Ва Ўкраіне на раніцу 30 красавіка афіцыйна пацьвердзілі 10 406 выпадкаў захворваньня на COVID-19, у тым ліку 261 сьмяротны. Паводле мэдыкаў, за суткі зафіксавана 540 новых выпадкаў, 1238 пацыентаў паправіліся.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 30 красавіка, пацьверджаныя 14 027 выпадкаў COVID-19 (+846 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 89 чалавек (+5 за дзень), выпісалі здаровымі 2386 пацыентаў.
Дынаміку пашырэньня каранавірусу і эфэктыўнасьць дзеяньняў уладаў у дзьвюх краінах у інтэрвію параўноўвае аналітык Ігар Тышкевіч — ён мае беларускае паходжаньне і працуе ў Кіеве экспэртам праграмы «Міжнародная і ўнутраная палітыка» ва Ўкраінскім інстытуце будучыні.
Высновы сьцісла:
- У Беларусі больш інфікаваных, чым ва Ўкраіне, бо праведзена больш тэстаў
- Карантын ва Ўкраіне і адсутнасьць абмежаваньняў у Беларусі — аднолькава слушныя рашэньні
- Украіне быў патрэбны час, каб стварыць рэсурс у сыстэме аховы здароўя. У Беларусі сыстэма здароўя больш падрыхтаваная
- Беларусь кропкава ўводзіла больш жорсткія захады абмежаваньня, чым Украіна
- Пытаньне супрацьдзеяньня эпідэміі — палітызаванае і ў Беларусі, і ва Ўкраіне
- Камунікацыйная стратэгія Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны зьменшыла колькасьць нязручных пытаньняў, у адрозьненьне ад стратэгіі, прынятай Мінздароўя Беларусі
- Недавер да беларускай і ўкраінскай афіцыйнай статысткі па каранавірусе ёсьць, але яна блізкая да рэальнасьці
Прырост ліку інфікаваных ва Ўкраіне і Беларусі прыкладна аднолькавы
Для пачатку давайце параўнаем колькасьць праведзеных тэстаў. Адна справа, калі тэст прайшлі 10 чалавек, і іншая справа — 1000 чалавек. Чым больш тэстаў, тым больш пацьверджаных выпадкаў. І цяпер паглядзім, як праводзяць тэсты ў Беларусі і ва Ўкраіне. За апошнія два тыдні сярэдні паказчык ва Ўкраіне складае да 5 тысяч тэстаў, у Беларусі — ад 7 да 10 тысяч у дзень. То ў якой краіне будзе больш пацьверджаных выпадкаў?
Наступнае пытаньне — колькасьць тэстаў на тысячу чалавек. Вядома, такі падыход не зусім карэктны, бо некаторым людзям праводзяць паўторныя тэсты, але такая практыка распаўсюджаная ва ўсім сьвеце. Можна казаць пра адсотак тэстаў на мільён чалавек. У Беларусі на 29 красавіка прайшлі тэсты 1,7% насельніцтва. З улікам паўторнага тэставаньня можна казаць, што 1% насельніцтва дакладна прайшоў тэст на каранавірус. Ва Ўкраіне — 0,27%, а калі адкінуць паўторныя, то гэта будзе дзесьці 0,15%.
Зыходзячы з гэтага, калі мы эстрапалюем беларускую сытуацыю па ахопе тэстамі на маштаб Украіны, то на сёньня мелася б быць не 100 тысяч тэстаў, як сёньня, а прынамсі 600-700 тысяч. І тады ва Ўкраіне было б зафіксавана не 10 тысяч інфікаваных, як сёньня, а прынамсі 47-50 тысяч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: +37% за тыдзень. Беларусь абагнала ўсіх суседзяў па тэмпах распаўсюду каранавірусу. ІНФАГРАФІКАІ тут цікавая такая лічба — адсотак пазытыўных тэстаў ад колькасьці праведзеных за ўвесь час назіраньняў, а другая частка — адсотак пазытыўных вынікаў сярод праведзеных тэстаў за дзень. І тут вельмі цікава, бо цягам апошніх двух тыдняў гэтыя адсоткі што ў Беларусі, што ва Ўкраіне прыкладна аднолькавыя: сярэднія паказчыкі колькасьці пазытыўных ад колькасьці праведзеных тэстаў за два тыдні па Беларусі складаюць ад 8,5 да 9,5 адсотка, а ва Ўкраіне — ад 7,5 да 8,5 адсотка. Розьніца толькі адзін адсотак.
Але ёсьць і пікі. Ва Ўкраіне да 10,5% ад колькасьці тэстаў пасьля Вялікадня, у Беларусі 10,3-10,5% пасьля суботніка. Нелягічныя ўчынкі ўсюды маюць аднолькавыя наступствы.
Такім чынам, мы маем прыкладна аднолькавы прырост па колькасьці на тысячу тэстаў. А абсалютныя лічбы, натуральна, розныя. З той простай прычыны, што і колькасьць тэстаў розная.
«Тое, што Беларусь не закрыла эканоміку на карантын, — слушнае рашэньне»
Я скажу непрыемную рэч для шматлікіх крытыкаў украінскіх і беларускіх уладаў. Тое, што Беларусь не закрыла эканоміку на карантын, — гэта, на маю думку, слушнае рашэньне, як і слушнае рашэньне Ўкраіны абвясьціць жорсткі карантын. Парадокс.
Усе спэцыялісты сьцьвярджаюць, што большая частка насельніцтва перахварэе, але пераважная яго частка перанясе вірус бессымптомна. І пытаньне ўсіх абмежаваньняў заключаецца толькі ў адным — зрабіць так, каб у адзін дзень ці момант колькасьць пацыентаў з сымптомамі, якія патрабуюць стацыянарнай дапамогі, не перавысіла магчымасьці сыстэмы аховы здароўя ў краіне.
Сыход на жорсткія абмежаваньні — гэта балянс паміж эканамічнай магутнасьцю і рэсурсам сыстэмы аховы здароўя. Так сталася, што і ў Беларусі, і ва Ўкраіне эканоміка слабая. Але ў рэсурснай базе сыстэмы аховы здароўя розьніца вельмі моцная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патрэбны неадкладныя дадатковыя захады». WHO апублікавала вынікі місіі ў Беларусі
Чаму Ўкраіне патрэбны карантын
Ва Ўкраіне санэпідэмслужба была ліквідаваная рашэньнем ураду яшчэ ў 2017 годзе. Пытаньне ня ў тым, што ліквідавалі нейкую бюракратычную пасаду. У кожным мястэчку, раёне, горадзе ліквідавалі аддзяленьні службы з усім абсталяваньнем, памяшканьнямі, спэцыялістамі, якія адсочваюць эпідэміялягічную сытуацыю.
Адпаведна, на пачатку эпідэміі, калі патрэбна было змагацца за папуляцыю, а не за асобнага чалавека, выявілася, што займацца гэтым няма каму. Галоўны санітарны лекар ёсьць, а структуры, якая забясьпечвае ягоную працу, проста няма. І, зыходзячы з гэтага, Украіна вымушана была пайсьці на жорсткі карантын, каб нарасьціць рэсурс сваёй сыстэмы аховы здароўя. Тут і апараты, і сыстэма аховы для мэдыкаў, тут і навучаньне, — гэта ўсё пайшло. Але сыстэма аховы здароўя Ўкраіны сёньня і два месяцы таму — «дзьве вялікія розьніцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі месяц на карантыне. Ва Ўкраіне лічаць, што пазьбеглі гішпанскага сцэнару
Як Беларусь абыходзіцца бяз жорсткіх абмежаваньняў
У Беларусі сыстэма адпачатку была мацнейшая, і гэта не заслуга Лукашэнкі, а супадзеньне некалькіх чыньнікаў.
Нагадаю, што амаль у цэнтры Менску, недалёка ад заводу Вавілава, захаваўся навукова-практычны цэнтар вірусалёгіі і мікрабіялёгіі, у якім з савецкіх часоў ёсьць штамы небясьпечных вірусаў, а сам цэнтар знаходзіцца на балянсе дзяржавы. Пры гэтым ён мае найвышэйшы міжнародны статус вірусалягічнай і бактэрыялягічнай абароны. Для таго каб атрымаць такі статус, дзяржава мусіць прадэманстраваць наяўнасьць сыстэмы абароны ад інфэкцый у пэўным радыюсе ад гэтай установы на выпадак, калі нешта здарыцца.
Такім чынам, мы маем, з аднаго боку, санслужбу (можна спрачацца, добрая яна ці дрэнная), а зь іншага — сыстэму барацьбы з эпідэміялягічнымі пагрозамі дзякуючы гэтаму цэнтру. Сыстэма ўжо ёсьць, і няма патрэбы яе ствараць, як ва Ўкраіне.
Да гэтай жа сыстэмы можна далучыць і тых спэцыялістаў, якія забясьпечваюць абарону ад віруснай і бактэрыялягічнай небясьпекі для пацыентаў пасьля апэрацый па перасадцы органаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь перагнала Ўкраіну ў колькасьці выяўленых выпадкаў каранавірусуЗа апошнія гады Беларусь увайшла ў ТОП-15 краін па колькасьці апэрацый перасадкі. А гэта азначае, што краіна мае абсталяваньне і, галоўнае, — мэдыкаў, якія здольныя правесьці ў спакойным рэжыме мінімум 600 разгорнутых дасьледаваньняў імунітэту асобнага чалавека і ягоных блізкіх. Гэта азначае, што ёсьць як мінімум 600 брыгад, якія могуць забясьпечыць правядзеньне месячнага пратаколу па абароне чалавека ад вірусных і бактэрыялягічных пагрозаў.
