«Маскі сарваныя!» Так праўладны тэлеграм-канал «Пул первого» пракамэнтаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі пра «спробу разгайдаць краіну».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Сёньня фокус усіх палітычных інтарэсаў сканцэнтраваны на Беларусі. Як з Захаду, так і з Усходу. Назіраючы цягам апошніх содняў, я бачу, што актывізаваліся пэўныя сілы, якія пачынаюць разгойдваць сытуацыю ў краіне.
Мы гэта назіралі, і даўно. Але нам усё ж удалося зрабіць пэўныя крокі на апярэджаньне і сарваць маштабны плян дэстабілізацыі Беларусі (гэта ня жарт і не запалохваньне) і нейкага Майдану. Такая была мэта. Маскі сарваныя з пэўных ня толькі лялек, якія ў нас тут былі, але і лялькаводаў, якія сядзяць за межамі Беларусі», — заявіў Лукашэнка, падкрэсьліўшы, што нікому не дазволіць зламаць краіну.
«Я хачу, каб вы разумелі, што я ні ў якім разе і паводле сваіх функцыянальных абавязкаў як прэзыдэнт адпаведна Канстытуцыі, і проста як чалавек, які ўсё сваё жыцьцё паклаў на стварэньне гэтай незалежнай сувэрэннай дзяржавы, нікому не дазволю зламаць гэтую краіну. Я хачу, каб мяне разумелі вы і іншыя. Для мяне няма большай каштоўнасьці, чым Беларусь — сувэрэнная і незалежная. І на захаваньне гэтай краіны я пайду, чаго б мне гэта ні каштавала», — заявіў Лукашэнка.
«Ня трэба з зладзюгаў, буржуяў і махляроў, якія сядзяць у „Белгазпрамбанку“, рабіць герояў»
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўважліва назірае за сытуацыяй, якая складваецца ў краіне. І перакананы, што пэўныя палітычныя сілы спрабуюць выкарыстаць людзей.
«Я пакуль прашу і папярэджваю перш за ўсё гэтых людзей: не прымушайце ўлады ісьці на нейкія захады рэагаваньня, не падштурхоўвайце нас да гэтага», — папярэдзіў ён, зьвярнуўшыся перадусім да бацькоў маладых людзей.
«Выкарыстоўваюць пацаноў, якія ня маюць да выбараў ніякага дачыненьня — па 15-17 гадоў. Яны ня памятаюць Беларусь, зь якой мы выходзілі з вамі ў лапцях і без штаноў у сярэдзіне 1990-х. Ня памятаюць тых талёнаў, што не маглі купіць бутэльку малака. Ня памятаюць, што на трое сутак у Менску мукі хапала, каб сьпекчы хлеб. Жывуць у чыстай і сьветлай Беларусі і думаюць, што ўсё гэта ўпадзе ім зь неба. Зразумела, гэта і наша недапрацоўка, што не патлумачылі», — цытуе яго БелТА.
Нікога не палохаю, але прашу гэта ўлічыць
Ён запатрабаваў, каб бацькі растлумачылі дзецям, што парушаць закон не дазволена. І ня выключыў наступстваў.
«Я не хачу, каб іхныя дзеці трапілі ў складаную сытуацыю. Падкрэсьліваю, нікога не палохаю, але прашу гэта ўлічыць. Не трэба з зладзюгаў, буржуяў і іншых махляроў, якія сядзяць у „Белгазпрамбанку“, рабіць герояў. Гэтага не атрымаецца. Я ўжо казаў: ні вязьнямі сумленьня яны ня стануць, ні пухнатымі і белымі таксама ня будуць. А з тымі, хто гэта дапусьціў, мы яшчэ разьбяромся», — паабяцаў Лукашэнка.
Зь яго словаў, у прыватных кампаніях занадта «загуляліся ў палітыку», забыўшыся пра ўласных людзей.
«На курорты — Канары, Гоа, Тайлянд — грошы знайшлі, каб выехаць і адпачыць, а сваім супрацоўнікам заплаціць ня могуць. Разьбяромся, прытым жалезабэтонна. Загуляліся ў палітыку замест таго, каб займацца бізнэсам, пашыраць яго, паглыбляць і глядзець за сваімі людзьмі», — падсумаваў кіраўнік Беларусі выступ на нарадзе ў пытаньнях банкаўскага сэктару.
«Стварылі пагрозу інтарэсам нацыянальнай бясьпекі», — генэральны пракурор пра фігурантаў «справы „Белгазпрамбанку“»
Як заявіў 19 чэрвеня генэральны пракурор Аляксандар Канюк, «дзеяньні фігурантаў справы «Белгазпрамбанку» стварылі рэальную пагрозу інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Беларусі», паведамляе БелТА.
Пракуратура разгледзела матэрыялы крымінальнай справы «Белгазпрамбанку», якія атрымала з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў, і завяла крымінальную справу паводле ч. 2 і 3 арт. 285 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Стварэньне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй», максымальнае пакараньне паводле гэтых частак артыкулу — да 15 гадоў пазбаўленьня волі).
«З улікам таго, што злачынныя дзеяньні чыніліся сыстэмна, на працягу доўгага часу, з выкарыстаньнем транснацыянальных супрацьпраўных схемаў, яны стварылі рэальную пагрозу інтарэсам нацыянальнай бясьпекі нашай краіны як у фінансавай, так і іншых сфэрах», — заявіў генэральны пракурор.
Менавіта таму далейшае расьсьледаваньне крымінальнай справы, паводле Канюка, даручылі сьледчым падразьдзяленьням КДБ. Апэратыўнае суправаджэньне расьследаваньня будзе ажыцьцяўляць ДФР КДК, дадаў пракурор.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.