Былы дыплямат і стваральнік Парку высокіх тэхналёгій Валерый Цапкала ідзе ў прэзыдэнты. Пра свой намер ён абвясьціў у «Фэйсбуку» і пакуль пазьбягае публічных выступаў і размоваў з журналістамі.
Усю камунікацыю патэнцыйны кандыдат пакуль вядзе праз сацыяльныя сеткі. Да 15 траўня ён мае намер падаць заяву ініцыятыўнай групы ў ЦВК. Набор сваёй каманды Цапкала вядзе праз інтэрнэт. Дзе цяпер знаходзіцца ён сам, невядома.
Мала вядома і пра найбліжэйшае атачэньне Цапкалы. Публічна пакуль называюцца два прозьвішчы: гэта прэс-сакратарка Інга Вірунэн і давераная асоба ў зборы подпісаў Андрэй Ланкін. Абое зьвязаныя са сфэрай IT. Вірунэн працуе ў кампаніі Brimit, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня. Ланкін — у Wargaming.
Свабода сабрала асноўныя факты пра біяграфію Валерыя Цапкалы і нечаканыя факты пра яго зацікаўленьні.
Што вядома пра яго біяграфію:
- 1965 — нарадзіўся ў Горадні, у сям’і прыежджых з Усходняй Украіны.
- 1982–1984 — вучыўся ў БНТУ.
- 1984–1986 — служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня.
- 1986–1991 — вучыўся ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных зносін.
- 1990–1991 — працаваў у пасольстве СССР у Фінляндыі.
- 1992 — вучыўся ў асьпірантуры МГІМО і выкладаў на катэдры Дзяржаўнага права і кіраваньня замежных краін. Кандыдат юрыдычных навук.
- 1993–1994 — працаваў дарадцам Станіслава Шушкевіча, былога старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь і Выканаўчага сакратарыяту Садружнасьці Незалежных Дзяржаў.
- 1994 — быў адным з кіраўнікоў перадвыбарнага штабу Аляксандра Лукашэнкі. Празь месяц пасьля выбараў стаў першым намесьнікам міністра замежных спраў.
- 1997–2002 — працаваў паслом Беларусі ў ЗША, па сумяшчальніцтве — у Мэксыцы.
- 2002–2005 — памочнік Аляксандра Лукашэнкі.
- 2005–2017 —стваральнік і дырэктар адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій.
Стварыў ПВТ, «больш эфэктыўны, чым беларускія заводы»
У кнізе «Парк высокіх тэхналёгій: 10 гадоў разьвіцьця» Цапкала згадваў, што яму даводзілася «індывідуальна працаваць» з кожным міністрам і тлумачыць сутнасьць уласных прапаноў у стварэньні ІТ-парку. Многія зь міністраў, па словах Цапкалы, не разумелі і не жадалі разьбірацца, «хтосьці папросту ня верыў, што такое ў Беларусі ў прынцыпе магчыма». ПВТ Цапакала называў больш эфэктыўным, чым беларускія заводы. Калі ён пакідаў пасаду дырэктара, то аб’ем вытворчасьці кампутарных праграм кампаній — рэзыдэнтаў ПВТ склаў $904,4 млн, а экспарт іх паслуг — $820,6 млн.
У 2017 годзе Лукашэнка яго звольніў. Месца Цапкалы заняў былы стваральнік і лідэр моладзевых праўладных арганізацый і галоўны ідэоляг Усевалад Янчэўскі. Ён імкнуўся прыменшыць дасягненьні ПВТ пад кіраўніцтвам Цапкалы, замоўчваў ягонае прозьвішча ў сваіх выступах, інтэрвію.
На пачатку 2020 году там было зарэгістравана 758 кампаній з 58 000 работнікамі. Агульны экспарт паслуг рэзыдэнтаў ПВТ за 2019 год перасягнуў $2 млрд.
Шукаў неўміручасьці і лічыць, што мы можам уваскрэснуць
У 2005 годзе Валерый Цапкала выдаў кнігу «Код неўміручасьці. Таямніца сьмерці і ўваскрашэньня чалавека». У ёй аўтар пры дапамозе навуковых адкрыцьцяў, тэхналёгій і вучэньняў «вялікіх настаўнікаў чалавецтва» спрабуе раскрыць таямніцу несьмяротнасьці.
