Напярэдадні цэнтар «Дасье» Міхаіла Хадаркоўскага прадставіў вынікі расьсьледаваньня гібелі расейскіх журналістаў у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, дзе яны здымалі фільм аб дзейнасьці там так званай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра — расейскай групоўкі, якая была заўважаная і ў баях на ўсходзе Ўкраіны.
У Судане, верагодна, байцы расейскіх ПГК дапамагаюць душыць пратэсты супраць прэзыдэнта, а ў Лібіі — ахоўваюць склады і нафтавыя сьвідравіны і абараняюць галоўнага палявога камандзіра, піша расейская служба Радыё Свабода і дадае: за апошні год паведамленьні аб зьяўленьні людзей з аўтаматамі ў руках, якія гавораць па-руску, прыходзілі з паўтара дзясятка краін Афрыкі. Хто яны і чаму сьвет зьвярнуў увагу на іх цяпер?
У сталіцы Судана Хартуме, дзе працягваюцца акцыі пратэсту супраць праўленьня аўтарытарнага прэзыдэнта Амара аль-Башыра, верагодна, знаходзяцца байцы прыватных вайсковых кампаній з Расеі.
Як паведаміла на гэтым тыдні брытанская газэта The Times і сеткавае выданьне Defence Blog, якія спасылаюцца на прадстаўнікоў суданскай апазыцыі, па Хартуме на браніраванай тэхніцы расейскай вытворчасьці перасоўваюцца ўзброеныя людзі ў камуфляжы, якія размаўляюць па-расейску. The Times і Defense Blog публікуюць адпаведныя здымкі, хоць відавочных і прамых пацьверджаньняў таго, што гаворка ідзе менавіта пра расейцаў, няма.
Аднак раней ужо зьяўляліся паведамленьні, што ў Судане дзейнічаюць байцы так званай «ПВК Вагнэра», зьвязанай з блізкім да Уладзіміра Пуціна мільярдэрам Яўгенам Прыгожыным. Заходнія журналісты таксама зьвязваюць прысутнасьць узброеных расейцаў у Судане з імклівым ростам актыўнасьці Расеі ў Афрыцы ў цэлым. У прыватнасьці, у такіх краінах як Лібія, Мадагаскар, ЦАР, Конга і Нігерыя.
10 студзеня выбарчая камісія Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (былы Заір, або Конга Кіншасэ) назвала апазыцыйнага кандыдата Фэлікса Чысэкэдзі пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах. Кандыдат ад кіруючай партыі заняў толькі трэцяе месца, нягледзячы на падтрымку з Масквы.
Джозэф Кабіла, які пакідае сваю пасаду пасьля 18 гадоў кіраваньня, хацеў бачыць сваім пераемнікам былога міністра ўнутраных справаў Эмануэля Рамазан Шадары, але той набраў толькі каля чатырох з паловай мільёнаў галасоў, у той час як за Чысэкэдзі прагаласавалі больш за сем мільёнаў выбаршчыкаў.
У лістападзе 2017 года агенцтва Bloomberg апублікавала ўласнае расьсьледаваньне аб удзеле ў выбарах у Конга структур усё таго ж Прыгожына. Як сьцьвярджалі аўтары артыкула ў аўтарытэтным амэрыканскім выданьні, Масква падтрымлівала на выбарах кандыдата ад улады.
У апошнія пару гадоў Прыгожын імкнецца распаўсюдзіць уплыў Крамля на ўсю Афрыку, сьцьвярджае Bloomberg. Яго людзі нібыта працуюць ужо ў 10-15 афрыканскіх краінах, у першую чаргу ў ЦАР і Лібіі, а таксама ў Паўночным і Паўднёвым Судане, на Мадагаскары, у Анголе, Гвінэі, Гвінэі-Бісау, Мазамбіку, Зімбабвэ і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.
