Міністэрства аховы здароўя апублікавала 14 красавіка ў сваім Telegram-канале афіцыйную статыстыку распаўсюду новага каранавірусу ў Беларусі.
Паводле міністэрства, на раніцу 14 красавіка:
- 3281 выпадак каранавіруснай інфэкцыі зарэгістраваны агулам (міністэрства называе гэта колькасьцю «людзей з наяўнасьцю каранавіруснай інфэкцыі», уключае ў гэта выпісаных і памерлых);
- 2444 шпіталізаваныя, а ў астатніх «хвароба працякае ў лёгкай форме і яны лечацца амбуляторна»;
- зь іх 57 «маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх» (міністэрства не называе колькасьць пацыентаў у цяжкім і крытычным стане);
- 33 памерлі, і міністэрства сьцьвярджае, што памерлыя мелі«шэраг хранічных захворваньняў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй»;
- з гэтага і з ранейшых зьвестак вынікае, што ў Беларусі зафіксавалі 362 новыя выпадкі і 4 сьмерці за дзень;
- колькі «паправіліся і выпісаныя» пасьля лячэньня, міністэрства цяпер не паведамляе — днём раней пісалі, што такіх было 203, значыць, цяпер ня больш як 634 хворыя выпраўленыя дамоў, а агулам ня больш за 3045 пацыентаў застаюцца на лячэньні з каранавіруснай інфэкцыяй дома ці ў шпіталі (у сьвеце гэта завецца «актыўнымі выпадкамі»);
- у краіне ад пачатку эпідэміі праведзена 71 875 тэстаў у 17 лябараторыях.
Пазьней на відэатрансьляцыі брыфінгу Мінздароўя расказала пра такі распаўсюд COVID-19 па рэгіёнах:
- 1691 у Менску;
- 359 у Менскай вобласьці (бязь Менску);
- 848 у Віцебскай вобласьці;
- 151 у Магілёўскай вобласьці;
- 106 у Гомельскай вобласьці;
- 73 у Берасьцейскай вобласьці;
- 53 у Горадзенскай вобласьці.
Таксама на брыфінгу расказалі, што ў Беларусі зафіксавалі 10 выпадкаў COVID-19 у цяжарных жанчын і 80 выпадкаў у дзяцей.
***
Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
Днём раней міністэрства паведамляла пра 2919 выпадкаў каранавірусу (341 выпадак за дзень), 203 ачунялых і 29 памерлых.
11 красавіка місія Сусьветнай арганізацыі здароўя на брыфінгу расказала пра вынікі вывучэньня сытуацыі ў Беларусі, заклікала да дадатковых захадаў дыстанцыяваньня і да скасаваньня масавых мерапрыемстваў, а таксама да «падрыхтоўкі да найгоршых сцэнароў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўніца пра каранавірус у Баранавічах: «Статыстыка — гэта ня тое, што трэба ведаць людзям»На нарадзе зь міністрам аховы здароўя і шэрагам чыноўнікаў 13 красавіка Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг выказваньняў пра пандэмію каранавірусу.
- «Гэты псыхоз, асабліва каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусьцілі рукі. І ў лякарнях перасталі змагацца за сваё жыцьцё».
- «Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ». І не паміраў.
- «Мы ўжо знайшлі камбінацыі лекаў, каб ратаваць людзей» ад COVID-19.
- «У нас няма ніякай самаізаляцыі», «гэта фактычна амбуляторнае лячэньне».
- «Самаізаляцыя аж на 14 дзён» не патрэбна.
- «Мы дарогу да храма нікому не закрываем». «Я буду ў царкве. Гэта мая традыцыя. Я рэдка бываю, але на Раство і Вялікдзень я заўжды ў царкве».
- Беларускія СМІ «трэба кантраляваць». «І Камітэту дзяржбясьпекі больш жорстка тут, і міліцыі, і Мінінфарм няхай глядзіць за ўсімі».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.