«У адпаведнасці з разьлікамі, імавернасьць, што мы зьявіліся на сьвет, складае 1 на 60 мільярдаў. З часу нараджэньня Ісуса на Зямлі нарадзілася і памерла прыкладна 100 мільярдаў чалавек. Гэта значыць, што прынамсі адзін раз за апошнія 2 тысячы гадоў кожны з нас ужо зьяўляўся на Зямлі. У тым жа фізычным целе, што і сёньня. Атрымліваецца, кожны з нас праз 500-600 гадоў можа зьявіцца зноўку. І так — пакуль існуе чалавецтва».
Гэтая кніга эзатэрычнага кшталту, і ў ёй аўтар спрабуе адказаць на пытаньні, ці можна знайсьці несьмяротнасьць і дзякуючы культурнаму ды рэлігійнаму досьведу ўваскрасіць чалавека.
«... Сказана ў Пісаньні:» Ведаю твае справы; ты ні халодны, ні гарачы; о, калі б ты быў халодны альбо гарачы! Але, як што ты цёплы, а не гарачы або халодны, дык выкіну цябе з вуснаў Маіх". Вось чаго хоча Бог ад чалавека! Ні пакаяньня, а запалу, не пакоры, а пратэсту, не чаканьня міласьці, а самаахвярнасьці! Хіба можна разумець гэтыя радкі інакш?" — піша Валеры Цапкала.
Былы дыплямат таксама аўтар сэрыі «Вялікія настаўнікі чалавецтва»: «Прарок Майсей і Кніга жыцьця», «Буда і сьмерць», «Ісус Хрыстос і ўваскрашэньне чалавека», «Прарок Мухамэд і вяртаньне ў Эдэм».
Стварыў у студзені пэрсанальны сайт — «Маніфэст новай Беларусі»
У інтэрнэце існуе асабісты сайт Цапкалы пад назвай «Маніфэст новай Беларусі». Дамэн tsepkalo.com быў зарэгістраваны 9 студзеня гэтага году. Ужо 14 студзеня там зьявілася першая рэальная (папярэднія — пасты задняй датай зь бессэнсоўным наборам сымбаляў) публікацыя — «Кніга жыцьця», прысьвечаная ягонаму праекту prabook.com.
Да гэтай пары на сайце зьявілася больш як паўтузіна публікацый на расейскай мове. Большасьць зь іх — гэта разважаньні аўтара пра цывілізацыю, будучыню, штучны розум.
«Дык хто тады стаiць на самым версе духоўнай ярархіі? Чалавек стаіць вышэй за анёлаў, гэта дакладна». — піша Цапкала ў артыкуле «Чалавек як „пастух быцьця“».
Апошняя публікацыя на сайце — гэта заява пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах.
Стартап Цапкалы — біяграфічная энцыкляпэдыя
У 2018 годзе Валеры Цапкала прадставіў уласны стартап — Prabook.com. Гэта англамоўная біяграфічная энцыкляпэдыя, якая, на яго думку, “дазволіць кожнаму чалавеку здабыць неўміручасьць, хай пакуль толькі лічбавую”.
Пра надзвычайныя дасягеньні праекту пакуль не чуваць. Таксама ў адкрытых крыніцах адсутнічае інфармацыя пра тое, ці стартапу ўдалося прыцягнуць нейкія інвэстыцыі. У красавіку на сайце было зафіксавана больш за 300 тысяч наведваньняў (паводле сэрвісу SimilarWeb)
Паўгода таму праект, юрыдычным адрасам якога пазначаны Нью-Ёрк, шукаў мэнэджара кантэнту.
Вячэраў з Робэртам Дэ Ніра і меў прапанову зьняцца ў Галівудзе
У 2012 годзе Цапкала пісаў у «Жывым журнале» пра знаёмствы ў Галівудзе. Паводле яго, стваральнік і прэзыдэнт Motion Picture Брэд Крэвоў прапаноўваў Цапкалу зьняцца ў эпізадычнай ролі — пілётам цывільнага самалёта. Ці стаў былы дыплямат акторам, з допісу незразумела.
Але ў тым жа допісе ён згадваў, як узімку 2011 году быў у Нью-Ёрку на прэм’еры фільма «Стоўн», дзе прысутнічаў актор Робэрт Дэ Ніра.
«Я ня стаў яго мучыць пытаньнямі пра кінэматаграфічнае мастацтва і акторскую творчасьць. Проста пацікавіўся пра яго палёт, самаадчуваньне. І, вядома, адазваўся станоўча (шчыра) пра кухню рэстарана „Нобу“, уладальнікам якога ён зьяўляецца (у ім мы якраз вячэралі пасьля прэм’еры фільма)».
У тым жа допісе ён згадаў, што рэжысэр фільмаў з удзелам Жан-Клёда Ван Дама Эрні Барбараш абяцаў яму зьняць фільм у Беларусі.
«Ты не ўяўляеш, як цяжка стварыць добры сюжэт. Але, як толькі мне трапіцца „цікавая гісторыя“, — я здыму кіно ў Беларусі», — паабяцаў ён мне".
Ведае, як вярнуцца да нармальнага жыцьця ва ўмовах эпідэміі
Адзін з апошніх артыкулаў на ягоным сайце прысьвечаны крызісу, які выклікаў каранавірус. У тэксьце пад назвай «Ізаляцыянізм і салідарнасьць» Цапкала піша, што вяртаньне да нармальнага жыцьця і аднаўленьне ўсясьветнай эканомікі немагчымае без аднаўленьня паветраных зносін паміж краінамі.
Ён раіць павысіць ролю Сусьветнай арганізацыі здароўя, зрабіць яе рэкамэндацыі ўнівэрсальнымі і прапануе дзеяньні, якія маглі б, на яго думку, хутчэй пераадолець эпідэміялягічны і эканамічны крызісы:
- ва ўсіх краінах сьвету стварыць цэнтры для тэставаньня на COVID-19;
- перад вылетам, ня больш чым за чацьвёра сутак, будучы пасажыр мае рабіць тэсты на каранавірус. Патрабаваньне онлайн-рэгістрацыі павінна ўключаць падачу аналізу на COVID-19;
- пасажыры з антыцеламі на COVID-19 павінны заносіцца ў базу дадзеных САЗ і дапускацца да палёту на камэрцыйных авіялайнэрах на пастаяннай аснове.
Публічна крытыкаваў міністэрствы сувязі і фінансаў
У 2010 годзе на сваёй старонцы ў «Жывым журнале» Цапкала публічна раскрытыкаваў Міністэрства сувязі за «рэтраградныя прапановы тыпу рэгістрацыі паштовых скрыняў і патрабаваньні абавязкова госьціць рэсурсы зоны .by».
«Вельмі шкада, што такія „ініцыятывы“ у нас зыходзяць ад органа [Міністэрства сувязі], які паводле азначэньня павінен быць самым прагрэсіўным і перадавым. Гэтыя прапановы выставілі нашу краіну на пасьмешышча».
Паводле яго, у галіне тэлекамунікацый улады і бізнэс шмат гадоў мелі «практычна бясконцы канфлікт, без усялякага намёку на супрацоўніцтва».
«Цяжка сказаць, чым гэта выклікана. Альбо адсутнасьцю прафэсіяналізму (новы міністар, па-мойму, выхадзец з жывёлагадоўчай сфэры), альбо адміністрацыйнай слабасьцю», — пісаў Цапкала.
У 2015 годзе ён раскрытыкаваў Міністэрства фінансаў у сувязі з праектам зьменаў у дэкрэт аб ПВТ.
«Выклікае зьдзіўленьне сама стратэгія Мінфіну, накіраваная на пераразьмеркаваньне кімсьці заробленых сродкаў, а не на пошук новых шляхоў і крыніц даходу для краіны. Падобнае рашэньне падрывае гарантаваную дэкрэтам кіраўніка дзяржавы нязьменнасьць умоў дзейнасьці ў ПВТ, у якую паверылі замежныя і нацыянальныя інвэстары...».
Лічыць прыватную ўласнасьць асновай свабоды чалавека
На біяграфічнай інтэрнэт-бібліятэцы prabook.com, якую стварыў Цапкала, ёсьць інфармацыя і пра яго самога. У разьдзеле пра ягоныя палітычныя погляды напісана:
- прыватная ўласнасьць зьяўляецца падставай ня толькі для пасьпяховага эканамічнага і сацыяльнага разьвіцьця, але і служыць асновай для асабістай свабоды, годнасьці і самапавагі людзей;
- рэальная свабода залежыць ад эканамічнага сувэрэнітэту людзей;
- імкненьне людзей да эканамічнай свабоды і індывідуальнай незалежнасьці ад дзяржавы, лорда, бааса або сахіба зьяўляецца асноўнай крыніцай эвалюцыі чалавечай цывілізацыі;
- урады павінны ацэньвацца на падставе іх дзеяньняў, накіраваных на тое, каб дапамагчы сваім грамадзянам дасягнуць эканамічнай свабоды як умовы павагі і індывідуальнай годнасьці.
Свае погляды Цапкала вызначае цытатай нямецкага філёзафа Гегеля: «Толькі ў сваёй уласнасьці чалавек упершыню існуе як прычына».