У адміністрацыі баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 паведамілі пра адзінкавыя выпадкі заражэньня каранавірусам мэдработнікаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Намесьнік галоўнага ўрача цэнтральнай паліклінікі ў Баранавічах па мэдычным абслугоўваньні насельніцтва Анатоль Сьпірыдо не назваў карэспандэнту Свабоды колькасьць хворых.
«Там ёсьць адзінкавыя выпадкі, як і ў любой установе», — сказаў ён.
Паводле адной з супрацоўніц паліклінікі, там захварэлі ўсе лекары агульнай практыкі.
«Усе на бальнічным, памочнік лекара на бальнічным. Яны ўжо здалі па другім тэсьце на COVID-19, і ён станоўчы, — сказала супрацоўніца паліклінікі. — Цяпер тэрапэўтычнае аддзяленьне гарадзкой паліклінікі № 3 засталося абсалютна бязь лекараў. Станоўчы вынік тэсту на COVID-19 таксама ў загадчыцы аддзяленьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Віцебшчыне каранавірусам заразіліся больш за 1500 мэдыкаў, на Гомельшчыне — больш за 500Засталіся толькі мэдсёстры агульнай практыкі. Я зьдзіўляюся, чаму ў мэдсясьцёр адмоўныя тэсты? Я, напрыклад, працавала з доктарам Пашко, якая памерла, а таксама зь іншымі лекарамі, якія хварэюць на каранавірус. У інфэкцыйным кабінэце я працавала больш за 4 гадзіны. І плаціць нам за работу па ўказу 131 адмаўляюцца. Я павінна даказаць, што на прыёме былі пацыенты з COVID-19».
«Тое, што захварэлі ўсе, — я ўпершыню такое чую. Я ня ведаю, навошта такая інфармацыя распаўсюджваецца, бо паліклініка як працавала, так і працуе ў звычайным рэжыме, пацыентаў як прымалі, так і прымаюць», — сказаў Анатоль Сьпірыдо.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІІнфармацыю пра тое, што захварэла загадчыца аддзяленьня паліклінікі, ён камэнтаваць ня стаў.
Таксама Анатоль Сьпірыдо сказаў, што наогул захворвальнасьць сярод насельніцтва на каранавірус «трымаецца на пэўным узроўні».
Загадчык паліклінікі № 3 Мікалай Фядзько сказаў карэспандэнту Свабоды, што «ўсе аддзяленьні працуюць у штатным рэжыме».
«Хворых з прыкметамі ВРІ, якіх значна паменела, мы прымаем асобна».
У рэгістратуры паліклінікі сказалі, што «пакуль штодня прымае толькі адзін тэрапэўт», некаторыя на бальнічным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выйшла на прыём, каб замяніць хворую калегу». У Баранавічах памерла доктарка з каранавірусамУ канцы красавіка памерла 54-гадовая лекарка Баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 Алена Пашко ад двухбаковай пнэўманіі. У яе быў станоўчы тэст на каранавірус. Апошнім часам лекары па чарзе працавалі ў інфэкцыйным кабінэце, у тым ліку і Алена Пашко.
Раней Свабода апавядала пра хворую на цукровы дыябэт мэдсястру агульнай практыкі баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 Натальлю Каролік, якую прымушалі працаваць у інфэкцыйным кабінэце. Яна скардзілася, што адміністрацыя лякарні ня ў стане забясьпечыць яе сродкамі асабістай засьцярогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдсястра з цукровым дыябэтам адмаўляецца працаваць у інфэкцыйным кабінэце. Загадчык паліклінікі: «Гэта абавязак»Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