Урад нацыянальнай згоды Лібіі абвінаваціў наймітаў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера, якія ваююць на баку генэрала Халіфы Хафтара, ва ўжываньні нэрвова-паралітычнага газу, паведамляюць Libya Express і Lybia Observer.
«Найміты Вагнера ўжылі нэрвова-паралітычны газ супраць нашых узброеных падразьдзяленьняў у раёне Салахадын на поўдні Трыпалі», – заявіў кіраўнік міністэрства ўнутраных спраў Лібіі Фахці Башага. Ён не ўдакладніў, калі гэта адбылося і ці ёсьць ахвяры.
Некалькі дзён таму ўрадавыя вайскоўцы вялі інтэнсіўныя баі з вайскоўцамі генэрала Хафтара ў ваколіцах Трыпалі. Таксама ў гэтым месяцы ўрадавыя войскі адбілі ў войскаў Хафтара два гарады на захад ад сталіцы – Сабрату і Сурман. У гэтай мясцовасьці знаходзіцца буйны нафтагазавы комплекс, адкуль наладжаныя пастаўкі ў Італію.
Афіцыйна Расея не бярэ ўдзелу ў грамадзянскай вайне ў Лібіі, якая працягваецца ўжо некалькі гадоў. Аднак, паводле зьвестак заходніх СМІ і дыпляматаў, пачынаючы зь вясны 2019 году, у Лібію прыбылі некалькі сотняў расейскіх наймітаў, у тым ліку некалькі снайпэраў, а таксама вайсковая тэхніка і расейскія вайсковыя спэцыялісты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галаварэзы 2.0». Расейская газета апублікавала кадры злачынстваў ПВК Вагнера ў СырыіПрэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сёлета ў студзені адказаў на пытаньне журналістаў пра тое, ці ёсьць у Лібіі расейскія найміты, якія прадстаўляюць у тым ліку прыватныя вайсковыя кампаніі.
«Калі там і ёсьць расейскія грамадзяне, яны не прадстаўляюць інтарэсаў расейскай дзяржавы і грошай ад расейскай дзяржавы не атрымліваюць», — заявіў Пуцін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ЧВК Вагнера» супраць «Гвардыі султана». Як Расея і Турэччына могуць сутыкнуцца ў ЛібііВыданьне The Daily Telegraph ў пачатку сакавіка 2019 году сьцьвярджала, што ў лібійскім горадзе Бенгазі знаходзяцца каля 300 расейцаў зь неназванай прыватнай вайсковай кампаніі.
Агенцтва Bloomberg у верасьні 2019 году паведаміла, што ў краіну былі перакінутыя больш за сотню байцоў «ПВК Вагнера», чые найміты раней удзельнічалі ў канфліктах ва Ўсходняй Украіне і Сырыі. «Медуза» паведаміла, што некалькі дзясяткаў расейскіх наймітаў загінулі восеньню 2019 году падчас авіяналёту ў Лібіі і назвала імёны трох загінулых. Пазьней расьсьледавальная група Conflict Intelligence Team назвала імя яшчэ аднаго загінулага ў Лібіі расейца, які мог служыць у «ПВК Вагнера».
Журналісты New York Times таксама паведамлялі, што каля 200 наймітаў, якія восеньню дзейнічалі ў Лівіі, маюць дачыненьне да расейскай прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) Вагнера. Журналісты Reuters у сваю чаргу выявілі, што як мінімум адзін з параненых у Лібіі наймітаў ПВК Вагнера праходзіў лячэньне ў клініцы «Согаз» у Санкт-Пецярбургу, цесна зьвязанай з блізкім атачэньнем расейскага прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі на карантын адправілі тысячы вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў рэпэтыцыі парадуРасейскія найміты аказваюць ваенную падтрымку войскам генэрала Халіфы Хафтара, якія ваююць супраць прызнанага міжнароднай супольнасьцю ўраду нацыянальнай згоды. Падтрымку ўраду дае кааліцыя на чале з ЗША і Турэччынай.