Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрэсіі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі: хто і за што арыштаваны. ІНФАГРАФІКА


Выбарчая кампанія ў Беларусі ператварылася ў праваабарончую хроніку рэпрэсіяў, крымінальных і адміністратыўных спраў, катаваньняў у месцах зьняволеньня.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі


Арыштаваныя ў межах Крымінальнага кодэксу адзін патэнцыйны кандыдат — Віктар Бабарыка, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў — Эдуард Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі, іншыя чальцы ініцыятыўных групаў і актывісты кампаніі, валянтэры... Больш за тры дзясяткі чалавек праходзяць у крымінальных справах і больш за сотню – у адміністрацыйных.

Пры гэтым пад рэпрэсіі на фоне выбарчай кампаніі трапілі як палітычныя актывісты і ўдзельнікі ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду, так і топ-мэнэджэры кампаній, зьвязаных з адным з патэнцыйных кандыдатаў.

Крымінальныя справы

Каманда Ціханоўскага: 10 затрыманых за «грубае парушэньне грамадзкага парадку», сам Сяргей Ціханоўскі ў карцэры. Прызнаныя палітвязьнямі.

Цэнтральны апарат Сьледчага камітэту працягвае расьсьледаваць крымінальную справу, заведзеную паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу па факце ўжываньня гвалту да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у Горадні.

У ходзе сьледзтва справу перакваліфікавалі ў ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу. Выстаўленае абвінавачаньне і выбраная мера стрыманьня ў дачыненьні да 10 асобаў. Санкцыя прадугледжвае да 3 гадоў зьняволеньня.

29 траўня ў Горадні падчас дазволенага пікету за Сьвятлану Ціханоўскую быў затрыманы яе муж і кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі. Падчас слоўнай перапалкі блогера з падазронымі жанчынамі на зямлі апынуўся супрацоўнік міліцыі, што стала падставай да затрыманьняў.

Каманда Бабарыкі: каля 20 затрыманых за «легалізацыю сродкаў, здабытых злачынным шляхам», Віктар і Эдуард Бабарыкі ў СІЗА КДБ, адвакатаў да іх не пускалі ў дзень затрыманьня. Прызнаныя палітвязьнямі.

Камітэт дзяржкантролю завёў крымінальныя справы супраць шэрагу супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку», якім 20 гадоў кіраваў адзін з прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду Віктар Бабарыка. Ведамства сьцьвярджае, што на рахункі латвійскага банку ABLV было выведзена звыш 430 мільёнаў даляраў. Яшчэ 60 мільёнаў даляраў — гэта махінацыі з вэксалямі.

Крымінальныя артыкулы тычацца легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і ўхіленьня ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Агулам затрыманыя прыкладна 20 чалавек (дакладная колькасьць афіцыйна не названая).

Самога Бабарыку спачатку не чапалі, але 18 чэрвеня, калі ён з сынам Эдуардам, які кіруе ягонай ініцыятыўнай групай, пайшлі здаваць бюлетэні ў ЦВК, іх абодвух затрымалі. Пазьней стала вядома: кандыдат на прэзыдэнта затрыманы за спробу ўплыву на сьведак і хаваньне доказаў злачынства.

Раней была арыштаваная каардынатарка перадвыбарнага штабу Сьвятлана Купрэева, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Заблякаваны і выбарчы фонд Бабарыкі са 100 тысячамі рублёў на рахунку.

Адміністратыўны перасьлед

Згодна са справаздачамі праваабаронцаў, ад пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі прынамсі 103 чалавекі атрымалі прынамсі 1388 дзён арышту на ўсіх паводле адміністрацыйных артыкулаў, выкарыстаных з мэтай палітычнага перасьледу. Ня менш за 120 чалавек былі асуджаныя на штрафы агульным памерам каля 105 000 рублёў.

За апошнія дні статыстыка заўважна падрастае: 19 чэрвеня толькі ў Менску праходзіць два дзясяткі адміністрацыйных судоў паводле артыкула 23.34 КаАП — удзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Суды зьвязаныя зь пікетамі для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Самыя пікеты легальныя, але на ранейшых судах сьведкі-міліцыянты заяўлялі, што падсудныя незаконна там мітынгавалі.

Суд ужо пакараў 15 суткамі арышту лідэра руху «За свабоду» і аднаго з прэтэндэнтаў у кандыдаты Юрася Губарэвіча. Раней прыцягваўся да адказнасьці «кандыдат пратэсту» Уладзімер Няпомняшчых, а ініцыятар кампаніі Мікола Статкевіч працягвае адбываць свае суткі. Агулам да 90 сутак вырасла «запазычанасьць» перад судом у Паўла Севярынца, які ўдзельнічаў у праймэрыз па выбары «адзінага кандыдата» ад апазыцыі, але зьняўся і не пачынаў збор подпісаў.

Скаргі на катаваньні

Шматлікія арыштанты скардзіліся на ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары на завулку Акрэсьціна. Перадачы ад сваякоў там не прымаюць нібыта «ў сувязі з эпідэмічнай абстаноўкай». Многія скардзіліся, што ім на даюць спаць або прымушаюць спаць на падлозе, забіраюць асабістыя рэчы, пакідаюць у халодных камэрах бязь цёплага адзеньня, падсаджваюць у камэры бяздомнікаў з вошамі, выліваюць на падлогу хлёрку і гэтак далей.

Пісаць скаргі падчас зьняволеньня не даюць — проста не выдаюць паперу і пісьмовыя прылады, кажуць вызваленыя з-пад арышту.
Паведамлялася таксама, што зьняволенага Паўла Севярынца зьбівалі ў ізалятары. На адным з судоў над ім стала вядома, што ён наўмысна парэзаў руку на знак пратэсту супраць умоваў утрыманьня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG