Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абвінавацілі расейскіх хакераў ў крадзяжы 100 млн даляраў


Mіністар фінансаў ЗША Стывэн Мнучын
Mіністар фінансаў ЗША Стывэн Мнучын

Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненьні да шасьці расейскіх кампаній, хакерскай арганізацыі Evil Corp і 17 чалавек. Абмежавальныя захады ўведзеныя за злачынствы ў кібэрпрасторы. Іх абвінавачваюць у крадзяжы больш як 100 млн даляраў.

У заяве амэрыканскага ведамства сьцьвярджаецца, што Evil Corp — гэта расейская кібэрзлачынная арганізацыя, адказная за распрацоўку і пашырэньне шкоднага праграмнага забесьпячэньня Dridex.

Гэтая праграма, паводле Міністэрства фінансаў, выкарыстоўвалася для заражэньня кампутараў і збору уліковых дадзеных ад сотняў банкаў і фінансавых установаў у больш чым 40 краінах, што прывяло да крадзяжу больш як 100 млн даляраў. Большасьць фізічных асобаў, якія трапілі ў санкцыйны сьпіс, зьвязаныя з Evil Corp.

«Міністэрства ўводзіць санкцыі ў дачыненьні да Evil Corp у рамках шырокамаштабнай акцыі супраць адной з самых пладавітых кібэрзлачынных арганізацый у сьвеце. Гэтае скаардынаванае дзеяньне накіравана на тое, каб сарваць масавыя фішынгавыя кампаніі, арганізаваныя гэтай расейскай хакерскай групай», — заявіў міністар фінансаў ЗША Стывэн Мнучын.

Як заявілі ў амэрыканскім ведамстве, «Evil Corp працуе як бізнэс, кіраваны групай людзей з Масквы, якія маюць шматгадовы досьвед і добра разьвітыя, даверныя дачыненьнні адзін з адным».

Лідэрам арганізацыі Мінфін ЗША называе Максіма Якубца. За інфармацыю аб яго месцазнаходжаньні абвешчаная ўзнагарода 5 млн даляраў. Міністэрства юстыцыі ЗША адкрыла супраць яго крымінальную справу.

Згодна з апублікаванай Мінфінам ЗША інфармацыі, Максім Якубец нарадзіўся ў Хмяльніцкай вобласьці (Украіна) 20 траўня 1987 году, ён грамадзянін Расеі. У ведамстве лічаць, што Максім Якубец ня толькі быў лідэрам Evil Corp, але таксама «аказваў непасрэдную дапамогу расейскаму ўраду, з 2017 году ён працаваў на ФСБ Расеі».

Акрамя Максіма Якубца, ключавую ролю ў арганізацыі, паводле інфармацыі Мінфіну ЗША, адыгрывалі Дзяніс Гусеў і Ігар Турашаў. Супраць апошняга Міністэрства юстыцыі ЗША таксама распачала крымінальную справу. Сярод тых, хто трапіў пад санкцыі, таксама ёсьць грамадзяне Расеі, Грэцыі, Ізраілю, Іспаніі і Ўкраіны.

Акрамя Evil Corp, у санкцыйны сьпіс трапілі ТАА «Бизнес-столица», ТАА «Оптима», ТАА «Трейд-инвест», ТАА «Центр автообслуживания», ТАА «Вертикаль», ТАА «ЮНИКОМ».

Сьцьвярджаецца, што хакеры пераводзілі грошы ў адзін з банкаў у Менску, але назва банку не раскрываецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG