«10 гадоў без разьвіцьця». Цапкала адказаў на пытаньні пра сваю прэзыдэнцкую кампанію. ВІДЭА

Валер Цапкала — былы дыплямат і стваральнік Парку высокіх тэхналёгіяў — даў 21 траўня прэс-канфэрэнцыю аб сваім удзеле ў прэзыдэнцкіх выбарах. Ад 22 траўня ягоная ініцыятыўная група пачынае зьбіраць подпісы.​ Свабода вяла жывую трасьляцыю.

Пра 10 гадоў без разьвіцьця

Цапкала ва ўступным слове згадаў, што нядаўна ў той жа залі расказваў пра стартапы. За апошнія 10 гадоў ён назіраў, як разьвіваецца сьвет, як расьце эканоміка ЗША і краінаў Эўразьвязу, якіх посьпехаў дасягнулі Польшча або Чэхія, як Кітай стаў другой эканомікай сьвету — а ў Беларусі ВУП не павялічыўся, а ўпаў з 60 да 59 млрд даляраў за гэты час, вырасла толькі вонкавая запазычанасьць.

«Дзесяць гадоў без разьвіцьця — і самае галоўнае, што сёньня мы ня бачым пэрспэктываў, ня бачым вобразу заўтрашняга дня, — казаў Цапкала. — Гадоў 25 таму Рэспубліка Беларусь мела, напэўна, самы сур’ёзны патэнцыял сярод усіх краінаў былога Савецкага Саюзу, нават сярод краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы».

Паводле Цапкалы, Беларусі патрэбна мадэрнізацыя ўсіх галінаў, у тым ліку мадэрнізацыя і прыватызацыя прамысловасьці; рэформа сельскай гаспадаркі. Прататыпам рэформаў сыстэмаў аховы здароўя і адукацыі ён прапанаваў выбраць Парк высокіх тэхналёгіяў — каб было шмат розных мэдычных цэнтраў, у тым ліку прыватных, якія будуць канкураваць за лекараў, і прэстыжнасьць працы лекараў стала такой жа, як у праграмістаў.

Пра замежны досьвед

Цапкала дадаў, што Беларусь «бачыла шмат правяральнікаў», якія каралі і штрафавалі, але калі пачалася пандэмія, «мы раптам гэтай дзяржавы не пабачылі» — ні дыстанцыйнай адукацыі, ні дыстанцыйнага кансультаваньня пацыентаў. У Кітаі, адзначыў ён, падчас пандэміі COVID-19 змагаліся і за старых, і за людзей з хранічнымі захворваньнямі.

«Перадусім нам трэба прызнацца, што хтосьці ў нейкіх пытаньнях штосьці робіць лепш за нас», — адзначыў Цапкала, сказаўшы, што ў кандыдацкай праграме, якую ён прадставіць, будзе мадэрнізацыя як пазычаньне самых пасьпяховых замежных узораў.

На ягоную думку, мадэрнізацыя — адзіны шлях для Беларусі. Цапкала кажа, што беларусы перастануць марыць пра заробкі па 500 даляраў, а атрымліваць тысячу ці дзьве тысячы, калі «мы станем нармальнай разьвітай краінай, якая ўпішацца ў міжнародны падзел працы ня проста як вытворца чагосьці бруднага і нізкаэкалягічнага (калі нават Кітай скідае брудныя вытворчасьці на нашую тэрыторыю, хоць яшчэ зусім нядаўна ўвесь сьвет скідаў гэта ў Кітай), а калі мы ўпішамся ў міжнародны падзел працы на самых прэстыжных сэгмэнтах».

Пра тое, «хто ва ўсім гэтым вінаваты»

На пытаньне, хто ў гэтым усім вінаваты, Цапкала адказаў, што не хацеў бы цяпер вяртацца ў гісторыю, і зноў пачаў расказваць пра досьвед мадэрнізацыі іншых краінаў. Адказ на гэтае пытаньне, сказаў ён, не падкажа, куды рухацца і што рабіць. Прозьвішча дзейнага кіраўніка дзяржавы Цапкала не называў.​

Пра супрацу з Лукашэнкам у 1994-м: «Трэба перагарнуць гэтую частку гісторыі»

На выбарах 1994 году Цапкала быў адной з ключавых асобаў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі. Карэспандэнт Свабоды спытаў Цапкалу аб тым, што, калі ўжо тады было відавочна, якую палітыку і якімі мэтадамі той будзе ажыцьцяўляць, у які ж момант ён расчараваўся ў Лукашэнку.

У 1994 годзе, адказаў Цапкала, у беларускага грамадзтва была вялікая прага пераменаў, жаданьне зьмяніць эліту і палітычны курс — і тады «сапраўды мы асацыявалі рух Беларусі наперад зь цяперашнім прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам». Тады, прыгадаў ён, была Канстытуцыя, якая прадугледжвала толькі 10 гадоў знаходжаньня аднаго чалавека на пасадзе прэзыдэнта. Цяпер жа, кажа Цапкала, трэба адыходзіць ад традыцыйнага сельскага ўкладу, мяняць урад, мяняць сыстэму. Таксама цяпер «трэба перагарнуць гэтую частку гісторыі і не гаварыць, хто дзе там быў».

«Ня трэба дзяліць Беларусь на ворагаў і сяброў, на ўладу і апазыцыю, а якая розьніца, хто з кім быў», — казаў Цапкала.

Пра канфлікты з журналістамі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала пацьвердзіў, што ідзе ў прэзыдэнты. Ён прадаў дом, каб фінансаваць сваю кампанію

Журналістка Dev.by заявіла, што ў 2016 годзе Цапкала, яшчэ на пасадзе кіраўніка ПВТ, пагражаў кампаніям Парку і журналістам у сувязі з публікацыямі, якія яму не падабаліся. Яна спытала, ці будзе ён выкарыстоўваць пасаду прэзыдэнта, калі зойме яе, каб ціснуць на бізнэс і мэдыя.

Цапкала заявіў, што на Dev.by была сэрыя публікацыяў аб тым, як добра беларускім праграмістам працаваць за мяжой, а ён толькі «спытаў думку» кампаніяў пра тое, «наколькі гэта карэлюе зь іхнай палітыкай». Ніякага ціску на Dev.by не было, ціск на Tut.by — «хлусьня», заявіў ён.

«Я паразмаўляў з асноўнымі спонсарамі нашых кампаніяў і сказаў: вось, глядзіце, вось такая рэдакцыйная палітыка — наколькі гэтая рэдакцыйная палітыка адпавядае вашым памкненьням? І гэта нармальная практыка», — тлумачыў Цапкала.

Ранейшы канфлікт з рэдакцыяй Dev.by наконт забароны публікаваць поўнае інтэрвію зь ім Цапкала растлумачыў тым, што яму належыць аўтарскае права на эксклюзіўнае інтэрвію выданьню, і закон нібыта абавязвае ўзгадняць публікацыю эксклюзіўнага інтэрвію.

«Я публічна заяўляю, што замежны капітал пойдзе ў СМІ Беларусі», — гэта Цапкала патлумачыў патрабаваньнямі Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, у якую Беларусь 25 гадоў няўдала спрабуе далучацца.

Пра збор подпісаў

На думку Цапкалы, ініцыятыўнай групы памерам каля тысячы чалавек цалкам дастаткова, каб сабраць 100 тысяч подпісаў. Стаўку ён робіць на збор подпісаў у грамадзкіх месцах, зробіць некалькі паездак па ўсіх рэгіёнах, абласных гарадах і буйных раённых цэнтрах.

«Я сёньня з павагай стаўлюся да ўсіх кандыдатаў, я не крытыкую нікога з кандыдатаў, я проста буду паказваць сваё бачаньне будучыні Беларусі», — заявіў Цапкала.

Пра Расею і «саюзную дзяржаву»

Цапкала заявіў, што «­мы павінны выконваць усе дамовы, якія былі падпісаныя Рэспублікай Беларусь». Дамова аб «саюзнай дзяржаве» з Расеяй — няпростая тэма, бо Беларусь цягам 20 гадоў патрабавала ад Расеі выкананьня толькі эканамічнай часткі (і Расея «спраўна выконвала» абавязкі), але разам з Расеяй не выконвала палітычную частку. Пастаноўка пытаньня ад Расеі аб выкананьні палітычнай часткі была «абсалюна справядлівая».

Але Цапкала адзначыў, што калі Беларусь будзе разьвіваць эканоміку, заснаваную на ведах, а не энэрга- і рэсурсаёмістую эканоміку, то зможа існаваць, як Чэхія ці Польшча, навучыцца эканоміць і «жыць па сродках».

«Расея — гэта ня проста для нас краіна, — казаў Цапкала. — Мы зьвязаныя вельмі-вельмі працяглай супольнай гісторыяй, і гэтая гісторыя ідзе значна далей за той час, калі Вялікае Княства Літоўскае стала часткай Расейскай імпэрыі».

На ягоную думку, калісьці «руская-літоўская» і «руская-маскоўская цывілізацыі» ня толькі канкуравалі, але і ўзаемадапаўнялі адна адну. Згадаў Францішка Скарыну і Сімяона Полацкага, заявіў, што людзі зь земляў ВКЛ зрабілі большы ўнёсак, чым людзі з Маскоўскага княства. Менавіта культурная блізкасьць будзе вызначаць «асаблівыя стасункі з Расеяй», сказаў ён, дадаўшы, што трэба аднаўляць супрацу і з ЗША, і з Эўразьвязам.

Пра дзяржаўныя мовы

На пытаньне аб тым, ці застанецца расейская мова дзяржаўнай, калі Цапкала стане прэзыдэнтам, ён адказаў, што прынцыпова так:

«Інвэставаўшы ў стварэньне расейскай мовы больш, чым хто б то ня быў, мы не павінны, як кепскія бізнэсоўцы, узяць і казаць, цяпер мы ад гэтага вымаем і аддаем іншым, — разважаў Цапкала. — Мы маем на гэта права ўласнасьці, больш за тое, выступаючы да таго, я сказаў, што гэта наш здабытак».

***

На пытаньне аб тым, ці не баіцца ён паўтарыць лёс ранейшых апанэнтаў Лукашэнкі, зьняволеных або зьніклых, Цапкала вырашыў не адказваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шукаў неўміручасьці, вячэраў з Дэ Ніра і ганіў міністраў. Нечаканыя факты пра Цапкалу, які ідзе ў прэзыдэнты

Ініцыятыўная група Цапкалы налічвае 884 чалавекі. Яна адна сярод 15, якім ад сёньня можна зьбіраць подпісы за вылучэньне свайго кандыдата (набраць трэба 100 тысяч подпісаў да 19 чэрвеня ўключна).

Цапкала мае досьвед у палітыцы, у 1994 годзе быў адным з кіраўнікоў перадвыбарчага штабу Лукашэнкі. Пра свой намер балятавацца заявіў у «Фэйсбуку», актыўна выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі ў сваёй кампаніі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.