Старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч заявіў пра выхад з прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Пра гэта ён напісаў у сваім фэйсбуку.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
У сваёй заяве Губарэвіч адзначыў, што ў цяперашняй выбарчай кампаніі «не засталося і рэшткаў законнасьці».
Цяпер ён плянуе засяродзіцца на арганізацыі актыўнага масавага назіраньня.
«Толькі актыўнае і масавае назіраньне дазволіць нам паўплываць на членаў выбарчых камісій, нагадаць ім пра крымінальную адказнасьць за фальсыфікацыі і неабходнасьць дзеяньняў у межах закону», — лічыць Губарэвіч.
«Дзейны кіраўнік прайграе. І гэты электаральны расклад застаецца толькі аформіць юрыдычна. Нам усім разам!» — напісаў Губарэвіч.
Раней з выбараў зьняліся Алег Гайдукевіч і Натальля Кісель.
Сёньня ж, 19 чэрвеня, Юрыя Губарэвіча асудзілі на 15 сутак арышту за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў на Камароўцы 7 чэрвеня.
18 чэрвеня пікет па зборы подпісаў з удзелам Юрыя Губарэвіча сабраў у Менску рэкордную чаргу людзей на тры кілямэтры ўздоўж цэнтральнага праспэкту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Надакучыла баяцца». Пікет салідарнасьці ў цэнтры Менску. ВІДЭА, ФОТАПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.