Агенцтва нацыянальнай бясьпекі і кібэрнэтычнае камандаваньне ЗША ў кастрычніку атакавалі групу іранскіх хакераў, каб прадухіліць умяшаньне Тэгерану ў амэрыканскія выбары.
Пра гэта паведамляюць газэта Washington Post і канал CNN са спасылкай на неназваных амэрыканскіх чыноўнікаў.
Паводле гэтых СМІ, апэрацыя была накіраваная супраць кампутарных спэцыялістаў, якія працуюць на Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі — элітнае ваенізаванае фармаваньне, якое Вашынгтон прызнаў тэрарыстычнай арганізацыяй. Амэрыканскі напад стаў адказам на іранскі: у кастрычніку хакераў, зьвязаных з Корпусам, западозрылі ў рассылцы амэрыканскім выбарнікам электронных лістоў з пагрозамі ад імя няіснай ультраправай арганізацыі «Ганарлівыя хлопцы».
Дэталі амэрыканскай апэрацыі супраць іранскіх хакераў застаюцца няяснымі, адзначае «Голас Амэрыкі». Аднак паведамленьне пра яе паступіла ў пэрыяд, калі ўлады знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасьці да магчымага замежнага ўмяшаньня. Іран у сярэдзіне кастрычніка паведамляў пра кібэратакі на сваю інфраструктуру, аднак таксама не раскрываў падрабязнасьцяў.
- 3 лістапада ў ЗША адбыліся выбары прэзыдэнта і галасаваньне за кандыдатаў у абедзьве палаты Кангрэсу, падлік вынікаў яшчэ не завяршыўся. Абодва кандыдаты на пасаду прэзыдэнта — рэспубліканец Дональд Трамп і дэмакрат Джо Байдэн — заяўляюць, што блізкія да перамогі.
- У жніўні кіраўнік Нацыянальнага цэнтру контравыведкі і бясьпекі ЗША Ўільям Івэйніна заявіў, што Іран, Расея і Кітай спрабуюць умяшацца ў прэзыдэнцкія выбары. Паводле ягонай ацэнкі, Кітай хацеў бы перамогі Байдэна, Расея выступае супраць яго, пазыцыю Ірану ён не ўдакладніў.