На думку Bloomberg, Крэмль зьвярнуў увагу на Афрыку як на багаты рэсурсамі рэгіён, атрыманьне ўплыву ў якім магло б часткова кампэнсаваць недахоп фінансавых і іншых рэсурсаў у глябальным спаборніцтве Расеі з Захадам. Гаворка ідзе пра здабычу ў афрыканскіх краінах карысных выкапняў і пастаўкі туды расейскай зброі.
Ня так даўно амэрыканская Washington Times і брытанскі таблёід The Sun пісалі пра намер Расеі трывала замацаваць сваю вайсковую прысутнасьць у Лібіі. The Sun сьцьвярджала, што дзясяткі агентаў ГУ Генштаба Расеі (былое ГРУ) і атрады расейскага спэцназа ўжо знаходзяцца на міжземнаморскім узьбярэжжы Лібіі, у Тобрук і Бэнгазі, карыстаючыся падтрымкай байцоў «ПГК Вагнэра».
Дакладна вядома, што пастаянныя кантакты паміж Масквой і кіраўніком так званай Нацыянальнай арміі Лібіі Галіфой Гафтарам, якога на Захадзе лічаць самым уплывовым тут палявых камандзірам, так пачасьціліся, што ЗША і NATO ўсур’ёз пачынаюць баяцца зьяўленьня расейскіх вайскова-марскіх і вайскова-паветраных баз на тэрыторыі гэтай краіны, з 2011 года расколатай грамадзянскай вайной.
10 студзеня цэнтар «Дасье» Хадаркоўскага прадставіў вынікі ўласнага расьсьледаваньня гібелі ў ЦАР 30 ліпеня 2018 расейскіх журналістаў Архана Джэмаля, Аляксандра Растаргуева і Кірыла Радчанкі. Яны прыляцелі ў ЦАР, каб зьняць дакумэнтальны фільм пра дзейнасьць у гэтай краіне «ПГК Вагнэра».
Цэнтар «Дасье» перадаў вынікі пяцімесяцовага расьсьледаваньня тэлеканалу «Настоящее время» (сумеснага праекта Радыё Свабода і Голасу Амэрыкі). Журналісты сьцьвярджаюць, што за здымачнай групай сачылі ад самага прыезду ў ЦАР, а іх забойства было не звычайным рабункам, як лічыць у тым ліку расейскае сьледзтва, а сплянаванай апэрацыяй. Расьсьледаваньне канстатуе, што за апэрацыяй стаялі зьвязаныя з Крамлём людзі.
У той жа дзень, 10 студзеня, стала вядома, што Расея можа пабудаваць у ЦАР сваю афіцыйную вайсковую базу. Міжурадавае пагадненьне аб вайсковым супрацоўніцтве паміж Расеяй і ЦАР было падпісана ў жніўні 2018 года. Пасьля гэтага ў краіне стварылі цэнтар навучаньня вайскоўцаў: расейскія інструктары навучаюць іх абыходжаньню са зброяй і мэтадам вядзеньня бою. Начальнік Генштаба ЦАР, па словах міністра абароны, прыяжджаў на навучаньне ў Расею.
* * *
Група Вагнэра дзейнічала на тэрыторыі Ўкраіны, а затым з 2014 года ў Сірыі, а цяпер яе байцы зьявіліся і ў Афрыцы. У чэрвені 2017 «ПВК Вагнэра» была ўключана ў санкцыйныя сьпісы ЗША. Такім чынам у пэўным сэнсе была легалізаваная яе назва, паколькі амэрыканскім бокам дадзеная арганізацыя была названая «Private Military Company (PMC) Wagner».
Існаваньне прыватных вайсковых кампаній у Расеі Крэмль афіцыйна адмаўляе. Аднак прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, камэнтуючы пытаньне аб ПВК на сваёй апошняй прэс-канфэрэнцыі, заявіў, што такія кампаніі маюць «права працаваць і прасоўваць свае бізнэс-інтарэсы ў любым пункце плянэты», калі не парушаюць расейскага заканадаўства.