Асобныя беларускія захады больш жорсткія, чым ва Ўкраіне
Рэсурсы беларускай сыстэмы аховы здароўя адпачатку былі лепшыя. Гэта азначае, што дзяржава на пачатку эпідэміі магла сабе дазволіць большую колькасьць хворых без сыходу на карантын.
Дарэчы, Беларусь выбрала вельмі жорсткія меры абмежаваньня, толькі яны былі кропкавыя. Напрыклад, шпіталізацыя носьбітаў вірусу незалежна ад наяўнасьці сымптомаў. У Беларусі да 22 красавіка гэта было абавязкова, ва Ўкраіне — гэта не абавязкова і цяпер.
Шпіталізацыя кантактаў першага ўзроўню. У Беларусі яна была абавязковая, ва Ўкраіне — не. Цяпер перайшлі на пратаколы лекаваньня на хатнім карантыне бессымптомных носьбітаў кантактаў першага ўзроўню, але сама практыка шпіталізацыі больш жорсткая, чым ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карантын ад каранавірусу — як гэта? Расказваем на прыкладзе ЎкраіныШтрафы за парушэньне рэжыму самаізаляцыі. Калі не памыляюся, у Беларусі яны больш жорсткія. І за першы тыдзень, як паведаміла беларускае МУС, ужо больш за 300 штрафаў выпісалі. Ва Ўкраіне — каля сотні на сёньня, хоць штрафы ўвялі значна раней. Беларусь — аўтарытарная дзяржава, гэта нельга ставіць у плюс, але так сталася, што паколькі ёсьць рэпрэсіўная машына, яна можа працаваць на забесьпячэньне карантыну.
У Беларусі для транзытнага транспарту, які можа быць носьбітам вірусу, вызначаныя маршруты руху і месцы, дзе ён мае права спыняцца, а адхіляцца ад маршруту і спыняцца ў іншых месцах забараняецца. Ва Ўкраіне такіх абмежаваньняў няма дагэтуль — транзытны транспарт можа спыняцца дзе заўгодна.
Каранавірус палітызуюць паўсюль
Сярэднестатыстычны беларус і ўкраінец ва ўмовах, калі ён ня ведае, чаго яму чакаць і як рэагаваць, мае падсьвядомы страх, і ён хоча, каб пра яго паклапаціўся хтосьці мацнейшы, а лепей за ўсё — дзяржава.
Ва Ўкраіне багата такіх, хто падтрымлівае карантынныя захады і абмежаваньні — але, калі яны закранаюць асобнага грамадзяніна, вінаваціць уладу.
У Беларусі тое самае — значная частка насельніцтва хоча, каб абаранілі ад усяго на сьвеце і ўвялі карантын, але пры гэтым людзі не разумеюць, што карантын — гэта, у тым ліку, і забарона на перасоўваньне. Палітызацыя і там, і там ёсьць.
Прычым, калі сачыць за лічбамі і штодзённымі прыростамі, то вельмі цікава, што частка беларусаў глядзіць у бок Украіны — якія ўкраінцы малайцы, яны закрыліся і не далі пашырыцца вірусу, — а частка ўкраінцаў глядзіць у бок беларусаў: беларусы малайцы, у іх, маўляў, большыя лічбы, але яны не закрываюцца і даюць людзям зарабіць. Няма прарока дома пад бокам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6% беларусаў страцілі працу, 71% хочуць больш інфармацыі пра пандэмію ад уладаў. Вынікі апытаньня
Ці давяраюць афіцыйнай статыстыцы
Украінскае Міністэрства аховы здароўя абрала значна лепшую камунікацыйную стратэгію, чым іхныя беларускія калегі. І гэта зьменшыла колькасьць нязручных пытаньняў да функцыянаваньня сыстэмы аховы здароўя.
Украінскія мэдыя пішуць, што колькасьць тэстаў недастатковая, што ў некаторых гарадах няма чым тэставаць і, адпаведна, няма вынікаў. Напрыклад, у Мікалаеўскай вобласьці цягам двух тыдняў не было ніводнага выпадку COVID-19, бо няправільна праводзілі тэсты.
Недавер, вядома, ёсьць. Але і ў выпадку Беларусі, і ў выпадку Ўкраіны лічбы зафіксаваных выпадкаў блізкія да рэальных — паводле колькасьці тэстаў і долі станоўчых вынікаў. Але і там, і там немагчыма пратэставаць усіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найгоршы месяц наперадзе: пандэмія ў Беларусі вачыма матэматыкаШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