вінаваціць расейцаў. Мы тут ні пры чым», — заявіў ён.
Cozy Bear і Fancy Bear — вядомыя хакерскія групы, якія займаюцца дзяржаўным кібэршпіянажам з сярэдзіны 2000-х гадоў. Іх ахвярамі рабіліся буйныя кампаніі, спэцслужбы, органы ўлады, а таксама крытыкі Крамля па ўсім сьвеце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША правялі перадвыбарчыя кібэратакі на іранскіх хакераўПаводле зьвестак амэрыканскай кампаніі CrowdStrike, за Cozy Bear можа стаяць Фэдэральная служба бясьпекі РФ. Служба разьведкі і бясьпекі Нідэрляндаў, у сваю чаргу, паказвае на Службу зьнешняй разьведкі Расеі (СВР). Fancy Bear кампаніі ў сфэры кібэрбясьпекі і шэраг спэцслужбаў зьвязваюць з Галоўным разьведным упраўленьне (ГРУ) Мінабароны Расеі.
Расея гэтыя сувязі адмаўляе. Пасьля папярэдніх кібэратакаў ЗША і краіны Эўразьвязу ўводзілі санкцыі супраць супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў.